Поўны збор твораў у чатырнаццаці тамах. Том 1
- Автор: Быков Василь Владимирович
- Год: 2005
- Язык: белорусский
- Год: Саюз беларускіх пісьменьнікаў
- ISBN: 5-9691-0073-0
- Жанр: Военная проза
Электронная книга - «Поўны збор твораў у чатырнаццаці тамах. Том 1». Краткое содержание книги:
У першы том Поўнага збору твораў увайшлі аповесьці «Афганец» (1998 г.), «Ваўчыная яма» (1998 г.), а таксама апавяданньні і прыпавесьці, напісаныя ў 90-х і 2000-х гадах.
Сьпярша заяц ня надта і разумеў свае правы ды абавязкі, думаў: будуць усе кланяцца пры сустрэчы, а ён абавязкова ветліва адказваць. Ён быў натуры няпомсьлівай і нікому зла не хацеў. Зайчыха ж дужа парадавалася, казала: ну цяпер ужо пярэйдзем на жытло ў сухі хвойнік, хопіць гібець ля сырога балота. Аж крыху паcьля наваліліся турботы, ды не абыякія. Уладарны мядзьведжы клан запатрабаваў права перабрацца ў суседнюю пушчу — бліжэй да борцяў з пчоламі, а пушчу наогул падзяліць з суседнім зьвяр’ём, каб мядзьведзям было дзе паляваць. Дарма Ўпраўца спасылаўся на міжлесавыя пагадненьні, на забарону мяняць лесавыя межы. Мядзьведзі сказалі, што ён няўмека і бездар, калі ня здрайца. Тым часам ваўкі рубам паставілі пытаньне пра зімовы харч. Улетку яны харчаваліся з уласнай ініцыятывы — кожны паасобку з калгасных статкаў. Але ўзімку статкі заганяліся ў хлявы пад ахову вартаўнікоў з вострымі віламі — як было да іх падступіцца? I ваўкі сталі насядаць на лесавога Ўпраўцу — давай харч! Лісы ў сваю чаргу схацелі па курачцы кожнага дня, а выдрам, бач, ня стала хапаць рыбы ў рацэ — пагінула ўзімку ад задухі. Горш за ўсё стала Ўпраўцу, калі зьвяры, бы змовіўшыся, запатрабавалі ад яго даляраў. Маўляў, усё зьвяр’ё навакол займела даляры, на якія можна здабыць усё, што хочаш. Чым зьвяры гэтага лесу горшыя за іншых? Ім таксама патрэбныя даляры, а не якія паперкі з партрэтамі галоўнага зайца. Калі Ўпраўца пачаў аднеквацца і даводзіць свае прычыны, усе хорам сказалі, што так справа ня пойдзе. Абралі — дык кіруй, забясьпечвай, а не — дык пятля на шыю. Тыя самыя, што агітавалі за зайца, цяпер запатрабавалі ягонае сьмерці. Бо не апраўдаў, і каб была навука для наступных. Але што ён мог зрабіць? Каб здабыць пушчу з борцямі, трэба было йсьці вайной на суседніх мядзьведзяў. Ці як забясьпечыць сьвежыной ненажэрны ваўчыны статак? Зноў жа гэтыя даляры, каб ім пуста. Заяц у сваім жыцьці нават адною лапай не памацаў тыя зялёныя паперкі з барадатымі істотамі, ён адно цешыўся на ўласны партрэт лесавой валюты. Увогуле неблагі быў партрэт, каб толькі ён што каштаваў. Ды не каштаваў нічога, і ў тым была яго, зайцава, бяда і няшчасьце.
Да пары, аднак, усё неяк трывала, зьвяры віталіся з ім, і ён усім ветліва адказваў. Хіба апроч вавёркі, якая аднаго разу надта ж надакучыла яму просьбай даць лепшае дупло, бо старое прагніло і зацякае. Упраўца так віскнуў на бедную вавёрку, што тая мігам узьляцела на самую верхавіну дрэва. Хоць адна ды спалохалася, бяз радасьці, аднак, падумаў заяц.
I во цяпер трэба ісьці на баравінку, дзе летась яго абралі, а сёньня будуць караць. Як галоўны Упраўца ён павінен быў клапаціцца і пра ўласную кару. Учора нагледзеў там ладную асінку, адзін сук якой тырчэў акурат крыху ўбок — будзе зручна прыладзіць пятлю. Горш за ўсё было тое, што і карай ад пачатку да канца павінен быў кіраваць ён. Паводле лесавога кодэксу, улада новага Ўпраўцы распачыналася толькі пасьля таго, як ранейшы апошні раз здрыганецца на тым суку. Можа, толькі тая норма кодэксу трохі і цешыла зайца.
Як ні дзіўна, зьвяр’я на пакараньне сабралося шмат — ніколі раней столькі не зьбіралася. На выбарах летась было ў два разы меней. Заяц ня ведаў, як зразумець тое — добра ці ня надта. Але спакваля вырашыў — добра. Значыцца, паважаюць, а можа і спачуваюць. Бо раней ня надта слухаліся, болей сварыліся.
Як усё было гатова, ён скамандаваў, каб перакінулі цераз сук вяроўку з пятлёй. Самы моцны з ваўкоў спрытна і згодна зрабіў тое, ухапіўся лапамі за вольны яе канец. Заяц падзякаваў зьвяр’ю за давер і папрасіў прабачэньня, што ня мог усім дагадзіць. Зьвяры зараўлі, загалёкалі ў знак згоды, а можа і нязгоды — ён ужо не зразумеў і накінуў на сябе пятлю. З жалем прыцяў да сьпіны вушы і незнарок пусьціў скупую сьлязу, якую ніхто, бадай, і ня згледзеў. Хіба адна вавёрчына на хваіне зводдаль жаласна кігікнула, і ён, перш чым аддаць каманду ваўку, падумаў: ці ня тая, што прасіла дупло, а ён адмовіў?
То быў адзіны знак прыязьні за яго няўдалае гадавое ўпраўства, і заяц імкліва ўзьляцеў угару.
Зьвяр’ё ад радасьці пачало высока падскокваць, махаць лапамі і хвастамі. Пасьля, як трохі супакоілася, галоўным Упраўцам абралі ваўка — таго, што трымаў вяроўчыну…
Хвастаты
Калі на складзе пачало цямнець і над уваходам загарэлася электрычная лямпачка, Хвастаты вылез з нары.
Бегчы ў складскія памяшканьні было яшчэ рана. Хвастаты ведаў, што вусаты чалавек у сінім халаце яшчэ сядзіць у сваёй цеснай канторцы і курыць, — дымам ад ягоных цыгарэт прасьмярдзелі ўсе складскія закуткі. Трэба было пачакаць. Хвастаты быў пацук разважлівы і ніколі не кіраваўся ўласным апетытам, нават калі быў галодны. Цяпер ён быў дужа галодны, бо ня еў колькі дзён, — з той пары, як за шкляной загародкай паявіўся гэты Вусаты і зачыніў жалезныя дзьверы ў тую палавіну складу, дзе было ўсё. Праўда, усе тутэйшыя горы мяхоў, штабялі каробак і скрынак з бутэлькамі Хвастатага мала цікавілі. Колькі ночаў таму ён натыкнуўся там на каробкі ў куце, ад якіх ішоў адмысловы, надта ж прываблівы пах, і пацук не ўтрымаўся. Прагрызьці ў кардоннай каробцы патрэбную дзірку было няцяжка, і ён добра паласаваўся сырам, — так, што ледзьве прашчаміўся ў сваю цеснаватую пад падлогай нару. Але во — прыйшоў Вусаты і зранку зачыніў абабітыя жалезам дзьверы. Гэтыя дзьверы цяпер не адчыняліся ні ўдзень, ні нават уначы, калі Вусатага не было на складзе. I Хвастаты зьдзіўляўся — што той надумаў?