Ленін і Сталін думаюць пра Беларусь
- Автор: Трофимчик Анатолий Викторович
- Язык: белорусский
- Жанр: История
Электронная книга - «Ленін і Сталін думаюць пра Беларусь». Краткое содержание книги:
Досвед гістарыяграфіі сведчыць, што і да сённяшняга часу многія не ведаюць асноўных чыннікаў павелічэння Савецкай Беларусі ў сярэдзіне 1920-х гг. Як было сказана ў пункце 3-м сакрэтнага дакумента «В комиссию политбюро ЦК ВКП(б) по вопросу о расширении границ БССР», «основной решающий аргумент за расширение границ БССР — в ближайшее время — определяется политикой Польши»: меліся звесткі, што там збіраліся правесці шэраг рэформаў адносна нацыянальных меншасцей, у тым ліку беларусаў. У сувязі з гэтым Крамлю неабходна было прэвентыўна рабіць пэўныя захады, і — як паказаў час — «вяртанне у склад БССР шэрагу ўсходнебеларускіх паветаў мела вялікі рэзананс у Польшчы і Заходняй Беларусі». А наперадзе ж была яшчэ і перспектыва вяртання самой Заходняй Беларусі.
І хаця савецкі ўрад устрымліваўся ад публічных заяў пра неабходнасць перагляду савецка-польскай мяжы (у адрозненне ад прадстаўнікоў саюзных рэспублік, да прыкладу старшыні ўрада Украінскай ССР у 1924 г.), аднак у сакрэтнай перапісцы народнага камісарыята замежных спраў дагавор з Польшчай аб ненападзе разглядаўся як не больш чым тактычны ход. Усходнія межы Польшчы і Румыніі сталі картай для маніпуляцый у дыпламатычных гульнях паміж Масквой і Захадам яшчэ з часоў У. Леніна, які рэкамендаваў камісару замежных спраў Г. Чычэрыну «всемерно использовать постановку Ллойд Джоржем вопроса о восточных границах Польши и Румынии, указывая, что эти границы — препятствуют установлению мира, но делать это осторожно, дабы не навлечь нареканий об отступлении от Рижского договора». У сваю чаргу на Генуэзскай канферэнцыі Г. Чычэрыным было заяўлена, што «уважение (территориального статус-кво. — А. Т.) не должно рассматриваться как равнозначащее признанию этого статус-кво… Малады расійскі даследчык А. Пронін заўважае, «что и советское руководство, заключив мирный договор с Польшей в 1921 году и тем формально признав восточную польскую границу, неизменно подчеркивало свое недовольство сложившейся ситуацией. Так, посол Германии в СССР в 20-х — начале 30-х годов фон Дирксен 17 октября 1931 г. писал из Москвы о своей встрече с Ворошиловым, утверждая, что границы с Польшей Ворошилов считает, как это он подчеркивал в разговоре с начальником Генерального штаба рейхсвера Адамом, «неокончательными». <…> 12 декабря 1931 года Ворошиловым в беседе с фон Дирксеном были сказаны следующие слова: «ни при каких обстоятельствах, разумеется, не может быть и речи о какой-либо гарантии польской западной границы; советское правительство — принципиальный противник Версальского договора»». Дый сам Сталін публічна праз нямецкага пісьменніка Эміля Людвіга ў гутарцы 13 снежня 1931 г. выказваўся пра непрызнанне межаў Версальска-Вашынгтонскай сістэмы, у тым ліку і ў першую чаргу Польшчы. Нягледзячы на гатоўнасць падпісаць з ёй пакт аб ненападзе, ён акцэнтаваў бы не прызнанне яе межаў, а непрымяненне «насілля, нападу для таго, каб змяніць граніцы Польшчы, СССР або парушыць іх». Напэўна, нездарма казытлівая для Масквы тэма Польшчы ўсплыла ў размовах савецкіх кіраўнікоў менавіта ў канцы 1931 г.: сёння ўжо вядома, што ў 1932 г. супраць Польшчы М. Тухачэўскі распрацоўваў планы кампаніі «глыбокіх аперацый» (цікава, што паведамляюць пра гэта менавіта расійскія гісторыкі). Урэшце ўжо 4 кастрычніка 1938 г. намеснік камісара замежных спраў Уладзімір Пацёмкін у размове з французскім паслом Рабэрам Кулёндрам выказаў меркаванне, што не бачыць для СССР іншага выйсця, акрамя чацвёртага падзелу Польшчы. У такім кантэксце праўдападобна гучаць развагі І. Сталіна (аўтэнтычнасць якіх ставіцца пад сумнеў), пра тое, што справа вайны і міру на той час (19 жніўня 1939 г.) залежыць ад кіраўніцтва СССР. Калі заключыць дагавор з Англіяй і Францыяй, немцы будуць вымушаны адступіць ад планаў агрэсіі адносна Польшчы і стануць шукаць стасункаў з заходнімі дзяржавамі, а такое разгортванне падзей Маскве не пасуе. І наадварот, падпісанне дагавора аб ненападзенні з Германіяй умажлівіць яе інтэрвенцыю Польшчы і ўцягне ў вайну Англію і Францыю, што якраз для Савецкага Саюза было б прымальна, бо тады можна было б дачакацца спрыяльнага для сябе моманту ўступлення ў канфлікт. З гэтага была зроблена выснова, што патрэбна прыняць прапанову немцаў, адмовіўшы англічанам і французам.