Бесплатная библиотека
Читайте книгу на сайте или телефоне
READ-E-BOOK » Прочая поэзия » Маска чырвонае смерці
Маска чырвонае смерці - Читать Любимую Русскую Полную Книгу 👉 Read-E-Book.com

Маска чырвонае смерці

Электронная книга - «Маска чырвонае смерці». Краткое содержание книги:

У зборнік Эдгара По Маска Чырвонае Смерці ўключаныя не толькі шырока вядомыя дэтэктывы – адны з першых узораў гэтага жанру ў сусветнай літаратуры – і жахлівыя апавяданні (арабескі), але і значна менш вядомыя гратэскі пісьменніка – творы, што паказваюць бацьку дэтэктыву зусім з іншага, іранічнага, боку. У кнігу таксама ўвайшлі вершы і два самыя вядомыя эсэ Эдгара По – Паэтычны прынцып і Філасофія кампазіцыі. Абсалютная большасць змешчаных у зборніку перакладаў друкуецца ўпершыню.
1 ... 20 21 22 23 24 25 26 27 28 ... 36
Перейти на страницу:

Цела, паўтару, зварухнулася нашмат жывей. Фарбы жыцця з новай сілай ажывілі твар, мышцы расслабіліся, і калі б не заплюшчаныя вочы і пахавальныя павязкі і саван на нерухомай фігуры, што ўсё яшчэ злучалі яе з магілаю, я мог бы паверыць, што Равэна насамрэч апрытомнела і скінула кайданы Смерці. Але нават калі я не прыняў тады гэтай думкі, то ўсе сумневы зніклі, калі, узняўшыся з ложка, няўпэўненымі крокамі патрывожанага ў сне, з заплюшчанымі вачыма, тое, што было спавітае саванам, рашуча рушыла ў сярэдзіну пакоя.

Я не дрыжаў — я не варухнуўся — безліч немагчымых фантазіяў, выкліканых выглядам, абрысамі, паставай фігуры, пранеслася ў маёй галаве, паралізавала мяне і ператварыла ў халодны камень. Я не зварухнуўся — але глядзеў неадрыўна. У думках маіх панавалі разлад і мітусня. Няўжо насамрэч перада мною стаяла жывая Равэна? Ці магла гэта быць Равэна — светлавалосая блакітнавокая Равэна Трэмэньён з Трэмэйна? Чаму, чаму я засумняваўся ў гэтым? Павязкі моцна абвіналі рот — але хіба гэта не мог быць рот жывой лэдзі Равэны? А шчокі — яны квітнелі ружамі, як у паўдзённы час яе жыцця — так, гэта маглі быць шчокі жывой лэдзі Равэны. А падбароддзе, а ямачкі, што казалі пра здароўе, — чаму б ім не быць ейнымі? Але няўжо яна магла стаць вышэйшай за час сваёй хваробы? Якое невымоўнае вар'яцтва апанавала мяне ад гэтай думкі! Адзін скачок — і я апынуўся ля яе ног! Адхіліўшыся ад майго дотыку, яна адкінула жахлівую пахавальную павязку, якая абвінала яе галаву, і ў рухомым паветры пакоя рассыпаліся пасмы даўгіх растрапаных валасоў — яны былі чарнейшыя за крумкачовыя крылы поўначы! I тады павольна расплюшчыліся вочы тае, што стаяла перада мной.

— Прынамсі ў гэтым, — ускрыкнуў я, — у гэтым я не магу ніколі б не змог памыліцца! Гэта чорныя, глыбокія, шалёныя вочы маёй страчанай каханай... лэдзі... ЛЭДЗІ ЛІГЕІ!

Пераклала Марына Дзергачова

Маска Чырвонае Смерці

Чырвоная Смерць ужо даўно спусташала краіну. Ніводная пошасць не была ніколі такая згубная й такая агідная. Кроў была яе ўвасабленнем і яе пячаткаю — чырвань і жудасць крыві. Спачатку востры боль і раптоўная помарач, пасля з усіх пораў пачынала сачыцца кроў пакуль не наставаў смяротны распад. Пунсовыя плямы на целе, асабліва на твары, былі кляймом пракляцця, якое пазбаўляла ахвяру людское дапамогі й спагады. I ўвесь гэты поступ хваробы, ад першых азнакаў да жахлівага канца, працягваўся паўгадзіны.

Але князь Праспэра быў шчаслівы, адважны й празорны. Калі ягоныя ўладанні былі выгубленыя напалову, ён прыклікаў да сябе тысячу дужых і легкадумных сяброў спасярод рыцараў і паннаў свайго двору і з імі адышоў у глыбокую адлюднасць аднаго з сваіх умацаваных кляштараў. Гэта была раскошная й велічная пабудова, твор князевых дзівацкіх і шляхетных густаў. Навокал бараніў яе магутны й неадольны мур. У муры былі жалезныя брамы. Вяльможныя ўцекачы ўзялі з сабою кавальскія горны й малаткі і, увайшоўшы, залітавалі ўсе засаўкі. Яны пастанавілі не пакінуць ніякіх магчымасцяў ні для ўваходу, ні для выхаду раптоўным прыступам роспачы ці вар'яцтва сярод тых, хто застаўся ў мурох. Кляштар быў шчодра забяспечаны. Належна засцярогшыся, княжы двор мог не зважаць на пагрозу заразы. А свет за мурамі хай сам пра сябе дбае. Тым часам было глупствам засмучацца або думаць. Князь паклапаціўся пра ўсе магчымыя забавы. Там былі блазны, імправізатары, балет, музыка, Прыгажосць, віно. Усё гэта й надзейная бяспека былі ў мурох. Вонках іх была Чырвоная Смерць.

Калі набліжаўся да канца пяты або шосты месяц кляштарнага замкнення й калі пошасць навокал лютавала найстрашней, князь Праспэра сабраў тысячу сваіх сяброў на маскаваны баль незвычайнае пышнасці. Маскарад гэты быў найдзівоснейшым відовішчам. Але дазвольце мне найперш апісаць пакоі, у якіх ён адбываўся. Іх было сем — велічная анфілада. Шмат у якіх палацах, аднак, гэтыя анфілады складаюць доўгую й простую перспектыву, а дзверы рассоўваюцца на абодва бакі амаль да самых сценаў, так што скразны від усяе чарады пакояў нічым не затуляецца. Тут жа была зусім іншая рэч; як і можна было спадзявацца, уважаючы на князеву схільнасць да ўсяго bizarre [11]. Пакоі былі размешчаныя так бязладна, што за раз можна было ахапіць зрокам крыху больш за адзін. Праз кожныя дваццаць або трыццаць метраў быў круты паварот, і за кожным паваротам хавалася непрадбачанасць. Справа й злева, пасярэдзіне кожнай сцяны высокае й вузкае гатычнае акно выходзіла на крыты калідор, які паўтараў выгіны анфілады. Вокны гэтыя былі аздобленыя вітражамі, колер якіх мяняўся адпаведна з пераважным тонам розных пакояў. Крайні ўсходні, прыкладам, меў блакітную абставу — і ярка-сінія былі ў ім вокны. Другі пакой быў барвовы ў сваёй аздобе й шпалерах, барвовыя былі й шыбы. Трэці быў скрозь зялёны, гэткія ж былі й вокны. Чацверты быў абстаўлены й аздоблены ў памаранчавы колер — пяты ў белы — шосты ў ліловы. Сёмы пакой быў атулены шчыльна чорным аксамітам, які пакрываў усю столь і сцены ад верху да нізу ды спадаў цяжкімі складкамі на дыван — тае самае тканіны й адцення. Аднак толькі ў гэтым пакоі колер вокнаў не адпавядаў навакольнай аздобе. Шыбы тут былі пунсовыя — густа-крывавага колеру. Ні ў адным з сямёх пакояў сярод багатага залатога аздаблення, якое было раскіданае сям і там або звісала са столяў, не было ні свяцільняў, ні кандэлябраў. Ва ўсёй анфіладзе не гарэла ніводнае лямпы або свечкі. Аднак у калідоры, уздоўж анфілады, насупраць кожнага акна стаяў цяжкі трыножнік з жарніцаю, полымя якой зырка асвятляла пакой праз каляровыя шыбы. I гэтак у пакоі спараджалася мноства дзівосных фантастычных зданяў. Што да заходняга, чорнага пакоя, дык у ім святло ад агню, што лілося на чорныя заслоны праз крывавыя вокны, стварала асабліва несамавітае ўражанне. Той, хто ўваходзіў туды, гэтак страшна мяняўся тварам, што мала хто з прысутных наважваўся пераступіць парог пакоя.

вернуться

11

Вычварны, вышуканы (фр.).

1 ... 20 21 22 23 24 25 26 27 28 ... 36
Перейти на страницу:
0
Сюжет
  • 1
  • 2
  • 3
  • 4
  • 5
  • 6
  • 7
  • 8
  • 9
  • 10
0
Атмосфера
  • 1
  • 2
  • 3
  • 4
  • 5
  • 6
  • 7
  • 8
  • 9
  • 10
0
Главный герой
  • 1
  • 2
  • 3
  • 4
  • 5
  • 6
  • 7
  • 8
  • 9
  • 10
0
Общее впечатление
  • 1
  • 2
  • 3
  • 4
  • 5
  • 6
  • 7
  • 8
  • 9
  • 10
Итоговая оценка: 0.0 из 10 (голосов: 0 / История оценок)