Поўны збор твораў у чатырнаццаці тамах. Том 1
- Автор: Быков Василь Владимирович
- Год: 2005
- Язык: белорусский
- Год: Саюз беларускіх пісьменьнікаў
- ISBN: 5-9691-0073-0
- Жанр: Военная проза
Электронная книга - «Поўны збор твораў у чатырнаццаці тамах. Том 1». Краткое содержание книги:
У першы том Поўнага збору твораў увайшлі аповесьці «Афганец» (1998 г.), «Ваўчыная яма» (1998 г.), а таксама апавяданньні і прыпавесьці, напісаныя ў 90-х і 2000-х гадах.
Нарэшце Хвастаты свайго дачакаўся.
Як толькі ў канторцы патухла сьвятло і сьціхлі цяжкія крокі Вусатага, ён выбраўся з нары. Шлях уздоўж плінтуса быў яму добра знаёмы, жалезныя дзьверы былі поруч. Яшчэ ў нары ён адчуў, што сёньня штосьці павінна здарыцца — штось доўгачаканае і радаснае. Так яно і атрымалася: жалезныя дзьверы былі не зачыненыя. Мабыць, сьпяшаючыся, Вусаты толькі прычыніў іх, пакінуўшы нешырокую шчыліну, у якую лёгка прашчаміўся Хвастаты.
У прасторнай секцыі складу стала і яшчэ болей прасторна, шмат якія скрынкі і штабялі адсюль вывезьлі. Хвастаты хутка праскочыў па вузкім праходзе ў дальні куток, дзе яго, аднак, чакала вялікае расчараваыьне — кардонных каробак на ранейшым месцы не аказалася. На іх месцы стаяў шэраг шкляных бутляў, ад якіх ішоў агідны ядавіты смурод. Хвастаты кінуўся сюды-туды па праходах, і ў адным месцы, бліжэй да выхаду, адчуў, як запахла знаёмым. Слабы пах сьвежага сыру ішоў аднекуль зьверху. У секцыі панаваў паўзмрок, слаба сьвяціла цьмяная лямпачка, што-кольвечы згледзець было нельга. Але Хвастаты быў разумны пацук і хутка зразумеў, што гэта пахла з вялізнай, пастаўленай на папа, мэталічнай бочкі. Але як узьлезьці туды? Па металу пацукі лезьці не маглі, ня мог лазіць па ім і Хвастаты. Але ён быў таксама пацук вынаходлівы і хутка сьцяміў, што залезьці можна па скрынках, якія бязладна грувасьціліся ля самай бочкі. Драўляныя гэтыя скрынкі былі пустыя, некаторыя паламаныя, і пацук хутка ўзьлез па іх на самы іх верх. Побач была бочка, і з яе ішоў яшчэ больш, чым унізе, павабны пах сыру. Ну ведама, вялікі кавалак сыру бялеў у змроку на канцы недаўгой дошчачкі, якая ляжала над бочкай. Другі яе канец апынуўся якраз пад пацучынымі лапамі. Дошчачка была здатнай шырыні, каб з яе не зваліцца, і Хвастаты ня надта таропка, але і не марудзячы, падаўся да сыру.
I тут здарылася штось незразумелае — дошчачка раптам перакулілася, і Хвастаты ўніз галавой паляцеў у бочку. Дошчачка адразу ж вярнулася ў ранейшы стан, забраўшы з сабою сыр.
Нейкі час Хвастаты быў у шоку — такога ён не чакаў. Заўжды ён умеў абмінаць самыя хітрыя пасткі, ніколі не дакранаўся да самых апетытных прыгадаў, засьцярогся ад хіміі мінулай восеньню. А тут так па-дурному папаўся, нібы самы апошні першагодак. Ён ужо зразумеў, што гэтую пастку збудаваў усё той жа Вусаты.
Дрыжучы ад страху і злосьці, Хвастаты нават не спрабаваў выбрацца з жалезнай пасткі. Пачуцьцё голаду, якое дапякала яму некалькі дзён, раптам прапала; замест яго зьявілася пачуцьцё гневу — ён гатовы быў грызьці жалезныя сьцены бочкі, калі б тое было магчыма. Ён ужо ведаў, што да раніцы адсюль ня выбрацца, а раніцай сюды прыйдзе Вусаты і панішчыць яго. Яго — самага дужага, самага сьмелага пацука па складзе. Зрэшты, яно і зразумела: у барацьбе за існаваньне ў пацучыным грамадстве першымі гінуць самыя вартыя і самыя годныя. У той жа час астатнія, дурныя і баязьлівыя, будуць жыць і сьмяяцца з яго. Але, мабыць, такая ўжо іх, пацучыная, прырода.
Хвастаты яшчэ не адышоў ад шоку, як наверсе пачуўся асьцярожны стук пацучыных лапак па дошчачцы, і тут жа ў бочку зваліўся новы пацук. Канец дошчачкі разам з сырам зноў задраўся ўгору. Новы пацук спалохана замітусіўся на дне бочкі. Хвастаты на тое ніяк не адрэагаваў, ён меркаваў, што рабіць? Адчуўшы прысутнасьць Хвастатага, малады пацук, дробна калоцячыся, сьцяўся насупроць пад сьцяной бочкі. Хвастаты яму ня стаў спачуваць, толькі падумаў: сам вінаваты, ня лезь, куды ня трэба. Ён нерухома сядзеў, марудна адыходзячы ад шоку.
Пацукі падалі ў бочку амаль праз роўныя прамежкі часу, — усіх моцна вабіў дужа смачны пах сыру. Пад раніцу ў бочцы іх аказалася восем штук, у тым ліку два буйныя самцы з восеньскага памёту пацукоў. Амаль у поўнай цемры ён нюхам пазнаў бы іх, бо ўжо ня раз з імі біўся і цяпер падумаў, што іхняя сустрэча дабром ня скончыцца. У падпольлі дагэтуль яны стараліся пазьбягаць адзін аднаго, але тут такая магчымасьць мінулася. Зараз тут прыйдзецца вырашыць, каму з іх жыць. Мабыць, аднак, разумным сябе лічыў не адзін Хвастаты, а і яшчэ некаторыя з тых, што трапілі ў гэтую пастку. Сьпярша ўсе яны нерухома сядзелі, павольна ачуньвалі ад шоку падзеньня. Затым у цемры раздаўся быццам бы беспрычынны прарэзьлівы піск, і пачалася бойка. Пачуцьцё жаху ахапіла пацукоў, хтось, не стрымаўшыся, першы кінуўся на суседа. Магчыма, гэта быў адзін з двух братоў, — ягоны кліч стаў сігналам да пачатку сьмяротнай схваткі ўсіх з усімі. Хвастаты ведаў і памятаў яшчэ з часу ўласнай маладосьці, што марудзіць у такіх выпадках не выпадае — тое можа каштаваць жыцьця. Перамагае самы рашучы і самы спрытны. Хвастаты ў адказ таксама прарэзьліва праверашчэў і накінуўся ў цемры на суседа, — можа, таго самага, што сьледам за ім трапіў у бочку. Ён даволі лёгка забіў яго, разарваўшы таму горла. Але тут і сам ледзьве пасьпеў выкруціцца з-пад нейчых вострых зубоў, перавярнуўся цераз галаву і ўпіўся зубамі ў чыйсьці цёплы і мяккі жывот. У цеснай бочцы ўтварыўся вірлівы клубок з целаў ахопленых жахам пацукоў, якія рвалі, грызьлі, тапталі адзін аднаго, — нападалі і абараняліся адначасна. У бочцы надта патыхала пацучынай крывёй, і ў яе паху зусім патануў нядаўна яшчэ жаданы пах сыру.