Бесплатная библиотека
Читайте книгу на сайте или телефоне
READ-E-BOOK » Биографии и мемуары » Не жаль пражытага

Электронная книга - «Не жаль пражытага». Краткое содержание книги:

Аб мінулых гадах, аб былым і пра сённяшнія адносіны да свайго жыцця распавядае кніга Сакрата Яновіча “Не жаль пражытага”. Часам лягчэй і прасцей поўнасцю адкрыць душу перад чужым, чым расказаць пра адну невялікую падзею сваім блізкім. Сакрат Яновіч меў адвагу (вельмі рэдкую) распавесці цэламу свету пра сваё жыццё, пра 50 гадоў творчасці, год за годам, падзея за падзеяй. І хаця не ўсімі сваімі чынамі можа ганарыцца, аднак, не мае да сябе прэтэнзіі. Не мае яе і да свайго жыцця. Не мае прэтэнзіі да нікога. Кожнаму з нас прыпала жыць у пэўную эпоху, перажываць пэўныя падзеі і змены, найважнейшым, аднак, заўсёды было застацца сабой. Чытаючы споведзь Сакрата, бо менавіта так можна акрэсліць гэты твор, часам задумваешся, як бы паступіў на яго месцы ў той час пры тых абставінах. Але табе не давялося быць на яго месцы ні тады, ні зараз. Кожны мае сваё месца, і важна, каб азіраючыся назад можна было з упэўненасцю сказаць “Не жаль пражытага”. А сказаць так можа толькі шчаслівы чалавек, які мае пачуццё споўненай місіі. (Н. Г.)
1 ... 16 17 18 19 20 21 22 23 24 ... 42
Перейти на страницу:

Раецкі, што рабіў у Ваяводскім Камітэце партыі, будучы сам перадваенным грамадоўцам, парадаваў мяне чуткаю, што рыхтуецца ў Беластоку аж... беларуская газета! А пакуль нараіў расстарацца беларускую пішучую машынку, якую, на яго думку, павінен мець адзін з towarzyszy, менавіта нейкі Валкавыцкі, якога можна знайсці ў партыйным гатэлі на Варшаўскай, дзе начуе (цяпер будынак БГКТ). Я і пайшоў туды, адшукаў таго towarzysza, ён акурат драмаў на пасцелі. Размова атрымалася ашаламляльная – і мне, і яму. Нічога падазронага на мой конт ён не мог падумаць, бачачы перад сабою засранца, які не ведае, на якім свеце жыве. Здзіўляюся вось Раецкаму: стары конь, і з турэмным стажам, а наіўна-даверліва патрактаваў планы дзевятнаццацігадовага кавалерчука, якому яшчэ ніхто хоць у зубы не заехаў на пралетарскай забаве...

У той самы час – з падмовы, здаецца, дзядзькі Кізевіча – я вярнуўся да задумы Карэспандэнцыйнага Клуба Маладой Беларускай Інтэлігенцыі. Дастаў пару адрасаў у горадзе; сёння дакладна забытых, бо тыя франты так і не праявіліся ў беларускім руху. Адпрасіўшыся неяк з фастаўскай работы, з’ездзіў я ў Варшаву, дабраўся на Палітэхніку, каб сустрэцца з хвалёным за патрыятызм дацэнтам Парманчуком. Ён, вірліва заняты, вызначыў сустрэчу ў заапарку на Празе, адкуль блізка на Віленскі вакзал, дахаты. Канфераваў я з ім на сцежках, гаварыў пераважна ён, у нецярплівым тоне, пацікавіўшыся перш, чый я эмісар. Сарыентаваўшыся, што нічый, проста дзівак, сказаў сачыць за публікацыямі ў органе ЦК партыі „Trybuna Ludu” і ў органе Ваяводскага Камітэта „Gazeta Białostocka”. Развіталіся, я пакорліва выслухаўшы наказ „Трэба быць асцярожным, нічога лішне не рабіць, будзе беларуская арганізацыя, будзе газета, усё будзе, чакайце!”

Парманчук пакінуў незабыўнае ўражанне як прафесар, які гаворыць па-беларуску! З перспектывы паўвеку я, часамі, засумняваюся ў тым, ці напраўду бачыўся з тым чалавекам... Пра яго аніколі больш не пачуў. На мае паслейшыя роспыты ўсе паціскалі плячыма: „Парманчук? Не, не ведаю”. А была ж у яго яшчэ сястра, адукаваная патрыётка, якое твар цяжка вось уявіць. Гады і эпохі засыпалі, замялі.

Адвячоркам у познюю восень мая размаляваная, бы прыстарэлая чарціха, гаспадыня сцішана, таемна, нашаптала ў маё вяртанне з фабрыкі, што днём быў да мяне pan w skórzanym płaszczu (шпан убоўцаў, tajniaków). Трэба прызнаць: як палячка, яна тады з сімпатыяй зірнула на мяне, земляка зненавіджанага мужа; не ўсе кацапы сцяною стаяць за бальшавікамі... (Мая рэканструкцыя яе думкі). Перадумаў я ўсянютка чорнае, але, нават у найбольш фантастычных варыянтах, не прыходзіла ў галаву, што гэта нехта ад беларускай рэдакцыі, пра якую ўжо ведаў, прачытаўшы неяк у мясцовай газеце абвестку. Назаўтра, ці пасля, прыйшоў, а як жа, той самы, і адразу па-беларуску прадставіўся: Мікола Калядка, сакратар рэдакцыі беларускага тыднёвіка (яшчэ без назвы, бо ў стадыі арганізацыі). Запрапанаваў работу. Столькі запамятаў я і анічога болей ад аслупянеласці. Дадумаўся, што я выдаўся тым унікальным маладым чалавекам, які ўмее пісаць літаратурнаю моваю, а мой адрас мог даць яму Кастыцэвіч або Валкавыцкі... З радасцю выканаў просьбу Калядкі звольніцца з Фастаў; вярнуўся ў Крынкі чакаць паведамлення.

Аўтобусны вакзал размяшчаўся на Юравецкай і я, начэкваючы свайго „пэкаэсу”, слухаў рагатлівы спеў надакучлівага п’яніцы з Беласточка пра пекную служанку, якая... Jedną ręką zaciereczkę gniotіa, a drugą – ch... pana Piotra... Часта здзіўляўся ў паслейшым жыцці, адкуль столькі цэльнасці ў вульгарнай вобразнасці слова!?

Бацькі, вядома, аднесліся з недаверам да маіх сенсацыяў. Мінулі Каляды, віхурыла зіма, а з Беластока ані пісьма! Нарэшце прынёс яго пісьманосец, афіцыйнае, з пячаткамі, з выкрутастым подпісам, – і – Божа Усявышні! – на беларускай мове, беларускім шрыфтам, на беларускай машынцы!!! Тых некалькі радкоў звесткі, каб з’явіўся я на работу ў рэдакцыі „Нівы” дня першага лютага 1956 года, чыталі ў хаце раз-пораз, а стары сеў хутка збіць мне юхтавыя чаравікі. Памятаю: страшэнна ціснуў мароз і я ў пуставатым аўтобусе, у такую зімечу ўсю дарогу пратупацеў між крэсламі. Тады камунікацыя адбывалася цераз Саколку. Каля трох з лішнім гадзін язды.

„Ніву” адшукаў я на вуліцы Кілінскага, на высокім паверсе. Блізка цяперашняга вайсковага музея.

1956–1970

Рэдакцыя „Нівы” ў лютым 1956 г. уяўляла сабою высозную мяшчанскую кватэру, застаўленую пісьмовымі сталамі, рэгаламі, канцылярскімі шафамі, крэсламі; стукацелі пішучыя машынкі, дзве. Радавала нявымушанае ў фірме беларускамоўе без следу польскага акцэнту. Іншы раз мелася ўражанне, што неўзабаве загаворыць па-беларуску ўвесь Беласток, яшчэ даволі ў руінах і не так вялікі, як цяпер (у 6-7 разоў). Сакратар рэдакцыі Міхась Баравік бачыўся жывым прыкладам выратавання беларуса ў беларусе. Гаварыў дзіўным слэнгам: – Товарышч Яновіч, – вылазіла з яго палешуцкае „о”, паходзіў з-пад Гайнаўкі, – słuchajcie, товарышч Яновіч, я w waszym tekście ні всё понімаю. Мне кажэцца, prosze ciebie, że недостаточно показана роль месной organizacji partyjnej... Трэбо подкрэсліті, што той мосток построен дзякуючы актівной postawie członków Partii...

У цеснаце гэтыя маналогі чула, згорбіўшыся, уся рэдакцыя. Яе малады шэф, Юры Валкавыцкі, не вытрымліваў ды бурчэў: – Ат, вы, таварыш Баравік, усё каплічкі ставілі б...

У той лютаўскі месяц прынялі мяне на пасаду перакладчыка. І Веру Ляўчук з арлянскай кафлярні, пра якую было вядома, што закончыла беларускі ліцэй у Бельску і піша беларускія вершы. Адзіным журналістам „Нівы”, які ўдала стараўся даваць рады пісаць артыкулы на культурнай роднай мове, быў менавіта сам шэф. Будучы абсальвентам Літаратурнага інстытута імя Максіма Горкага ў Маскве, ён, ясная справа, таксама ствараў вершы, але чамусьці на русском языке і публікаваў іх у лодзінскім „Русском голосе” Панцеляймона Юр’ева.

Я працаваў, так сказаць, плячо ў плячо з Верай; штораз выхопліваючы адно аднаму з рук таўшчэрны слоўнік акадэміка Кандрата Крапівы. Утомна сённячы вось падумаць пра ўзровень тадышніх нашых перакладаў! Але чытачы неяк разумелі і пісьмы пісалі, прыблізна ў стылі шаноўнага Баравіка. Пасыпаліся вершыкі ад людзей старэйшага ўзросту, памятаючых віленскую сатырычную „Маланку” або Шэршаня з акупацыйнай беластоцкай „Новай Дарогі”. Аднойчы атрымалі ліст, які хадзіў з рук у рукі таму, што быў „на чыстай беларускай”. Калі дачуўся я пра службовы намер запрасіць таго карэспандэнта на штатную работу, бо фатальна не хапала „беларускіх грамацеяў”, спалохаўся і прызнаўся: гэта – Міхасю Клімовічу з Крынак – я склаў тэкст, уласнаручна; стары чалавек і ледзь чытае па складах...

Потым прачнуліся амбіцыі ў Ваські Баршчэўскага і Міхася Хмялеўскага: у першага на бандароўскім дыялекце, у другога – на астраўскім. З Васькам змагалася за чысціню мовы Вера, а я выбіваў з Міхасёвай галавы русізмы, якіх ён набраўся на ленінградскім універсітэце (найдоўга цягнулася між намі бітва супраць „клевера” замест „канюшыны”). А Васька заеўся не прызнаваць мяккіх канчаткаў „-ць”, „-дзь” (у яго ўсё „гаворат” замест „гавораць”, і т.п.). Шрайбавалі на „трасянцы”. Каб паспець здаць матэрыял у тэрмін, а друкарня не чакала, даводзілася працаваць над чысткаю пісаніны звыш усялякае нормы, дапазна.

Мне моцна спадабалася патрыятычная Вера! Перамагаючы заіклівасць, я паспрабаваў залётаў: аднае нядзелі запрасіў яе на цукеркі ў гарадскім парку, з ціхай надзеяй на шчаслівы пацалунак, але яна больш зацікавілася... буйным шчаўем у далінцы. Згледзеўшы пасля, што гэтак жа заінтрыгаваны ёю кавалерскі шэф, я, вядома, стуліў вушы і адступіўся ад далейшых планаў. Дзяўчаты заўважалі мяне на момант, да ініцыятыўнае размовы, да першапачатковых словаў „я ху-ху-хутка яб-яб-яблыка в-вам пррры-нясу...” Не зразу выпрацаваў недвухзначныя фразы.

Рыхтаваўся ўстаноўчы з’езд Беларускага грамадска-культурнага таварыства, на 26 лютага ў будынку Towarzystwa Przyjaźni Polsko-Radzieckiej, што на рагу вуліцаў Сянкевіча і Ліповай. Заперлі мяне перакладаць з пальшчызны статут і ўсякія прамовы; папярэджана, што буду весці пратакол з’езду, на змену з тым Васькам. Прычына тая ж: не мелі іншых беларуска-пісьменных (так засталося і да цяперашняга 2000-га). У пакойчыку на паверсе не аціхалі сварлівыя нарады тых, каго партыя і ўрад прадбачылі на лідэраў, будуючай сацыялізм беларускай нацыянальнай мяншыні. Шумела дзяльба: каму і які кавалак. Акрамя знаёмых дзядзькоў, Кізевіча і Літвінчыка, з’явілася плойма новых, нахмураных і баявітых, і страх было хоць зірнуць на іх. З’езд удаўся натоўпістым. З немалым здзіўленнем угледзеў я на ім сваю матку. Яна не зусім цяміла, куды яе занесла, але ёй спатрэбілася пабачыць мяне, прывезці свежую бялізну, і вось пакарысталася аказіяй: стаяў на крынкаўскім рынку грузавік з брызентам, у які бралі бясплатна „на беларускі з’езд”. Такім чынам трапіла мацерка „ў дэлегаты”. Відаць яе на публікаваных фатаграфіях тае векапомнай падзеі.

1 ... 16 17 18 19 20 21 22 23 24 ... 42
Перейти на страницу:
0
Сюжет
  • 1
  • 2
  • 3
  • 4
  • 5
  • 6
  • 7
  • 8
  • 9
  • 10
0
Атмосфера
  • 1
  • 2
  • 3
  • 4
  • 5
  • 6
  • 7
  • 8
  • 9
  • 10
0
Главный герой
  • 1
  • 2
  • 3
  • 4
  • 5
  • 6
  • 7
  • 8
  • 9
  • 10
0
Общее впечатление
  • 1
  • 2
  • 3
  • 4
  • 5
  • 6
  • 7
  • 8
  • 9
  • 10
Итоговая оценка: 0.0 из 10 (голосов: 0 / История оценок)