Беларусь пад нямецкай акупацыяй
- Автор: Туронок Юрий
- Язык: белорусский
- Жанр: История
Электронная книга - «Беларусь пад нямецкай акупацыяй». Краткое содержание книги:
На базе гэтых арганізацыяў утварылася некалькі згуртаваньняў, якія адлюстроўвалі палітычны расклад сілаў перад верасьнем 1939 г. Агульнай рысай гэтых групаў было жаданьне выступаць у ролі прадстаўнікоў беларускага народу і патэнцыйных палітычных партнэраў Нямеччыны і навязаць нямецкім уладам аптымальныя, на іх погляд, рэцэпты вырашэньня беларускага пытаньня пасьля спадзяванага разгрому СССР. Групы гэтыя імкнуліся здабыць у немцаў прызнаньне і падтрымку, разьлічваючы дасягнуць галоўнага палітычнага ўплыву ў Беларусі пасьля таго, як яе зоймуць нямецкія войскі. Разьвілася своеасаблівая канкурэнцыя за права выкарыстаньня найбольш абяцальных магчымасьцяў у апараце Трэцяга райху. Стаўкі былі розныя, бо аніводная нямецкая партыйная, вайсковая або ўрадавая інстанцыя ня ў стане была ясна выказацца наконт будучага лёсу Беларусі.
Рана распачаў такую дзейнасьць доктар Іван Ермачэнка[44] — галоўны дзеяч беларускага асяродзьдзя ў Празе. Там ён прыцягнуў да супрацоўніцтва старога Васіля Захарку — сымбалічнага лідэра БНР у эміграцыі, спадзеючыся такім чынам надаць сваім пачынаньням характар гістарычнай пераемнасьці. Пасьля заняцьця Чэхіі нямецкімі войскамі 20.4.1939 г. Гітлеру быў пасланы мэмарыял, апрацаваны Ермачэнкам і падпісаны Захаркам. З фрагмэнтаў, апублікаваных Васілём Раманоўскім, вынікае, што аўтар мэмарыялу зьвяртаўся да Гітлера з просьбай прыняць пад увагу беларускае пытаньне ў плянаваным разгроме і разьдзяленьні СССР. Мэмарыял гэты ня быў праігнараваны, пра што сьведчаць пазьнейшыя размовы Ермачэнкі і Захаркі з былым нямецкім амбасадарам у Празе Андарам фон Генке летам 1939 г. У выніку, беларускіх дзеячоў запрасілі 3.8.1939 г. на канфэрэнцыю ў міністэрстве замежных спраў у Бэрліне, дзе іх запэўнілі, што Нямеччына супрацьстаіць канцэпцыі «адзінай і непадзельнай Расеі». На гэтай канфэрэнцыі Ермачэнка і Захарка прадставілі сваю праграму беларуска-нямецкага супрацоўніцтва.
Ермачэнка ў 1940–1941 г. займаўся арганізацыяй беларускіх лекараў у Нямеччыне ў супрацоўніцтве з доктарам Ватэрам, які ў сярэдзіне 1941 г. заняў у міністэрстве акупаваных усходніх земляў пасаду загадчыка аддзелу, што сачыў за дзейнасьцю аддзяленьняў самапомачы на акупаваных землях СССР. Адначасова Ермачэнка працягваў кантакт з прафэсарам Мэндэ, маючы зь ім «частыя размовы наконт гісторыі і становішча на Беларусі». Прафэсар таксама заняў высокую пасаду ў міністэрстве Розэнбэрга. Гэтыя сувязі спрыялі будучай кар’еры Ермачэнкі.
Фабіян Акінчыц у сваю чаргу рабіў стаўку на партыю нацыянал-сацыялістаў і падтрымліваў кантакт зь яе ўсходнім аддзелам. Аднак шанцы яго паступова слабелі. Няўдалая спроба стварэньня беларускай партыі нацыянал-сацыялістаў, а таксама фіяска яго праекту па фармаваньні дывэрсійнай групы ў тыле нямецка-польскага фронту зрабілі яму славу афэрыста. У Акінчыца сярод беларускай эміграцыі было мала прыхільнікаў. Гэта стала адной з прычынаў распаўсюджваньня ягонай не найлепшай рэпутацыі. Таму неўзабаве пасьля прызначэньня на пост кіраўніка Беларускага прадстаўніцтва яго звольнілі і адсунулі на задні плян. Вясной 1940 г. Акінчыц узначаліў Беларускі камітэт у Варшаве, адсунуўшы з пасады ранейшага яго старшыню, доктара Мікалая Шчорса, аднак ужо ў сярэдзіне 1940 г. вымушаны быў пакінуць Варшаву. Сталася гэта пасьля ўмяшаньня ў справу варшаўскай службы бясьпекі (СД), якая вярнула Шчорса на ранейшае месца, бо, на думку былых кампэтэнтных дзеячоў Камітэту, «Шчорс хоць нешта зь сябе ўяўляў, у той час як Акінчыц — нічога».
У Бэрліне пры канцы 1940 і на пачатку 1941 г. Акінчыц пісаў ува ўсходні аддзел нацысцкай партыі даносы шмат на каго зь беларускіх эміграцыйных дзеячоў, рабіў прапановы іх выцясьненьня і замены сваімі людзьмі. У сваім рапарце ад 1.11.1940 г. ён прапанаваў, між іншым, праект заданьняў для беларускіх нацыянал-сацыялістаў, у якім прадугледжвалася:
- арганізацыя курсаў для падрыхтоўкі будучых палітыкаў, я адміністрацыйных дзеячоў, публіцыстаў і журналістаў;
- перанавучаньне ваеннапалонных беларускай нацыянальнасьці;
- арганізацыя курсаў ваеннай падрыхтоўкі, шпіёнскай і прапагандысцкай дзейнасьці супраць савецкай Беларусі, адпраўка перавучаных кадраў на тэрыторыю СССР для тэрарыстычных і сабатажных мэтаў.
44
Іван Ермачэнка нарадзіўся 1.5.1894 г. у Капачоўцы Барысаўскага павету, скончыў гімназію ў Маскве, потым, у часе Першай сусьветнай вайны, афіцэрскую школу, служыў у расейскім войску, пад канец вайны быў ад’ютантам генэрала Ўрангеля, меў ранг палкоўніка. У 1920 г. эвакуяваўся ў Канстантынопаль, дзе з даручэньня ўраду БНР выконваў функцыі генэральнага консула на Балканах. У 1922 г. пераехаў у Прагу. Тут атрымаў мэдычную адукацыю (1929), займаўся лекарскай практыкай і палітычнай дзейнасьцю сярод беларускай эміграцыі. З 1938 г. — прыхільнік беларуска-нямецкага супрацоўніцтва. Пасьля Другой сусьветнай вайны жыў у эміграцыі ў ЗША. Памёр 25.2.1970 г.