Поўны збор твораў у чатырнаццаці тамах. Том 1
- Автор: Быков Василь Владимирович
- Год: 2005
- Язык: белорусский
- Год: Саюз беларускіх пісьменьнікаў
- ISBN: 5-9691-0073-0
- Жанр: Военная проза
Электронная книга - «Поўны збор твораў у чатырнаццаці тамах. Том 1». Краткое содержание книги:
У першы том Поўнага збору твораў увайшлі аповесьці «Афганец» (1998 г.), «Ваўчыная яма» (1998 г.), а таксама апавяданньні і прыпавесьці, напісаныя ў 90-х і 2000-х гадах.
Зусім ужо блізка было да норкі, як кошка ўсё ж дагнала яе і дужа ўпілася кіпцюрамі ў хрыбціну. Мышцы стала дужа балюча, і яна аж перастала дыхаць. Але неўзабаве і супакоілася, бо кошка ўсё не сьпяшалася яе хрумстаць. Пэўна, то была добрая кошачка, яна толькі хацела пагуляць з мышкай. Тады мышка зьнерухомела і, бы нежывая, перавярнулася лапкамі ўгору. Тое, відаць па ўсім, спадабалася кошцы, якая абедзьвюма лапкамі пачала кідаць з боку на бок маленькую сымулянтку, бы запрашаючы яе да гульні. Гуляць мышка ўвогуле любіла, і, хоць цяпер і баялася трохі, але ўсё не магла паверыць у кепскае. Ужо надта лагодна, бяз злосьці ставілася да яе ладная кошачка, няўжо гэткая можа зьесьці рахманую мышку?
Мусіць, мышка магла б яшчэ ўцячы, асабліва калі ў гэтай гульні апыналася бліз лапухоў, ды ў яе ўсё не ставала рашучасьці. Зноў жа, яна была аптымістка, дагэтуль жа нічога кепскага зь ёй не здарылася. Але во кошка ці, можа, таму што нагулялася, ці зь якой іншай прычыны, дужа цяўкнула мышку ля шыі — ад болю ў той аж памутнела ўваччу. Кошка тым часам паклала мышку ля ног, азірнулася па бакох, — падобна, яна адпачывала. Ці можа, разважала, каб пусьціць мышку? Павінна была б пусьціць, бо мышцы было блага, наўрад ці яна цяпер магла б уцячы. Але яна спадзявалася.
Яна верыла ў дабрыню, тым болей ад такой ладнай маладой кошкі, якой яна не зрабіла нічога кепскага. Нават не раззлавалася на яе. Мышка разумела, што ўвогуле кошкі — ворагі мышак, але ж, мусіць, і кошкі бываюць розныя: злыя і добрыя. Таксама, як і мышы. Яна во, напрыклад, зусім добрая мышка, нікому ніякага зла не ўчыніла. Не пакрыўдзіла ніводнае кошкі. Навошта ж кошцы забіваць яе? Каб папалуднаваць? Але ж тое можна зрабіць зь якой іншай мышкай, не абавязкова зь ёю.
Кошка ўсё азіралася па бакох, нібы чакаючы чаго, а мышка нерухома ляжала ў доле і разважала. Разважала пра справядлівасьць. Усё ж несправядліва ўладкаваны сьвет, калі адныя істоты дужыя і нахабныя, а іншыя слабыя і палахлівыя. Слабым і палахлівым жывецца кепска, і мусіць, таму яны дбаюць пра справядлівасьць, дабрыню і спагаду. Ды дужыя не зважаюць на тое. А і праўда, нашто дужым спагада? Дужым патрэбна яшчэ болей сілы, бо сілу сіла дае. А што во рабіць беднай мышцы, у якой ці не зусім перакушаны карак?
Але ж кошка зусім ня страшная, нават прыгожая — і пыска, і вусікі, хаця навошта яна аблізваецца? Што тое значыць?
І раптам кошка страпянулася, зыркнула касымі вочкамі ў бок недалёкага ганку. Мышка сьцялася ўсім сваім маленькім цельцам — на ганку, пагрозьліва выгнуўшы хвост, стаяў страшны мардаты кот; мабыць, ён ужо згледзеў наводдаль кошку зь небаракай-мышкай. Кошка, пэўна ж, спалохаўшыся, дужа хапнула зубамі мышку і кінулася пад лапухі.
Там яна разам прыкончыла бедную мышку, апошняй думкай якой было: добра, што яны ўратаваліся ад ката.
Мышка да канца заставалася аптымісткай.
Пагібель зайца
Усю ноч напярэдадні сьмяротнага пакараньня заяц ня спаў — сядзеў апанурыўшыся пад роснай хваіной, думаў. Думаў, аднак, не пра заўтрашнюю пагібель, а пра свой няўдалы, пагібельны лёс.
Пачалося ўсё год таму, напрадвесьні, як па лесе пракацілася пагалоска, што на прырэчнай баравінцы зьбіраюцца лесавыя зьвяры, каб вырашыць штось важнае і абавязковае. Заяц хацеў ня йсьці. Што ён — дурны? Хай ідуць і вырашаюць сьмелыя і дужыя — ваўкі, мядзьведзі, лісы.
Ён жа толькі заяц — самы слабы, палахлівы, прыгнечаны. Але зайчыха тады сказала: ідзі, бо яны там бяз нас могуць вырашыць зьвесьці ўвесь заечы род. Хто абароніць?
I ён пайшоў. Прыскакаў і сеў зводдаль на куп’істай імшарыне, пачаў слухаць. Першым выступіў, канешне ж, самы дужы і сьмелы — мядзьведзь. Абцёр кіпцюрыстаю лапай сытую пысу і пачаў даводзіць, што жыць у безуладдзі нягожа, што ўсе ў навакольных лясох інтэгруюцца, ладзяць моцную ўладу — цывілізуюцца. Як і ў людзей. Трэба і ім так. Для таго сёньня неабходна абраць галоўнага Ўпраўцу. Тут жа раздаліся глухаватыя воплескі ўхвалы, і ліска Дзям’янаўна адразу запрапанавала Ўпраўцам абраць мядзьведзя. Мядзьведзь падзякаваў за давер ды адмовіўся. Сказаў, што стары, хворы, сілы стала зусім мала. Учора на ўзьлеску ня здолеў задраць калгаснага быка — гэтак занядужаў мядзьведзь. Тады запрапанавалі шэрага ваўка. Ужо гэты ў самай сіле і задзярэ, каго схоча. За тое лета перадраў ці ня ўвесь калгасны авечы статак. Зьвяры памеркавалі ды адкінулі прапанову наконт шэрага — разважылі так: гэты можа перадраць і ўсё зьвяр’ё ў лесе. Толькі дай яму ўладу. Тады хтось запрапанаваў зайца.
З нечаканкі заяц аж падскочыў на купіне — такога ён не прадбачыў. Ад зьдзіўленьня і хваляваньня ў яго зацяла дых, і ён нічога ня мог сказаць — ні пагадзіцца, ні адмовіцца. Ягоная маўчанка была зразуметая як згода, і зайца прызначылі галоўным Упраўцам ляснога зьвяр’я.