Бесплатная библиотека
Читайте книгу на сайте или телефоне
READ-E-BOOK » Биографии и мемуары » Не жаль пражытага

Электронная книга - «Не жаль пражытага». Краткое содержание книги:

Аб мінулых гадах, аб былым і пра сённяшнія адносіны да свайго жыцця распавядае кніга Сакрата Яновіча “Не жаль пражытага”. Часам лягчэй і прасцей поўнасцю адкрыць душу перад чужым, чым расказаць пра адну невялікую падзею сваім блізкім. Сакрат Яновіч меў адвагу (вельмі рэдкую) распавесці цэламу свету пра сваё жыццё, пра 50 гадоў творчасці, год за годам, падзея за падзеяй. І хаця не ўсімі сваімі чынамі можа ганарыцца, аднак, не мае да сябе прэтэнзіі. Не мае яе і да свайго жыцця. Не мае прэтэнзіі да нікога. Кожнаму з нас прыпала жыць у пэўную эпоху, перажываць пэўныя падзеі і змены, найважнейшым, аднак, заўсёды было застацца сабой. Чытаючы споведзь Сакрата, бо менавіта так можна акрэсліць гэты твор, часам задумваешся, як бы паступіў на яго месцы ў той час пры тых абставінах. Але табе не давялося быць на яго месцы ні тады, ні зараз. Кожны мае сваё месца, і важна, каб азіраючыся назад можна было з упэўненасцю сказаць “Не жаль пражытага”. А сказаць так можа толькі шчаслівы чалавек, які мае пачуццё споўненай місіі. (Н. Г.)
1 ... 12 13 14 15 16 17 18 19 20 ... 42
Перейти на страницу:

Чарговы ўздрыг сенсацыйнасці ўпаткаў ад з’яўлення ў той кнігарні Клуба Міжнароднай Кніжкі і Друку колерных часопісаў „Беларусь”, „Маладосць”, „Вожык”, „Работніца і Сялянка”. Так! Як наладзіць падпіску на іх у Крынках? Ветлівая пані прадаўшчыца не ведала, але завяла мяне да кіраўніка, сівавалосага Васіля Літвінчыка, якога я беспрытомна выслухаў, перш не цямячы толкам, чаму напахнёны беластоцкі пан і „шышка” – szanowny towarzysz! – гаворыць па-беларуску... Беларускі свет нарэшце азваўся без халопскай аглядкі ды хамуцкай запацеласці.

Літвінчык запэўніў – і мая падпісная агітацыя дала някепскія вынікі. Паўвеку вось памятаю стройную Зіну Ганацкую, медычку з крынскай бальніцы. Яна з прамяністасцю ў вачах заказала ўсё, і „Беларусь”, і „Маладосць”... Іншыя падпіснікі скрамней.

Значна пазней уведаў, што ў Крынках – і ў блізкай Саколцы – узнік быў тады Narodowy Związek Patriotów Polskich. Нічога страшнага, калі б да тых ліцэістаў-католікаў (Каралькевіча і сябрыны) не зацясаліся старакавалеруючыя фрустраты: забілі, дурні, міліцыянта. Умомант пералавілі следчыя наіўнякоў; засудзілі па бязлітасных мерках таго часу (самога забойцу, здаецца, павесілі). Хлапчукі „зарабілі” цяжкія выракі, нягледзячы на іх няпоўналетнасць. Беластоцкі радыёкаментатар погразна пуэнтаваў: Związek Patriotów Polskich – tak, Narodowy – nie!

Саюз Беларускіх Патрыётаў стуліў вушы.

* * *

Саюз Беларускіх Патрыётаў, хоць і не разгарнуўся, назаўсёды вызначыў аднак нацыянальную нам свядомасць. Сябры распыліліся па школах Польшчы – ад Альштына да Шчэціна і Вроцлава. Вялі перапіску, часцей шыфруючы тым жа лічбавым кодам не столькі свае палітычныя думкі, колькі менавіта характарыстыкі кандыдатак у нарачоныя... Пісем пісалі шмат, настальгічных. Сустракаліся ў Крынках пры нагодзе святочных і летніх канікулаў – у нашым новым прасторным доме, што не было так складана, бо маці любіла кагаліць ды ўчастоўваць, выслухоўваць пахвалы яе кулінарных здольнасцей. У бацькі як шаўца не зводзілася прыхаваная самагонка, якую пастаўлялі сялянскія кліенты. З вёсак над Нетупаю ды Свіслаччу прывозілі пад Каляду свежай рыбы, мянтузоў з камяністага вадаспаду каля вадзянога млына Карпінскага. Перадсвяточнае замяшанне нарастала на які месяц раней. Бацька – тады ўжо нелегальна – грукаў у майстэрні, адкуль вечарамі далятаў мужчынскі рогат (яшчэ прыходзілі на майсы падобныя яму нелегалы). Патаемны выраб скураў у Крынках, наогул хромавых, набываў нябачнага размаху, дзякуючы ціхай спагадзе функцыянераў улады, партыйных і паліцэйскіх з павятовай Саколкі ды з ваяводскага Беластока. Ім трэба было камісарскіх куртак і доўгіх плашчоў на непагадзь, у дождж і ў завіруху. Патаемнікі, ясная справа, не бралі ад іх грошай, а насупоненыя ўчарнелыя начальнікі не паяўляліся асабіста, здзелкі адбываліся цераз жонак або сваякоў. „Скуратнікам” такі інтэрас быў моцна на руку, быццам цяперашні памяркоўны haracz для мафіі. У сталінізм апаратнікі жылі скромна. Гэта потым яны разявіліся, бы паршукі ў карыце, пасмакаваўшы дарэмшчыны.

Чорны рынак пускаў карані на дзесяцігоддзі. Крынкі як гарбарны некалі патэнтат набылі вядомасць і за Віслаю. Перадваенныя работнікі ў жыдоўскіх гарбарнях заняліся – кожны як умеў – скуратніцтвам. Страшны Urząd Bezpieczeństwa Publicznego (абрэвіятура: UB) перастаў у чарнамазых выклікаць пярэпалах; убоўцы праводзілі рэвізіі, чаму не, але як бы дзеля прыліку, і неяк заўсёды ў пэцкаляў, г.зн. у тых, хто блага вырабляў (добрых фахманаў не чапалі). Сфармавалася хэўра старэйшых хлопцаў, якія выконвалі, так сказаць, кур’ерскую службу, адвозячы гатовыя заказы, бывала, і недзе на Шлёнск. У дарогу апраналіся канспіратыўна па-лахманнаму, але чамусьці абавязкова ў хромавых шапках з зашмальцаваным казырком і нацягнутых аж да брываў (можа таму, каб не падалі ім з галавы ў падарожную дрымоту?). Раз-другі здарыліся забойствы.

Беларуска-патрыятычныя гутаркі ў застолле, як успамінаю, былі ўсцяж... савецкімі. Польшча мелася стацца семнаццатай рэспублікай; крамлёўскія маруднікі лішне адцягвалі фіналізацыю таго. Што ж, усё роўна нікуды яна не падзенецца, у варшаўскіх вярхах поўна саветаў, польскай арміяй камандуе маршал СССР Канстанцін Ракасоўскі. Заядлае русафільства бралася з апазіцыі да не менш бязвыхаднай русафобіі ў католікаў, як два канцы сукастай палкі. Мы ні трохі не разумелі вялікай палітыкі, логіка якое адназначна ў некарысць беларусам, уяўляючымі сабою маргінальны патэнцыял. Расія наогул лёгка прадае сваіх энтузіястаў, маючы на ўвазе глабальныя мэты, кантынентальныя. Паветы, рэгіёны яе не хвалююць. Ёй давай усю з патрахамі Польшчу.

Ці беларуска-польскае паразуменне на народным, стыхійным, ўзроўні магчымае? Напэўна так, але процідзеялі і процідзеяць гэтаму грамадскія і канфесійныя структуры, а рашуча – палітычныя. Католік-беларус, калі б такі аб’явіўся ў нас, быў бы залічаны ў лік псіхічна хворых асобаў. Праваслаўныя аднесліся б да яго як да подлага правакатара, якому хочацца чагосьці небяспечнага.

У моц такіх фактараў Беласточчына паступова апускалася ў цывілізацыйную катастрофу; пашыраючы ў ёй пагарду да родных каранёў, пазбаўляючы пачуцця бацькаўшчыны. Польская асіміляцыя, як кожная асіміляцыя, надта павярхоўная, ананімнае насельніцтва не перастае кіравацца па-прасцяцку сацыяльнымі інтарэсамі, жыватом, замест галавою. Няма нацыі, няма і Айчыны. Толькі гон, гон і гон па лепшы хлеб. Не свой жа, чужы. Гэта ж, выбачайце, лайдацтва!

Мае кантакты з Васілём Літвінчыкам набылі некаторай канфідэнцыйнасці. Я нават заходзіў да яго на кватэру, на паддашку аблупленай камяніцы на Аградовай (блізу Фабрычнай). За каторымсьці разам ён пазнаёміў мяне з беларусам, які на выгляд не павінен быць беларусам: энергічны чалавек, смелы ў слове, не плаксівы, канкрэтны, ажно катэгарычны. Піліп Кізевіч, дырэктар беластоцкіх вадаправодаў. З выразнымі сувязямі ў структурах улады. Заімпанаваў! Хоць і ад яго павейвала, як і ад Літвінчыка, настаўніцтвам (мой вучнёўскі нюх). Абодва яны спрачаліся ў нечым, чаго я не кеміў; даходзіла да мяне агульнае: ідзе барацьба ў беларускіх справах, у адміністрацыі (наконт школьнага пытання?). Мая прысутнасць дадавала мне гонару. Як матурысту, дзядзька Піліп – сурова зіркаючы ў твар – наказваў: вучыцца, паступіць у вышэйшую школу, і не жаніцца, ахвяраваць усяго сябе справе! Беларускаму руху трэба інтэлігентаў-самотнікаў дзеля ненаіўнай дзейнасці, і каб без завалы бабаю, дзяцьмі. Такі адзін зробіць больш, чымсьці натоўп дыпламаваных сяруноў, якіх надта проста шантажаваць нэндзаю сям’і. Браць вось прыклад з ксяндзоў: вучаныя яны, дысцыплінаваныя. Цэлібат не раўназначны з бязбаб’ем у пасцелі, гарантуе аднак бескампраміснасць у жыцці, заўсёдную гатоўнасць у імя нечага галоўнага. Настаўляў Кізевіч, даваенны падпольнік, чамусьці не прадчуваючы духу пасляваенных гадоў.

Я і маё пакаленне ў ахвоту слухалі былых змагароў, як малое байку. А напраўду мы марылі аб іншым, аб тым, каб хутка дабіцца фаху і блёку, заробкаў і пекнай жонкі. Універсітэцкі ці палітэхнічны дыплом – гэта доўгая песня; калі тое будзе, а змаганне невядома чым кончыцца. Нашто далей вучыцца, калі фабрыкі ўжо чакалі тэхнікаў ды дзяўчаты на музыках над Свіслаччу і Супраслю ажно сукаталі каленямі, каб узяць каторую замуж у Беласток. Будні нецярпліва начэквалі прыходу маладых. Тым часам мажны дзеяч з вачыма фанатыка намаўляў аддацца без астатку ідэі.

Я любіў чытаць пра рэвалюцыянераў, як і пра амерыканскіх індзейцаў, цікаўна прыкідваючы час-часом, колькі даставацьму, стаўшы... тэхнікам-электрыкам.

1 ... 12 13 14 15 16 17 18 19 20 ... 42
Перейти на страницу:
0
Сюжет
  • 1
  • 2
  • 3
  • 4
  • 5
  • 6
  • 7
  • 8
  • 9
  • 10
0
Атмосфера
  • 1
  • 2
  • 3
  • 4
  • 5
  • 6
  • 7
  • 8
  • 9
  • 10
0
Главный герой
  • 1
  • 2
  • 3
  • 4
  • 5
  • 6
  • 7
  • 8
  • 9
  • 10
0
Общее впечатление
  • 1
  • 2
  • 3
  • 4
  • 5
  • 6
  • 7
  • 8
  • 9
  • 10
Итоговая оценка: 0.0 из 10 (голосов: 0 / История оценок)