Скокі смерці. Ночы на Плябанскіх млынах. Старасвецкія міфы горада Б*. Апавяданні
- Автор: Рублевская Людьмила Ивановна
- Год: 2014
- Язык: белорусский
- Год: Мастацкая літаратура
- ISBN: 978-985-02-1428-7
- Жанр: Современная русская и зарубежная проза
Электронная книга - «Скокі смерці. Ночы на Плябанскіх млынах. Старасвецкія міфы горада Б*. Апавяданні». Краткое содержание книги:
— Ведаеш,— прамовіла Антошка такім разгубленым і вінаватым голасам,— а я замужам... Ужо тыдзень... Тут такія абставіны... Не ведаю, ці атрымаецца прыйсці... Прабач.
Недзе праз паўгода Антошка пазваніла і коратка паведаміла, што нарадзіла сына, якога назвалі Вітаўтам, што жывуць яны то ў яе бацькоў, то ў бацькоў мужа — былога аднакурсніка. А калі адбывалася чарговае непаразуменне між старэйшым і малодшым пакаленнямі, і рэчы маладых аказваліся выстаўленымі на лесвічную пляцоўку, Антошка казала: «Пэўна, так трэба...» — і перадыслацыроўвалася са сваёй сям’ёй да тых бацькоў, якія выганялі іx мінулы раз. Мусіць, на адносіны пакаленняў уплывала і тая акалічнасць, што Антошка з мужам ніяк не маглі ўладкавацца на працу. Але самае галоўнае — яны ўдваіх іграюць у народным тэатры, і ў іx маса творчых планаў, і ўвогуле — жыццё цудоўнае! Сустрэнемся каля Ге!
Прайшло гады два. Антошка зycім знікла з майго жыцця. Раптам я ўбачыла яе ў адной выпадковай для мяне кампаніі, як я іx называю, «будыстаў-ёгістаў». З Антошкай быў яе муж, Хведар, як высветлілася, дакладная яе копія, толькі на паўметра вышэйшы. Абое «рыжыкі» з захоплена-ўзнёслымі тварамі пагойдваліся ў рытме медытатыўнай музыкі і спявалі мантры. Антошка пазнала мяне і зараз жа, прысеўшы на бакавіну майго фатэля, абрынула сваю «інфармацыю». Яны з Хведарам толькі цяпер знайшлі сэнс жыцця, пазнаёміліся з касмічнымі пacpэднікaмі і кожны вечар праводзяць сеансы сувязі з вышэйшым настаўнікам (як я зразумела, чамусьці з дапамогай звычайнай спірытычнай дошкі). Прычым гэты настаўнік загадаў усёй іхняй кампаніі неадкладна адпраўляцца на натуральнае жыццё ў сакральнае месца, каб выканаць касмічную Міcію. Месца, адведзенае для выканання Mіcіі, было на Алтаі.
— Мы ад’язджаем праз два тыдні! Будзем там жыць у намётах, вырошчваць сабе ежу і здабываць агонь! — захлыналася Антошка.— Федзя пачне пісаць вершы, Аксана, галоўная наша сувязная, складзе кнігу прадказанняў. Мы бяром з сабою музычныя інструменты, будзем сачыняць музыку! Дзеці паедуць з намі! Вітаўт наш вырасце гарманічным чалавекам!
Антошка шчабятала, а я з жахам глядзела на яе круглы жывоцік: месяцаў шэсць будзе, пэўна... Перахапіўшы мой позірк, Антошка жыццярадасна паведаміла, што яе Хведар чытае спецыяльную літаратуру, каб прыняць роды ў намёце...
Пра Ге і «Пацалунак Юды» я нават не рэкнула.
Недзе праз год Антошка аб’явілася зноў.
— Ну, з кім цябе віншаваць — хлопчык? Дзяўчынка?
— А, ведаеш, нічога не атрымалася... Пэўна, так трэба...
Голас крыху здрыгануўся, і зноў — інфармацыя, інфармацыя... Уладкаваліся ў прыватны лялечны тэатр, ездзяць па школах, дзіцячых садках... Антошка атрымала ролі Бабы Ягі і Лісічкі, усё цудоўна, толькі з лялькамі цяжка ўпраўляцца... Далей высветлілася, што жывуць пакуль на дачы сяброў — свякруха са свёкрам выгналі «прыпыленую» нявестку, а Антошкіны бацькі з такой жа насалодай спусцілі з лесвіцы «вальтанутага» зяця.
— Збіраемся ехаць жыць у вёску,— «парадавала» мяне Антошка.— Праўда, мы ніколі раней не жылі ў вёсцы, але я адчуваю, наша карма — працаваць на зямлі...
Прайшоў яшчэ год. За гэты час прыватны лялечны тэатр, у якім працавалі «рыжыкі», прагарэў, і яны сапраўды паехалі на вёску і некалькі месяцаў спрабавалі нешта вырасціць на запушчаным агародзе пакінутай хаты і нават завялі курэй. Малы Вітаўт гадаваўся ў адной з бабуль. Пасля, як я даведвалася з рэдкіх званкоў Антошкі, спрабавалі яны жыць з мужам паасобку — кожны ў сваіх бацькоў. Але, пэўна, звёў іx лёс назаўжды — не змаглі... Спрабавалі працаваць па cвaіx інжынерскіх спецыяльнасцях — ды ўсё ненадоўга. Ездзілі ў Cібіp збіраць кедравыя арэшкі — на дарогу патрацілі болей, чым зарабілі... Закупілі «тавару» і павезлі за мяжу — у памежжы нарваліся на банду рэкеціраў, якія тавар «сканфіскавалі», заплаціўшы кухталямі ды мацюкамі. Спрабавалі нават праз ваенкамат завербавацца ў якуюсь «гарачую кропку»... Але ж і ў ваенкамаце ёсць недурныя людзі... Атабарыліся нарэшце ў бедным палескім калгace.
— Ты абавязкова павінна да нас прыехаць! — захоплена крычала Антошка на тым канцы тэлефоннага провада.— Якія тут мясціны! Адчуваеш прысутнасць Бога! У нас ёсць свой Дом! Хопіць месца ўсім!
І — як заўсёды: творчыя планы — збіраюцца ставіць спектакль, сачыняюць музыку, пішуць вершы...
Маладосць аблятае, як лісты з дрэва. Вось, здаецца, яно ўсё яшчэ зялёнае і трапяткое, а лісты зрабіліся жорсткімі і запыленымі, а вось першая жаўцізна кранула вершаліну... Зляцеў ліст, другі... Шамаціць восеньскае золата... Здаецца, нічога не мяняецца, а шаты з кожнай раніцай усё празрысцей, усё цішэй, і вось паказаўся голы пруток галінкі... Аднойчы зірнеш за акно — а там на месцы прыгажуні бярозкі толькі голы чорны каркас, такі безабаронны і непрывабны...