Скокі смерці. Ночы на Плябанскіх млынах. Старасвецкія міфы горада Б*. Апавяданні
- Автор: Рублевская Людьмила Ивановна
- Год: 2014
- Язык: белорусский
- Год: Мастацкая літаратура
- ISBN: 978-985-02-1428-7
- Жанр: Современная русская и зарубежная проза
Электронная книга - «Скокі смерці. Ночы на Плябанскіх млынах. Старасвецкія міфы горада Б*. Апавяданні». Краткое содержание книги:
Таму што не можа быць праўдай благая вестка, якая дайшла да суседзяў, што быццам Элачка ўтапілася ў cвaім цёплым родным моры... Тым больш што суседка не ўпэўнена, ці то наша Элачка загінyла, ці то ейная цёзка...
Не люблю вялікіх і яркіх карцін.
У мастацкім музеі я ўпадабала невялічкае палатно расійскага мастака Ге «Пацалунак Юды». Хутчэй за ўсё не карціну, а эцюд. Пэўна, і спадабалася мне менавіта недагаворанасць, незавершанасць... Леанарда да Вінчы нездарма paіў маладым мастакам разглядаць узоры плесні на сцяне. Гадзінамі стаяла я і глядзела на прывіднае месячнае святло Гефсіманскага саду, залацістую лёгкую постаць Іcyca і прыпаўшую да яе халодна-зеленаватую фігуру Юды — быццам светлая палаючая свечка, і спаўзае з яе змяшаны з попелам нагар... Гэта была мая таямніца. Насуперак нуднай працы, вечнаму недахопу грошай, модным вясёлым кампаніям, у якія ці то мяне не прымалі, ці то ад «гонару бедных» не ішла сама... Кожную суботу я прыязджала ў музей, на спатканне з Ге, з мастацтвам, з Вечнасцю... Божа, як я хвалявалася! Як гарэлі шчокі! Хіба гэта можна было параўнаць з дыскатэчным каханнем маіх равесніц? Аднойчы стаяла я перад сваёй улюбёнай карцінай і цешылася ўласнай выключнасцю. Побач са мною спынілася худзенькая рудая дзяўчынка з вострым носікам у рабацінках і вялікім усмешлівым ротам. Адзенне, як і ў мяне, «з прэтэнзіяй на мастацкасць»: пастэльныя колеры, вязаны шалік, самаробная біжутэрыя — скура, дрэва, макрамэ... Незнаёмка захоплена пазірала на здрадны пацалунак Юды — пасля я даведалася, што гэтак жа захоплена яна ўмее пазіраць на ўсе з’явы жыцця.
— Якая таямнічая карціна!
Я скасавурылася на рудую энтузіястку. Слоўца за слоўца, разгаварыліся... Родная душа! А як завуць?
— Антошка!
Убачыўшы маё здзіўленне, засмяялася і растлумачыла:
— Ну, на самай справе — Антаніна... Але ўсё-ткі Антошка!
І зноў звонкі смех, і рабацінкі, здаецца, таксама рассмяяліся, рассыпаліся звонкім золатам...
Лёс Антошкі быў падобны на мой. Гэтаксама спрабавала сёлета паступіць у інстытут, не паступіла — і цяпер працавала «на вытворчасці» ці то лабаранткай, ці то чарцёжніцай... Праца была не больш, чым «службай», а дом — не больш, чым месцам пражывання: бацькі прысвяцілі жыццё хворай старэйшай сястры Антошкі. Але задзірыстая, абаяльная энергія маёй новай знаёмай знаходзіла сабе выйсце ў наведванні не толькі мастацкага музея, але ўcіx імпрэз, што адбываліся ў горадзе, а таксама гурткоў макрамэ, фларыстыкі, вязання, курсаў ангельскай мовы і студыі бальных танцаў... І ўсё — з усмешкай і захопленасцю...
Дзе мы толькі не пабывалі з Антошкай! У цырку яна пацягнула мяне ў службовы ўваход і за пятнаццаць хвілін антракту пазнаёмілася з джыгітамі і іx коньмі, атрымала ад маленькага чарнявага наездніка яблык і скарміла беламу каню сваё марозіва... Праз знаёмых знаёмых даставала Антошка запрашэнні на прэзентацыі тэатральных спектакляў і выстаў, у мастакоўскія майстэрні і дыскусійныя клубы. Мы пачалі хадзіць у турпаходы і спазналі свет людзей, паглынутых стыхіяй Здаровага Ладу Жыцця — там богам быў Поль Брэг, а евангельскімі запаветамі — раздзельнае харчаванне і галаданне.
Званіў тэлефон, я падымала трубку і чула аптымістычны заклік:
— Сустракаемся каля «Пацалунка Юды»! У пяць гадзін!
Колькі ўсяго напісана і нагаворана пра жаночае сяброўства! Помніцца, у адным савецкім дэтэктыве на гэтую тэму выказваецца ўладальніца прыватнай крамы капелюшоў. Маўляў, дваццаць год прадае капялюшы дамам, і ніводная жанчына не выбірала капялюшык без сяброўкі, і ніводная сяброўка не дала правільнай парады. А сур’ёзна? Калі ў жанчыны з’яўляецца сям’я — муж, дзеці, усе яе знаёмствы аўтаматычна адыходзяць (павінны адыходзіць) на другі план. Пэўна, тут дзейнічае інстынкт, які і робіць жанчыну захавальніцай і выратавальніцай чалавецтва. А вось мужчыны так любяць і пасля жаніцьбы падтрымліваць «сапраўдную мужчынскую дружбу» і даказваць верным сябрукам, што жонка яго не «акруціла» і не «ўзяла пад абцас», і ўвогуле ён — гаспадар свайго жыцця... І няхай «яна» хоць лопне са злосці са сваімі сумнымі хатнімі справамі, а рушыць святое не дамо! (А святое, між тым, і рушыцца...)
Я паступіла ў той інстытут, які хацела, у чужым вялікім горадзе. Антошку ў яе запаветны тэатральна-мастацкі не прынялі, і бацькі «паступілі» яе ў малацікавую навучальную ўстанову вытворчага профілю. Усё радзей я чула ў свае таксама нячастыя наезды звонкагалосыя запрашэнні сустрэцца, і спатканні ля Ге амаль перарваліся... Нарэшце я патэлефанавала Антошцы, каб запрасіць яе на сваё вяселле...