Беларусь пад нямецкай акупацыяй
- Автор: Туронок Юрий
- Язык: белорусский
- Жанр: История
Электронная книга - «Беларусь пад нямецкай акупацыяй». Краткое содержание книги:
Праект Акінчыца, напэўна, ня быў адкрыцьцём для нямецкіх органаў, аднак ён судзейнічаў яго прызначэньню. У пачатку 1941 г. яму даручылі назіраньне за лягерамі польскіх ваеннапалонных і вэрбоўку тутэйшых беларусаў. Акінчыцу было даверана кіраўніцтва т. зв. курсамі прапагандыстаў пад Бэрлінам, дзе праходзілі навуку «ідэалягічныя кіраўнікі» для працы на Беларусі. Гэта была т. зв. школа Акінчыца, выхаванцы якой («маладыя актывісты») павінны былі рыхтаваць падмурак да рэалізацыі яго палітычных плянаў на Беларусі.
Трэцяе згуртаваньне прадстаўляў малады лекар Мікалай Шчорс, актыўны дзеяч Беларускага студэнцкага саюзу 30-х г. у Вільні, яго колькігадовы старшыня, ідэалягічны паплечнік кс. Гадлеўскага. У гэтую групоўку ўваходзілі многія дзеячы ў Варшаве (кс. Вінцэнт Гадлеўскі, кс. Пётар Татарыновіч, Часлаў Халяўка, Мікалай Ждановіч, Баляслаў Манкевіч, Барыс Стрэльчык, Петар Ластаўка і інш.), у Бэрліне (Мікалай Шкялёнак, Анатоль Шкутка, С. Грынкевіч-малодшы, Мікола Абрамчык і іншыя), у Лодзі (Вітаўт Тумаш) і ў іншых асяродках. Галоўным ідэолягам гэтай групы быў Гадлеўскі, які выступаў як прадстаўнік Беларускага нацыянальнага фронту. У Варшаве ён выдаў палітычную праграму згуртаваньня, яна распаўсюджвалася сярод беларусаў Нямеччыны, Генэральнага губэрнатарства, Чэхаславаччыны і Францыі. Чальцы гэтай групы займалі пераважную частку кіраўнічых пасад у беларускіх камітэтах, яны ж былі ядром рэдакцыйнага калектыву «Раніцы».
19.6.1941 г. галоўныя дзеячы гэтай групы стварылі ў Бэрліне арганізацыю пад назвай «Цэнтар», якая фармальна прэтэндавала на ролю кіраўніка, плянавальніка і каардынатара дзейнасьці беларускай эміграцыі ў Нямеччыне і Генэральным губэрнатарстве. Старшынём «Цэнтру» стаў Шчорс, а яго сябрамі — Халяўка, Гадлеўскі, Шкялёнак, Шкутка і Тумаш. Аднак стварэньне «Цэнтру» ледзь не за пару дзён да нападу на СССР сьведчыла, што яго галоўнай мэтай была ня дзейнасьць сярод эміграцыі, а каардынацыя працы па ходу заняцьця немцамі беларускіх земляў. Такім чынам, гэта быў орган, які ў спрыяльных умовах зьбіраўся абвесьціць сябе часовым урадам Беларусі. Паводле паведамленьня Ждановіча, блізкага супрацоўніка Шчорса, разьмеркаваньне пасад у гэтым урадзе было прадугледжана загадзя, яго ядро павінны былі скласьці сябры «Цэнтру».
У адрозьненьне ад Ермачэнка і Акінчыца, група Шчорса для рэалізацыі сваіх мэтаў арыентавалася на вайсковыя колы (Абвэр) і СД. Іх лёгіку лёгка зразумець: беларускія землі зоймуць нямецкія войскі і неадкладнае стварэньне беларускага часовага ўраду стане фактам, які будзе адбівацца на далейшых паводзінах акупацыйных уладаў. З гэтага гледзішча тактыка Шчорса, Гадлеўскага і іх паплечнікаў ня розьнілася ад дзейнасьці Літоўскага фронту вызваленьня (Lietuvos Islaisvinimo Frontas), які пры падтрымцы Абвэру ўтварыў літоўскі часовы ўрад на чале зь Ёзасам Амбразявічусам.
Супрацоўніцтва групы Шчорса і Абвэру распачалося ў другой палове 1940 г. Яно грунтавалася на вярбоўцы і перасылцы ў савецкую Беларусь агентаў, падрыхтаваных у абвэраўскім цэнтры ў г. Суляювэк пад Варшавай. Не пазьней як вясной 1941 г. група Шчорса пачала вэрбаваць добраахвотнікаў у дывэрсійныя падразьдзяленьні Абвэру. Быў створаны 50-асабовы атрад, які пасьля вучобы ў Лямсдорфе пад Аполем 18.6.1941 г. быў перакінуты церазь мяжу ў раёне Сувалак з заданьнем выканаць дывэрсіі на чыгуначнай лініі Стаўпцы — Баранавічы.[45] Ініцыятарам гэтай акцыі быў ксёндз Гадлеўскі, які бачыў у стварэньні дывэрсійнай групы пачатак «першай штурмавой роты» і зародак нацыянальных узброеных сілаў. Варшаўскі камітэт пры супрацоўніцтве з СД сфармаваў таксама групу зь некалькіх дзясяткаў чалавек для кіраваньня будучымі органамі адміністрацыі і паліцыі неадкладна пасьля прыходу на Беларусь нямецкіх войскаў.
Варта заўважыць, што беларускі палітычны дзеяч Радаслаў Астроўскі,[46] які адыграў асабліва важную ролю ў гісторыі акупацыі Беларусі, займаў у гэты час чакальную пазыцыю і афіцыйна не далучаўся да ніводнай з гэтых групаў. На працягу шматгадовай палітычнай кар’еры ён прызвычаіўся загадзя не выкладаць сваіх картаў на стол. У гэтым сэнсе ён быў куды больш абачлівы, чым астатнія прэтэндэнты на ўладу ў Беларусі, асабліва ў параўнаньні з Шчорсам і кс. Гадлеўскім, чые ініцыятывы, як выявілася, ня мелі за сабой ніякіх сапраўдных гарантыяў і абавязаньня зь нямецкага боку. Зрэшты, у Астроўскага былі і іншыя прычыны, каб ня ўдзельнічаць у такім спаборніцтве напярэдадні нападу на СССР. Большасьць яго прыхільнікаў засталася на радзіме, а ў эміграцыі ў яго быў непрымірымы праціўнік — ксёндз Гадлеўскі, які ня мог дараваць Астроўскаму супрацоўніцтва з камуністамі ў 1924–1927 г., а потым — з польскімі ўладамі. У новай сытуацыі Астроўскі палічыў за лепшае пазьбягаць скандалаў і даносаў. Таму ён не ўвайшоў у групу «Цэнтар» і замацаваўся на сьціплай пасадзе кіраўніка лодзьскага аддзяленьня самапомачы, а пазьней — тутэйшай Vertauenstelle і чакаў адпаведнага моманту.
45
Захаваўся пратакол, здабыты немцамі ў Менску, з тэкстам допыту савецкімі органамі аднаго з чальцоў гэтай дыверсійнай групы, Браніслава Валасэвіча. Ён быў чальцом польскага падпольля, уступіў у Беларускі камітэт у Варшаве, там яму дапамаглі знайсьці працу, а 10.6.1941 г. накіравалі на перанавучаньне ў Лямсдорф. Курс быў скончаны 13.6.1941 г. На допыце Валасэвіч назваў некалькі прозьвішчаў удзельнікаў сваёй групы (Сядынскі, Акінчык, Тачаноўскі, Станкевіч, Галчынскі). Увогуле церазь мяжу перакінулі ня ўсіх, а толькі 41 чалавека.
46
Радаслаў Астроўскі нар. 25.10.1897 г. у фальварку Запольле Слуцкага павету, скончыў гімназію ў Слуцку (1908), унівэрсытэт у Пецярбургу і Дэрпце (1908–1913), палітычны дзеяч у Слуцку і Менску (1917–1918), у войску ген. Дзянікіна (1920), дырэктар беларускай гімназіі ў Вільні (1924–1936), пераведзены ў адміністрацыйным парадку ў Лодзь (восень 1936). У лютым 1924 г. стаў заснавальнікам прапагандысцкага Польска-беларускага таварыства, пасьля яго распаду — супрацоўнік КП(б) Беларусі і КПЗБ, куратар падпольнага камсамолу ў гімназіі (1924–1925); чалец кіраўніцтва БСРГ і дырэктар Беларускага каапэратыўнага банку ў Вільні, празь які праходзілі сродкі з СССР на фінансаваньне Грамады (1925–1926); сябра КПЗБ (1926). Арыштаваны (студзень 1927) і абвінавачаны на працэсе Грамады. Зьмяніў свой палітычны кірунак і стаў арганізатарам і прапагандыстам супрацоўніцтва з санацыяй (1928–1936). Пасьля вайны — палітычны дзеяч у эміграцыі. Памёр 17.10.1976 г. у ЗША.