Поўны збор твораў у чатырнаццаці тамах. Том 1
- Автор: Быков Василь Владимирович
- Год: 2005
- Язык: белорусский
- Год: Саюз беларускіх пісьменьнікаў
- ISBN: 5-9691-0073-0
- Жанр: Военная проза
Электронная книга - «Поўны збор твораў у чатырнаццаці тамах. Том 1». Краткое содержание книги:
У першы том Поўнага збору твораў увайшлі аповесьці «Афганец» (1998 г.), «Ваўчыная яма» (1998 г.), а таксама апавяданньні і прыпавесьці, напісаныя ў 90-х і 2000-х гадах.
Гэта быў жорсткі і даўгі бой не на жыцьцё — на сьмерць, з якога да ранку ўцалела двое — Хвастаты і малады пацук восеньскага памёту. Усе астатнія, сьцякаточы крывёю, валяліся на дзве бочкі; некаторыя ўжо страцілі ўсе адзнакі жыцьця. Самец быў моцна паранены нейчымі зубамі, але, пачуўшы ўцалелага Хвастатага, намогся на слабы баявы кліч і аскаліў зубы. Зьнясілены ў бойцы Хвастаты, зрабіўшы спрытны кароткі выпад, без усялякага сігналу ўхапіў зубамі за ўжо скрываўленае горла і дабіў самца.
Крывавая бойка скончылася — у бочцы Хвастаты застаўся адзін. Адзінота гарантавала яму нейкую магчымасьць жыцьця — хоць бы да раніцы. Вядома, гэтага было мала, але інстынкт падказваў пацуку, што часам з самых малых магчымасьцяў складваецца даўгое жыцьцё. Асабліва калі мець волю змагацца за яго да канца і надта не сьцерагчыся прынцыпаў. Хвастаты са страхам чакаў ранку, калі прыйдзе Вусаты і прыкончыць яго ў бочцы. Гінуць ён па-ранейшаму не хацеў. Праўда, ягонае самалюбства падагравала ўсьведамленьне таго, што ўсё ж ён перамог усіх уласных суродзічаў. Што ж да чалавека, дык вядома, што яго перамагчы немагчыма.
I ён прыйшоў, той страшны Вусаты. Сьпярша загрукалі ягоныя боты каля канторкі, пасьля ўспыхнула электрычнае сьвятло, якое адразу разагнала паўзмрок у секцыі. Здаецца, Вусаты быў не адзін. Хвіліну Хвастаты слухаў, як яны там размаўлялі, пасьля прагучэў чыйсьці бесклапотны сьмех — здаецца, гэта быў малады грузчык Белабрысы. I вось ярка пыхнула лямпачка пад стольлю ў секцыі — у бочцы стала амаль відна. Хвастаты акінуў задаволеным позіркам нерухомыя целы сваіх ахвяр і нарыхтаваўся да сустрэчы з Вусатым. Калі той працягне руку, пацук адразу ўчэпіцца ў яе і загіне — як і належыць пацуку-пераможцу, пацуку-лідэру. Ён быў пацук ганарысты і не хацеў хавацца сярод трупаў іншых, што кучкай ляжалі на дне бочкі, не хацеў прыкідвацца мёртвым. Калі над бочкай паявіўся ненавісны твар Вусатага, ад якога дужа сьмярдзела цыгарэтамі «Мальбара», што штабялём ляжалі пад вакном секцыі, ён ашчэрыў зубы і пагрозьліва засіпеў. На болей гучны кліч у яго ўжо не хапіла сілы.
— Ну як там? — пачуўся голас здаля. Гэта пытаўся Белабрысы.
— Парадак! — задаволена адказаў Вусаты. — Твая праўда.
— Хто-небудзь застаўся?
— А вунь сядзіць Хвастаты…
— Во і добра. Выпускаем.
Бочка раптам нахілілася, Хвастатага ледзьве не заваліла мёртвымі целамі пацукоў, але ён адскочыў і апынуўся на самым краі бочкі. Зусім побач быў ненавісны твар Вусатага, але ён ня меў на сабе ні пагрозы, ні злосьці. Бочка нахілілася і яшчэ ніжэй.
— Ну, матай адсюль! — зусім незласьліва сказаў Вусаты.
Здаецца, той яго выпускаў. Хвастаты нарэшце сьцяміў гэта і хуценька нырнуў з бочкі пад скрынкі. Ягоныя адносіны да Вусатага разам зьмяніліся — ён перастаў ненавідзець чалавека. Аказваецца, той зусім ня кепскі — той добры. Той яго паратуе. Гэта ягоныя суродзічы-пацукі спрабавалі яго забіць, а чалавек яму дорыць жыцьцё. Які ж ён быў дасюль дурань, што ненавідзеў людзей!
З-пад скрынак ён удала перабраўся да сваёй нары і схаваўся ў яе выратоўчай цемры. Ён толькі пасьпеў пачуць, як ззаду ў чымсьці засумняваўся Вусаты, і Белабрысы яму адказаў:
— Нічога, усё будзе о’кей! Трэніроўку меў, што трэба. Праз месяц ніводнага не застанецца…
Затаіўшыся ў нары, Хвастаты марудна ачуньваў ад начных перажыванак і думаў, што цяпер яго галоўныя ворагі — яго ж суродзічы. Ён будзе іх бязьлітасна нішчыць ужо хоць бы таму, што ён самы дужы. А ў каго сіла, у таго і праўда. Хаця ніякая праўда яму не была патрэбная. Няхай праўду шукаюць слабакі. А над ім ёсьць Вусаты. Ён яго бог і праўда.
Вусаты ж, мабыць адчуўшы перамену ў настроі пацука, а можа з свае дабрыні, паклаў каля ягонай нары той самы кавалак духмянага сыру, які ноччу пацуку не дастаўся. Але Хвастаты на яго не рэагаваў — цяпер яго хваляваў толькі пах крыві.
Праз месяц на складзе сапраўды не засталося ніводнага пацука. Апроч Хвастатага, зразумела…
Аб’яднаньне
У старажытным замку з магутнымі, таўшчэзнымі сьценамі, змураванымі з гранітных камянёў, было шмат камераў, сярод якіх самыя вялікія былі Кутняя і Даўгая. Кутняя займала вугал будыніны, ля вежы; Даўгая была паверхам ніжэй і трохі ўбаку ад вежы. I там, і там сядзела па некалькі дзясяткаў вязьняў, збольшага, аднак, аднае нацыянальнасьці. Мусіць, таму, што туды саджалі мясцовых, тубыльцаў. Тое было ўвогуле зручна — і для вязьняў, і ддя наглядчыкаў. Асабліва калі ўлічыць, што большасьць сядзела за ўдзел у няўдалым паўстаньні, якое было жорстка здушанае рэжымам. Усе разумелі адзін аднаго.