Бесплатная библиотека
Читайте книгу на сайте или телефоне
READ-E-BOOK » Биографии и мемуары » Не жаль пражытага

Электронная книга - «Не жаль пражытага». Краткое содержание книги:

Аб мінулых гадах, аб былым і пра сённяшнія адносіны да свайго жыцця распавядае кніга Сакрата Яновіча “Не жаль пражытага”. Часам лягчэй і прасцей поўнасцю адкрыць душу перад чужым, чым расказаць пра адну невялікую падзею сваім блізкім. Сакрат Яновіч меў адвагу (вельмі рэдкую) распавесці цэламу свету пра сваё жыццё, пра 50 гадоў творчасці, год за годам, падзея за падзеяй. І хаця не ўсімі сваімі чынамі можа ганарыцца, аднак, не мае да сябе прэтэнзіі. Не мае яе і да свайго жыцця. Не мае прэтэнзіі да нікога. Кожнаму з нас прыпала жыць у пэўную эпоху, перажываць пэўныя падзеі і змены, найважнейшым, аднак, заўсёды было застацца сабой. Чытаючы споведзь Сакрата, бо менавіта так можна акрэсліць гэты твор, часам задумваешся, як бы паступіў на яго месцы ў той час пры тых абставінах. Але табе не давялося быць на яго месцы ні тады, ні зараз. Кожны мае сваё месца, і важна, каб азіраючыся назад можна было з упэўненасцю сказаць “Не жаль пражытага”. А сказаць так можа толькі шчаслівы чалавек, які мае пачуццё споўненай місіі. (Н. Г.)
1 ... 20 21 22 23 24 25 26 27 28 ... 42
Перейти на страницу:

Дваццаты з’езд з хрушчоўскім дакладам, як і вяртанне Гамулкі на пасаду першага сакратара польскай партыі, беларусы сустрэлі неадназначна. Задаволенасць разгонам у Польшчы „калхозаў” псавала гарката ад выбуху касцельнага нацыяналізму. Пры Сталіне з Берутам жылося страшнавата, але хоць аніякі аковец не адважыўся крычаць: Kacapi do raju!

Гамулка ліквідаваў Urząd Bezpieczeństwa Publicznego. Утвораная затым Służba Bezpieczeństwa ўвяла ў сябе абавязак сярэдняй адукацыі (пажадана вышэйшай). І раптам зараіліся каля „Нівы” панура-мардатыя невукі, у пошуках спагады або і заробку (пазнавалася іх па – службовых убоўцам – скураных плашчах або куртках). Матэрыялу на журналісцкую прафесію сярод той публікі не заўважалася, акрамя Амільяновіча, аднак умелі яны здабываць інфармацыю (сырую), а пару тыпаў рабіла някепскія фатаграфіі, якімі ілюстравана тэксты пра імпрэзы, нарады, важныя пасяджэнні.

А я ўсё жаніўся і не надта цяміў, што вакол чаўпецца. Капічыў грошы, скупіўся на ежу, ездзіў да бацькоў па булкі хатняга хлеба і салёнае сала, яйкі. Валкавыцкі, пабачыўшы, што блага са мною, нараіў, каб я не трымаўся сухога, бо скончыцца тое хваробаю страўніка. – Вы піце хоць чай, на абед шклянку гарачае вады, – раіў ён як былы салдат.

Беларускае грамадска-культурнае таварыства заснавана ў нязручны час, калі Польшча кіпела. Вуліца ахрысціла Таварыства савецкай агентураю, дзеля чаго мела свае падставы. Структуры арганізацыі ўзначалілі sprawdzeni towarzysze, вядомыя ўбоўцы ці камітэцкія апаратнікі ў сталінскія гады. Калі: nie matura, lecz chęć szczera zrobi z ciebie oficera. Носячы ў сабе крыўду да гамулшчыкаў, гэтыя паўпісьменныя „товарышчы” несумненна брынялі тэндэнцыяй пераўтварыць БГ-КТ у нешта накшталт істотнага патэнцыялу, масавага! Ад таго – ад гучнай кампаніі пашырэння Таварыства – і развялася плётка, што беларусы хочуць адарваць Беласточчыну ад Польшчы, далучыцца да Беларускай ССР. Неверагодна жывучая; і цяпер палякі дапытваюцца ў мяне, ці гэта праўда. Не памагае аргумент, што беларусы як сяляне не могуць марыць і не мараць аб тым, каб злучыцца з савецкім „калхозам”. А як жывецца пад Лукашэнкам, кожны бачыць, старое і малое. Мае размоўцы, факт, ціхнуць, але шостым-сёмым інстынктам я адчуваю, што яны мне не вераць. Ну і Бог з імі!

Хутка – у лютым 2001 – будзе сорак пяць гадоў існавання „Нівы”. Сам сабе не веру, што так доўга. Прыйшоў я да яе дваццацігадовым хлапчуком з дыпломам тэхніка-электрыка ў кішэні. У лютаўскія маразы пяцьдзесят шостага. Непрытомны ад беспаняцця, што і як рабіць у ёй.

„Ніва” была аўтэнтычна народнай газетаю. 3 пошты прыносілі штодзень пачак пісем; чытаў галоўны рэдактар, прыдзяляючы іх паасобным журналістам для далейшага разгляду, інтэрвенцыі. Начальнікаў, на жаль, магчыма было толькі хваліць, змаўчаць паскудствы. Адпаведна прынцыпу: партыя паставіла каго на пасаду – партыя за яго і адказвае. Гэта значыць: крытыкуючы, напрыклад, дырэктара ты падрываеш давер да... партыі! Таму выпрацавалася асаблівая стылістыка – каб падчапіць прасмердлага жуліка, спачатку артыкула ўзвялічваліся ягоныя дзеянні, пералічваючы і ордэны на грудзях, і пад канец ужо выказвалася дапушчэнне, што тыя дасягненні былі б яшчэ большымі, калі б ён...

Наконт ордэнаманіі ўзгадаўся выпадак, як фатаграфавалі, каб успяяць у „Ніве”, аднаго солтыса, здаецца, за рамонт нейкае дарожкі. Вывелі мы таго чалавека, бы на расстрэл, на тую жвіраванку, а ён тым часам давай выцягаць з кішанёў свае медалі ды чапляць на кажух, ад барады да пупа... Смех смехам, але і сумна: нацыя перайначвалася ў службістых парабкаў, а дзяржава ў вялізны фальварак.

Даволі наведвалася ў нашу сядзібу, што пакуль займала правае верхняе крыло „Сырэны” – пад погуды паравозаў ад блізкага вакзала, – мінскіх пісьменнікаў з арханёламі. Незабыўная сустрэча з Піліпам Пестраком; па-акторску прачытаў апавяданне. Жвавіста. Супрацьлегласць яму – Янка Брыль, дастойны, бы граф (падабаўся надзьмутым палякам). Пятро Глебка свабадней казаў і я да яго прыкіпеў, чаму не чуваць у Мінску беларускай мовы. – Будзе мова, усё будзе, партыя ачышчаецца, вось, – супакоіў. Уяўляю сабе, якім праставалосым я яму падаўся, бо на правакатара не змахваў, смаркуль.

Беларусы не былі б беларусамі, калі б не запаўцелі падкідаць нагамі беларускую мову. На пленарных сходах Таварыства паяўляліся фацэты з беластоцкага Русского культурно-просветительного общества і, адрэкамендаваўшыся як тоже-белоруссы, ціснулі на друкаванне „Нівы” па-руску. Засеў у маёй памяці інжынер Капчук з публіцыстычным псеўданімам „Белостоков”. Аргументацыя тыпова савецкая: „Белорусский язык – это язык националистов и врагов социализма. Русский язык – это язык коммунизма, язык Ленина!” Пратэставалі старыя КПЗБоўцы, Піліп Кізевіч, Базыль Літвінчык, Васіль Дзун... Wpieniali się! Найразважна паводзіў сябе Валкавыцкі: мова „Нівы” – гэта не мая фанабэрыя, а такая пастанова Цэнтральнага Камітэта партыі. Канец дыскусіі. У Лодзі, зрэшты, выходзіў „Русский голос”, інтэлігенцкі; аніяк не ўкараніўся ў халопскай Беласточчыне. Тыраж таго элегантнага часопіса ў параўнанні з ніваўскім бачыўся несур’ёзным; дарэчы, неўзабаве – здаецца – самаліквідаваўся. Існавала мноства школаў з дадатковым навучаннем беларускай мовы і літаратары, у якіх выкарыстоўвалі „Ніву” ў якасці навучальнага дапаможніка. Таму, натуральна, узнікла пытанне дадатку для вучняў, за што ўзяліся жанчыны, Вера Ляўчук-Валкавыцкая, Зося Бусловіч. Але гэта мяне не цікавіла; баяўся кантакту з дзецярнёю, яна рагатала ад маіх заіклівых опусаў патрыёта.

* * *

Жаніліся рана. Замуж выходзілі яшчэ раней. На дваццаць першым годзе я рыхтаваўся да свайго вяселля. Гэта быў выхад у хлябнейшае жыццё. Дзве выплаты – не тое, што адна. І знаходзілася падставу дабівацца сякое-такое кватэры (тады давалі ўлады, нават талоны на халадзільнікі). Кавалер быў нічым. Жаніцьба рабіла з цябе партнёра адміністрацыі. Толькі ў такім цывільным стане з табою гаварылі, ты мог запісацца на патрэбны прыём у начальніка (сакратарка пытала: чаго?). Шантаж і мой быў дзяцінна просты: władza jest władzą ludu, a ja jestem właśnie z ludu. Першы данос на мяне – у магістрат – датычыў менавіта няпэўнасці ў маім ludowym паходжанні (бацька – шавец, маці – краўчыха, словам: буржуазія).

Тым часам закончвалі на вуліцы Весялоўскага (цяпер Суражская) пабудову Дома Друку, у які сялілі рэдакцыі. „Gazeta Białostocka” пакідала мінулавечную камяніцу на Кілінскага; будыніну дзялілі бяздомным журналістам з сем’ямі. Пайшоў прасіцца і я, кажучы тав. Гаясу, дырэктару выдавецтва, што ў Каляды ў мяне шлюб. – Dobrze, kochany, ale bez metryki ślubu nie przychodź do mnie. No i przyprowadź nam swą narzeczoną... (зрабіў perskie oko). No, działaj, chłopie!

Часу, практычна, не заставалася, дзяльба тая ўжо набывала размаху; шлюбаў не давалі з ночы на дзень (чарга!), таму наш бог і начальнік у выдавецтве відавочна палічыў, што аднаго прэтэндэнта да шанцоўнай жыллёвай плошчы акажацца яму менш. Не ведаў ён, што мая Таня працавала ў магістраце якраз, дзе максімальна пайшлі ёй на руку як свайму чалавеку. Па-за чаргою, звычайна, аформілі нам шлюб, бы выпіску нейкага пасведчання. Без помпы, рытуалу. Przy biurku z papierzyskami. Бо сапраўдная ўрачыстасць чакала нас пасля, у зімовым Мікалаеўскім саборы.

Свядомасць важнай табе маемасці надта мацуе пачуццё адказнасці. Ёсць жонка. Кватэра! Праўда, не зусім: прызналі палову – ад дошкі да дошкі – былое рэдакцыйнай святліцы, з двума вокнамі на падворышча ды на запушчаныя агароды ўздоўж муроў палаца Браніцкіх, з пахіленымі нужнікамі ў лапухоўі (цяпер там бяжыць асфальт артэрыі захад-усход). На партэры. У падвале – пад падлогаю – буяў варштат Wyrуb trumien. Недзе побач, начамі рагаталі, бы гіены, прастытуткі. У зараслях валяліся п’яніцы.

У хляўчуках трымалі вугаль, лучыну на распалку.

Ахапіў непраўдападобны энтузіязм! Я накінуўся на работу ў „Ніве”, бы дзіця на цукеркі. Бывала, адну за адною дзве ночы не спаў, каб найбольш зарабіць. Хадзіў апухлы, усё роўна што пчоламі пакусаны. Так бараніўся арганізм ад перанатугі. Шанцавала на грашовыя аказіі; у тую восень пяцьдзесят сёмага паўрэдакцыі выкацілі застуды, здаровымі хадзілі адны гультаі. Сакратар „Нівы” Баравік малітоўна паглядаў на мяне: – Як себя чуствуеш, drogi, га?.. Будзь ласка, ешчо потэрпі. Сам бачыш, што нэма з кем робіті газэту, а тэрміны нэ чэкают, давай і давай в друкарню...

1 ... 20 21 22 23 24 25 26 27 28 ... 42
Перейти на страницу:
0
Сюжет
  • 1
  • 2
  • 3
  • 4
  • 5
  • 6
  • 7
  • 8
  • 9
  • 10
0
Атмосфера
  • 1
  • 2
  • 3
  • 4
  • 5
  • 6
  • 7
  • 8
  • 9
  • 10
0
Главный герой
  • 1
  • 2
  • 3
  • 4
  • 5
  • 6
  • 7
  • 8
  • 9
  • 10
0
Общее впечатление
  • 1
  • 2
  • 3
  • 4
  • 5
  • 6
  • 7
  • 8
  • 9
  • 10
Итоговая оценка: 0.0 из 10 (голосов: 0 / История оценок)