Поўны збор твораў у чатырнаццаці тамах. Том 1
- Автор: Быков Василь Владимирович
- Год: 2005
- Язык: белорусский
- Год: Саюз беларускіх пісьменьнікаў
- ISBN: 5-9691-0073-0
- Жанр: Военная проза
Электронная книга - «Поўны збор твораў у чатырнаццаці тамах. Том 1». Краткое содержание книги:
У першы том Поўнага збору твораў увайшлі аповесьці «Афганец» (1998 г.), «Ваўчыная яма» (1998 г.), а таксама апавяданньні і прыпавесьці, напісаныя ў 90-х і 2000-х гадах.
Унізе між тым усчалося штось неверагоднае — падобна, ішоў бой, як на вайне. Чуліся выбухі, стрэлы i гучныя каманды вайскоўцаў. Але хто — на каго, хто — за каго, зразумець было немагчыма. Трохі ачомаўшыся, Памазок памкнуўся зірнуць з даху, падкраўся да карнізу, ды зараз жа кулямётная чарга ледзьве ня зьнесла яму галаву. Памазок порстка пляснуўся долу — значыць, за ім сачылі. Ляжаў, думаў, што, пэўна, гэта маркоўныя, якім ён не дагадзіў. Тады ён на кукішках падаўся да іншага боку даху, дзе, можа, былі малінавыя, — ужо гэтым ён паспрыяў, падпісаўшы іхняга пеўня. Можа, яны яго ўратуюць? Але толькі ён глянуў з-за нейкага коміну ўніз, як адтуль зноў грымнула пара чэргаў, якія дашчэнту зьнесьлі цагляны верх коміну. Здаецца, ягоны шлях уніз быў адрэзаны з абодвух бакоў. Што было рабіць прэзідэнту гэтай дурной краіны?
Унізе тым часам доўжылася гамана, крыкі, час ад часу гахалі выбухі гранатаў. Па карнізах паддашша лапаталі кулі — яго намагаліся выбіць адсюль. Але ён не такі дурны, каб пакідаць сваё месца, сваю Брэсцкую крэпасьць. Ён будзе сядзець тут да апошняга i загіне героем. Хай ведаюць, якія прэзідэнты растуць у партызанскай рэспубліцы.
Але пакуль ён быў жывы, і, нямала стаміўшыся, прысеў каля нейкае бетоннай папярэчыны. Горш за ўсё, што на гэтым даху не было засені, а з паўдзённага неба неверагодна горача паліла сонца. Памазок даўно быў мокры ад поту i незнарок прыгадаў, колькі на тым стале было настаўлена рознага пітва. Ды нікому нічога не дасталося, — во чортава краіна! Каб жа хоць не было, як на ягонай радзіме, а то… То не даюць, то страляюць, а ты бегай з раніцы галодны i дашчэнту цьвярозы. У такі момант тужлівай скрухі побач штось шлёпнулася долу — ён азірнуўся: то была гронка бананаў. Але адкуль? Памазок паўзіраўся ў недалёкае гольле дрэваў, што месцамі былі вышэй даху, i ўбачыў там малпу. Тая сядзела на тоўстым суку i сьмешна крывіла свой рухавы зморшчаны тварык, — бы насьміхалася над чалавекам. «Во, дзіва, — падумаў Памазок, — тут яшчэ i малпы. Трэ будзе не забыцца расказаць пра тое дома…»
Але да дому, мабыць, было далёка, — нешта дужа застралялі ў дальнім, разбураным канцы палацу. З бананам у руцэ Памазок падаўся туды i хутка сьцяміў — з таго боку лезьлі. Пераскокваючы папярэчыны, ён кінуўся ў другі канец даху, ды й там не было спакою. Там таксама спрабавалі ўскараскацца да яго — да сьцяны падагналі вялізны аўтамабільны кран. Адзіны бясьпечны бок быў пад дрэвамі, дзе разьлягаў парк. Не марудзячы, Памазок разьбегся, як колісь у маладосьці, i скокнуў на бліжні сук. Ён удала ўчапіўся, напружыўся i апынуўся на суку зьверху. Тут была прыемная засень, зводдаль на суках расьсеўся з паўтузін малпаў, якія адразу ж усчалі абураны вэрхал. «Ну, чаго злуецеся? — падумаў Памазок. — Самі ўладкаваліся, а мне не даюць…»
Не зважаючы на іхняе якатаньне, ён падаўся па суку далей ад даху, захінуўся за тоўсты шурпаты ствол. Але што рабіць далей, як ратавацца? Во ўлез, дык улез, паквапіўся на прэзідэнцтва, дурань… I яму нясьцерпна захацелася тады ў сваю дымную, сьмярдзючую ад торфу качагарку…
Аднак доўга сумаваць па качагарцы не давялося, — падобна, яго заўважылі, i першая чарга зьнізу прашыла кулямі лістоту дрэва. Малпы спуджана загаласілі, заверашчэлі на ўсе свае дзікунскія галасы i сыпанулі па гольлі на суседняе дрэва. Намагаючыся з ycix сваіх ня надта багатых сіл, Памазок таксама падаўся за малпамі. З сука на сук, з дрэва на дрэва. Аднаго разу ледзь не зваліўся, няспрытна ўхапіўшыся за крывы сук, але ўтрымаўся. Абы прэч ад тае прэзідэнцкае згубы, дзе яго хацелі забіць.
Але на яго няшчасьце, дрэвы гэтага парку скончыліся, далей разьлеглася пустая лугавіна, дзе звычайна гулялі ў гольф. Зьнізу ўсё стралялі, у лістоце шчоўкалі разрыўныя — гэткія, як у тую вайну пад Познаньню, дзе яго параніла дробным асколкам у зад. Цяпер пакуль што Бог сьцярог, куля не зачапіла. Але ж як ратавацца? Хіба што вышэй? I Памазок палез па суках угару, прадраўся амаль да вяршыні. Далей ужо не было куды. Мабыць, з долу яго ўжо было нялёгка згледзець, хоць адтуль усё стралялі — ці не па ўcix дрэвах. Дзесь прарэзьліва верашчэлі малпы, а ён прытуліўся да таўставатай крывулякі дрэва i ня дыхаў. Думаў: можа, пабягуць за малпамі, а яго ня ўбачаць?