Бесплатная библиотека
Читайте книгу на сайте или телефоне
READ-E-BOOK » Биографии и мемуары » Не жаль пражытага

Электронная книга - «Не жаль пражытага». Краткое содержание книги:

Аб мінулых гадах, аб былым і пра сённяшнія адносіны да свайго жыцця распавядае кніга Сакрата Яновіча “Не жаль пражытага”. Часам лягчэй і прасцей поўнасцю адкрыць душу перад чужым, чым расказаць пра адну невялікую падзею сваім блізкім. Сакрат Яновіч меў адвагу (вельмі рэдкую) распавесці цэламу свету пра сваё жыццё, пра 50 гадоў творчасці, год за годам, падзея за падзеяй. І хаця не ўсімі сваімі чынамі можа ганарыцца, аднак, не мае да сябе прэтэнзіі. Не мае яе і да свайго жыцця. Не мае прэтэнзіі да нікога. Кожнаму з нас прыпала жыць у пэўную эпоху, перажываць пэўныя падзеі і змены, найважнейшым, аднак, заўсёды было застацца сабой. Чытаючы споведзь Сакрата, бо менавіта так можна акрэсліць гэты твор, часам задумваешся, як бы паступіў на яго месцы ў той час пры тых абставінах. Але табе не давялося быць на яго месцы ні тады, ні зараз. Кожны мае сваё месца, і важна, каб азіраючыся назад можна было з упэўненасцю сказаць “Не жаль пражытага”. А сказаць так можа толькі шчаслівы чалавек, які мае пачуццё споўненай місіі. (Н. Г.)
1 ... 17 18 19 20 21 22 23 24 25 ... 42
Перейти на страницу:

Рэдакцыйная работа – без элементарнага паняцця аб ёй – давалася нявыказна цяжка, але душа гарэла энтузіязмам. Здараліся дні і ночы, калі я амаль не спаў, малады і здаровы дваццацігодак. Сапраўднай журналістыкі раней палізаў трохі адзін Міхась Хмялеўскі; рэшта знаходзілася на сярмяжным узроўні тыпу: „Хлопці, будэмо пысаті газэту!” І хлопцы шпарылі! Сёння ў мяне няма адвагі глянуць на тыя нумары „Нівы”: прымітыў на ўзор перадваенных эфемерыдаў убогіх сялянскіх рэдактараў.

Некуды знік Мікола Калядка. Вынырнуў паважаным інструктарам Галоўнага праўлення Таварыства, але і ў гэтай ролі не вызначыўся. Сімпатычна з ім гаварылася, але быў з яго тып урадніка, не дзеяча. Як рэпатрыянту з-за савецкага кардону, магчыма, не надта і давяралі яму... Я, завалены тэрміновымі перакладамі, не меў калі на розгляды. Працоўны дзень апавяшчаў Баравік нараканнямі, што znowu няма з чаго зрабіць наступны нумар тыднёвіка. Калі, нарэшце, выходзіў з друку – здаецца, у чацвяргі? – склікалі нараду дзеля ацэнкі публікацыяў, іх ідэйнай важнасці ды тэматычнай разнастайнасці, агульнага выгляду часопіса. Панаваў настрой свята, які часам псаваў – заўсёды партыйнай крытыкай – Васька Баршчэўскі, пасля чаго арганізаваў ён складчыну на выпіўку. Яго пабойваліся шэфы і да п’янкі, зрэшты памяркоўнай, даходзіла без іхнага ўдзелу. Любіў пагаманіць з чаркаю ў руцэ вельмі таварыскі Міхась, а Васькаў успамагальнік, вечна падпіты Мікола Матэйчык – з Гарадка – пераўтвараўся ў аратара і дэкламатара чужых ды ўласных строфаў. Не пісаў вершыкаў, бадай, адзін Баравік. Аграном.

Журналіста з класным пяром „Ніва” не займела. Бо і адкуль?! Талент праглядаўся менавіта ў Ваські, аднак не хапала яму адукаванасці. І характару – схільнасці працаваць над сабою, чытаць кніжкі, развіваць здольнасці. Удачы не акрылялі яго, а дэмаралізавалі. У камандзіроўках клеіліся да Ваські гарачыя бабы, што не магло закончыцца дабром. У тым якаясьці біялагічная загадка: ёсць мужчыны, бы чараўнікі, якім нічога не каштуе спадабацца жаночай пекнаце. Наогул досыць вульгарныя яны самцы, што іншы Колька – Куц – тлумачыў арыфметычна: з дзесяці апланаваных каханак толькі... дзевяць б’е ў морду.

Я тым часам верыў у моц друкаванага слова, у ягоную публічную цудадзейнасць, і заядла ўзяўся за свае дыдактычныя апавяданні. Дастаткова нагадаць загаловак „Гнілое ў здаровым” з травеньскай „Нівы”, каб адразу адчуць, аб чым мой твор. Або „Родная глухамань” – у некалькіх укрыўках, летам таго ж пяцьдзесят шостага. Задаволенасць Валкавыцкага маім дэбютам была, як думаю, выключна практычная – меў чым запоўніць старонкі, прычым тэкстамі вытрыманымі ў строгім сацыялістычным рэалізме, з непазбежным маралітэтам, пазітыўным. Даваў мне, электратэхніку, „азбучные” веды пра тэхналогію літаратурнага запісу. На падабенства эксклюзіўнага выкладу. Хоць не ўсё да мяне даходзіла ад яго, але я інстынктыўна прадчуваў, што надарыўся шанц нечага падвучыцца ў чалавека, які ведае, што такое літаратура. Як аказалася пасля, як ніхто акрамя яго ў нашым пасляваенным асяроддзі паўінтэлігентаў у першым пакаленні. Без паняцця пра жыццё і свет.

* * *

„Ніваўцы” не мелі дзе жыць. Мяне паратаваў Серафім Раманюк, якога род ад Чаромхі; удаўся ён польскамоўным беларусам, дзіка саромеўся свайго „хахлацкага” дыялекту. Шмат дапамог мне яшчэ ў Электрычным тэхнікуме, будучы найвыдатным абітурыентам, а цяпер нараіў кватаранта цёткі, што знайшоў сабе самастойны пакоік. Аказаўся ім высозны хлопец з-пад Саколкі, які ахвотна гаварыў са мною па-беларуску. Не таму, што патрыёт, бо католік у нас не можа стацца беларускім патрыётам, ксёндз пракляне. Той высозны хлопец ненавідзіў беластачанаў за іхныя пажартункі з няпольскага акцэнту ды сялянскіх навыкаў, скупасці на выпіўку. Раманюк у гэты раз з адчувальнай палёгкаю пазбыўся кантакту са мною, бо я нацэліўся зрабіць з яго стопрацэнтнага беларуса, тыцкаючы яму ў рукі нумары „Нівы”, на „буквы” якое глядзеў ён з авечым здзіўленнем.

У таго хлопца – на смерць забыў імя! – ужо знайшоўся сябра для кватаранцкае суполкі, пачынаючы геаметр ад Карыціна, і мы ўтрох gadaliśmy w tym chłopskim języku. Усяляк пляваліся на мяшчанаў, якія і здаля не падпускалі нас да сябе. Пасля, вельмі ўжо потым, пашанцавала ім пажаніцца з беластачанкамі і, калі каторы ўгледзеў мяне на тратуары, дык, мала ног не паламаўшы, перабягаў на другі бок вуліцы! Такі вось гонар, зжалься Божа, у чалавека з вёскі.

Пакоік падаўся прасторным, і з кафлёваю плітою, але чамусьці з цэментавай падлогаю, і з адным акном, што ўпіралася ў хляўчук з паршуком ды курамі. Напрыканцы вуліцы Сянкевіча, блізу сённяшнага гарадскога шпіталю. У рэштавіне местачковага Беластока. З надыходам восені і маразоў валасы прымярзалі да падушак. Тады злітаваўся нада мною Аляксандр Давідзюк, былы шэф беластоцкай цэнзуры, актуальна старшыня Беларускага грамадска-культурнага таварыства; дазволіў начаваць у сваім службовым кабінеце.

Рэдакцыю „Нівы” за гэты час перанеслі з Кілінскага на Маніфэсту Ліпцовага, у правае крыло кіно „Сырэна”. На высокім паверсе там, з авальнай заляй з траскочучым паркетам знаходзіліся тры пакоі па лініі антрэсолі як быццам, два з якіх займала Таварыства; у трэцім, за калідорчыкам, гнездаваў Валкавыцкі з Баравіком; журналісты і машыністкі – Люба Сліжэўская, Ніна Бручка – гугнявілі, як гусі на выгане, на той аграмадзіне з туалетам

у глыбокім закутку (сталы стаялі паўкругам). Вечарамі адбываў тут рэпетыцыі тлумны хор, пасля чаго пару паненак спрабавала хутка выйсці замуж папоцемку... Кіраўнічка балетнай групы, спадарыня Таццяна Гіжэўская, трымала свой табунік у моцнай дысцыпліне, слушна лічачы, што любашчы кепска ўплываюць на фізічную кандыцыю танцорак, танцораў.

Валкавыцкі наважыўся ўрэшце ўзяць шлюб з Ляўчучкаю і, відаць, па гэтай прычыне пакінутае памяшканне на Кілінскага ўлады прызналі яму як кватэру. Але, недзе каля іх карпеў асобна Аляксандр Амільяновіч, бяздомны сувальскі паляк-галяк, якога ўзялі ў рэдакцыю, як хоць трохі ўмеючага быць пісакаю. Амільяновіч, гэты дэградаваны афіцэр бяспекі, што пасядзеў быў у турме за грахі, нечуваныя нават у сталінізм, – не імпанаваў лаяльнасцю і мы рэгулярна ведалі, зазвычай назаўтра, што Валкавыцкія менавіта елі і як спалі. Пра шэфа азываўся даволі баязліва, на Верцы затое не пакідаў сухое ніткі. Што казаць: прафесійная звычка, не мог ён не даносіць.

А маё начаванне ў Давідзюковым кабінеце закончылася ў камедыйным стылі. Ягоная сакратарка, маладая мужычка з Гарадка, з’яўлялася на службу раней за ўсіх і за ўсё, так сказаць: з усходам сонца. Маё спаннё на раскладной пасцелі выклікала ў яе сексуальныя фантазіі. З гэтым было паўбяды, пакуль таварыш Давідзюк не асмяшыўся – па маёй віне – перад міністэрскімі візітантамі. Чалавек з яго бачыўся спакойным, ураўнаважаным, і, вядома, не шануючым усякія паперы, дакументы; у шуфляды свайго пісьмовага стала ён і не заглядаў; поначы ў якойсь з іх дзерлася аж мыш! Я звярка ўпаляваў і запоўніў пустыя скрыначкі сваей ежаю – цыбуляю, хатнім салам, хлебам, сырам, маслам, яйкамі, малою патэльняй (смажыў вячэру на электрычнай плітцы).

Аднойчы кліча ён мяне.

– Товарышч Яновіч, понімаеце, надо што-то робіті, бо tak dalej być nie może, – сказаў сіплым ад злосці голасам. – Былі ў меня towarzysze z Warszawy, пытают про одін dokument, а я забыв о вас, давай высовываті шуфляды, а в ніх, понімаеце, цыбуля, сала, колбасы... Воны тое бачат, понімаеце, ну, молчат, але што про меня подумалі... Што я какой-то п’яніца! Ну і самі шуфляды że не для цыбулі, добрэ понімаеце, но для документов, товарышч Яновіч!

1 ... 17 18 19 20 21 22 23 24 25 ... 42
Перейти на страницу:
0
Сюжет
  • 1
  • 2
  • 3
  • 4
  • 5
  • 6
  • 7
  • 8
  • 9
  • 10
0
Атмосфера
  • 1
  • 2
  • 3
  • 4
  • 5
  • 6
  • 7
  • 8
  • 9
  • 10
0
Главный герой
  • 1
  • 2
  • 3
  • 4
  • 5
  • 6
  • 7
  • 8
  • 9
  • 10
0
Общее впечатление
  • 1
  • 2
  • 3
  • 4
  • 5
  • 6
  • 7
  • 8
  • 9
  • 10
Итоговая оценка: 0.0 из 10 (голосов: 0 / История оценок)