Поўны збор твораў у чатырнаццаці тамах. Том 1
- Автор: Быков Василь Владимирович
- Год: 2005
- Язык: белорусский
- Год: Саюз беларускіх пісьменьнікаў
- ISBN: 5-9691-0073-0
- Жанр: Военная проза
Электронная книга - «Поўны збор твораў у чатырнаццаці тамах. Том 1». Краткое содержание книги:
У першы том Поўнага збору твораў увайшлі аповесьці «Афганец» (1998 г.), «Ваўчыная яма» (1998 г.), а таксама апавяданньні і прыпавесьці, напісаныя ў 90-х і 2000-х гадах.
Цяпер ён не саступіў выхад з нары, бо адтуль маглі паявіцца суродзічы, — гэтыя дурныя, галодныя пацукі розных узростаў, якіх цяпер нямала распладзілася ў падпольлі. Каб не выклікаць нейкіх захадаў Вусатага ды ягонай кампаніі, пацукоў належала затрымаць ці вярнуць назад. Аднойчы ўжо здарылася такое, што ў адказ на пацучыныя свавольствы сюды прыйшлі людзі ў гумовых фартухах і ў масках, з нейкімі прыладамі ў руках, яны напусьцілі ў норы сьмяротнай атруты. Тады шмат якія з пацукоў загінулі, але Хвастаты і яшчэ колькі самых разумных засталіся і адказалі інтэнсіўным размнажэньнем; пад весну іхняя калонія павялічылася больш чым удвая. Ён чуў, як людзі казалі, што засталіся з носам. Вельмі магчыма, думаў пацук, — іхнія насы пакуль пацукоў не цікавілі.
Хвастаты ўжо ведаў, што трэба пільна сачыць за людзьмі, ня даць ім захапіць пацукоў зьнянацку. I без патрэбы не высоўвацца з нары, не паддавацца на правакацыі. I нікому ня верыць. Нават калі які-небудзь першагодак прывалачэцца са складу і скажа, што пад’еў сыру. Гэта можа быць хлусьня, а можа і правакацыя. Хвастаты быў пацук разумны, хітры і спрактыкаваны.
Той ночы яму нічога, аднак, не абламілася. Пасьля таго, як Вусаты пайшоў, ён старанна абнюхаў усе закуткі пярэдняй секцыі складу. Але жалезныя дзьверы ў галоўнае памяшканьне заставаліся зачыненыя, а ў пярэднім нічым прыстойным нават ня пахла. З новых рэчываў там паявілася нейкая жалезная бочка ў куце, ад якой сьмярдзела жалезам. Жалеза пацука таксама не цікавіла.
Пад ранак ён вярнуўся ў сваю нару. Сядзеў там, аднак жа, нядоўга — ягоны спакой парушыла мітусьня, якую ўсчалі ягоныя суродзічы, — ён кінуўся да выхаду з нары і хутка зразумеў, што здарылася звонку. Гэтыя дурні-пацукі, мабыць, не стрывалі голаду і, як толькі адчыніўся склад, спрабавалі праскочыць у галоўную секцыю. Але хіба гэта можна было рабіць удзень, пры людзях? Людзі, канешне, узьнялі трывогу, застукалі, забегалі, кагосьці з пацукоў прыбілі, астатнія разьбегліся па кутках і пахаваліся ў норах. Зрэшты, так ім, дурням, і трэба, — ня лезьце раней часу, думаў Хвастаты. Стаіўшыся ў нары за паўметры ад выхаду, ён ня мог бачыць, што адбывалася наверсе, затое добра чуў тупат ног, скрыгат чагосьці цяжкога, што цягнулі побач, лаянку рабочых. Але гэта былі ня хімікі з санстанцыі — тыя працавалі моўчкі, іхнюю хітрасьць цяжка было адгадаць, і толькі Хвастаты быў здольны на тое. Гэтыя ж размаўлялі гучна, мабыць, лаяліся і няспынна курылі. Сярод іншых ён пазнаў малады голас грузчыка Белабрысага, які аднойчы ледзьве не наступіў яму на хвост і надта спалохаўся. З таго часу Хвастаты Белабрысага баяўся. Вусатага ж там не было чуваць, але пацук адчуваў, што той дзесь паблізу. Ён ужо ведаў, што маўклівыя заўжды самыя небясьпечныя, — сваім крыкам, як і сваёй злосьцю, яны ўпіваюцца самі, мала што пакідаючы іншым. Вусаты ж, адчуваў пацук, быў, можа, і ня надта злосны, але надзвычай небясьпечны.
Але Хвастаты быў пацук цярплівы і ўмеў чакаць. Ён ня еў ужо пяць ночаў запар. Увечары на кароткі час вылязаў з нары, уздоўж плінтуса прабіраўся да запаветных дзьвярэй і, пераканаўшыся, што тыя запёртыя, вяртаўся назад. На шляху яму сустракаліся некаторыя з ягоных суродзічаў, якія, як заўжды, мітусіліся, шукалі ўсюды, куды толькі можна было пралезьці, але, мабыць, дарэмна. Іхнія дурныя спробы заканчваліся ранішнім крыкам ды лаянкай людзей. Аднойчы там брахаў сабака, магчыма, прыведзены на склад для таго, каб напалохаць пацукоў. Але пацукі сабакаў не баяліся, як не баяліся і катоў. Каты даўно былі напалоханыя пацукамі і не маглі ім прычыніць ніякае шкоды. Найбольшы пацуковы вораг быў чалавек.