Скокі смерці. Ночы на Плябанскіх млынах. Старасвецкія міфы горада Б*. Апавяданні
- Автор: Рублевская Людьмила Ивановна
- Год: 2014
- Язык: белорусский
- Год: Мастацкая літаратура
- ISBN: 978-985-02-1428-7
- Жанр: Современная русская и зарубежная проза
Электронная книга - «Скокі смерці. Ночы на Плябанскіх млынах. Старасвецкія міфы горада Б*. Апавяданні». Краткое содержание книги:
Пасля нядаўніх рэвалюцыйных падзеяў, залітай крывёю курлоўскага расстрэлу прывакзальнай плошчы, у мяне асаблівых ілюзіяў на лаяльнасць уладаў не было. Да таго ж мой настрой не пасаваўся да баляў. Але — я лічыў сябе абавязаным падтрымаць землякоў. Дый пан Любанскі славіўся гэткім эксцэнтрычным дэмакратам-арыстакратам. Хадзілі чуткі, што ён дае грошы эсэрам. А ягонае захапленне роварамі... Велатрэк, зладжаны ў Лошыцы... Дзівосны сад...
І вось я стаяў, прыціснуты да псеўдамармуровай калоны, абвітай псеўдаплюшчам Лошыцкай сядзібы, аглушаны духавым аркестрам і нашэптваннямі ў самае вуха аднаго з арганізатараў зніклага таварыства, і шчыра мроіў апынуцца як мага далей... Што мне да мясцовых плётак? Яўстафій Любанскі, мажны вусач, сапраўды не хаваў мілосных адносінаў да сваёй юнай пані. Ядвіга, у дзявоцтве — Кіневіч, была дачкой правадыра мазырскай шляхты і гадоў на сямнаццаць маладзейшая за мужа. Беласкурая, цемнавокая, зграбная... Рухалася, як ласка па снезе. Спешчанае дзіця... Сакатала, смяялася, ганарыста закідваючы галоўку з акуратна ўкладзенымі ў высокую мудрагелістую прычоску цёмнымі валасамі. Мне пані Ядвіга нагадала гераіню верша Міцкевіча «Сыны Будрыса». Памятаеце: белая, як смятана, чорныя вочы, рухавая, нібы котка. Пан Яўстафій прывёз ёй з Японіі дзівоснае дрэўца — магнолію кобус, яе яшчэ называюць маньчжурскім абрыкосам. Яна цвіце раз на год. Падоранае дрэўца цвіло менавіта ў дзень народзінаў пані. Відаць, з гэтае нагоды пані Любанская апранулася ў нешта страката-экзатычнае, што мусіла на ейную думку перадаваць японскі дух... Наконт палюбоўнікаў пані версій мелася — як наконт паходжання санскрыту. Паказвалі мне на самога губернатара, Мусіна-Пушкіна, і на графа Чапскага, уладальніка знакамітых бровараў... Смешна — яны былі нашмат старэй за пана Яўстафія.
Я не вельмі ўслухоўваўся ў так званую «свецкую балбатню», успамінаючы сваю Надзею, якая зараз, напэўна, сумна сядзіць ля акна з відам на брудную Мойку... Дарэчы, ты, Дарота, вельмі нагадваеш мне маю Надзею... Тыя ж вялікія задуменныя вочы, чысты высокі лоб, нібыта створаны для высокіх думак... Але — я адхіліўся. Між тым над Лошыцай, як дым ад таемнага купальскага вогнішча, згушчаўся прыцемак, і пачаўся адзін з сюрпрызаў вечарын — загарэліся гірлянды электрычных кітайскіх ліхтарыкаў, падвешаныя на верандзе і ў садзе. Пані Ядвіга ў сваёй стракатай шаўковай сукенцы з шырокімі рукавамі, як трапічны матыль, павольна паднялася на цяпер ярка асветленую круглую пляцоўку з невысокай балюстрадай — на ёй звычайна іграў аркестр. Пан Яўстафій стаяў непадалёк ад мяне — я заўважыў яго позірк, скіраваны на жонку. Бог ты мой, якое каханне! З амаль кашчунным захапленнем і незразумелай тугою... Калі на свеце бывае такое каханне, свет ніколі не скончыцца, і ніколі не скончыцца ў ім боль і пралітая кроў.
Прыслужнікі вынеслі расцягнуты на шастах экран з белай паперы — напэўна, дарагі гатунак рысавай,— і паставілі перад пляцоўкай, так, што схавалі яе ад вачэй глядачоў. Раптам усе ліхтары згаслі, але ў той жа момант за экранам запаліўся яркі сафіт... На белай паверхні экрана вымаляваўся амаль неверагодна дакладны цень пані Ядвігі... Цяпер пані трымала ў адной руцэ японскі парасон, у другой — веер, і вытанчана рухалася пад музыку. Гледачы запляскалі ў ладкі, вітаючы гэткі нечаканы тэатр ценяў. І зноў запаліліся ліхтары, і зноў згаслі...
Жывыя карціны змянялі адна другую. Танцаўшчыцы згіналіся ў экзатычных фігурах танца, самураі біліся на мячах, «рабілі» сабе харакіры... Цемра змянялася святлом, цені — фарбамі. Відовішча зачароўвала, так што нават я — дасюль сорамна — на нейкі час забыўся на тую, што думала пра мяне за сотні вёрст адсюль... І зноў згаслі ліхтарыкі... І на асветленым экране паказалася чарговая карціна — пацалунак жарсці... Чалавек у касцюме самурая, плячысты і высокі, цалаваў прагна, уладна... Каго? Так, гэта была пані Ядвіга. Немагчыма было зблытаць ейную паставу, прычоску, узорыстую сукенку... Дзве цені, злітыя ў адно, застылі на экране, і гэтак жа застылі гледачы... Гэта была больш чым гульня.