Бесплатная библиотека
Читайте книгу на сайте или телефоне
READ-E-BOOK » Биографии и мемуары » Не жаль пражытага

Электронная книга - «Не жаль пражытага». Краткое содержание книги:

Аб мінулых гадах, аб былым і пра сённяшнія адносіны да свайго жыцця распавядае кніга Сакрата Яновіча “Не жаль пражытага”. Часам лягчэй і прасцей поўнасцю адкрыць душу перад чужым, чым расказаць пра адну невялікую падзею сваім блізкім. Сакрат Яновіч меў адвагу (вельмі рэдкую) распавесці цэламу свету пра сваё жыццё, пра 50 гадоў творчасці, год за годам, падзея за падзеяй. І хаця не ўсімі сваімі чынамі можа ганарыцца, аднак, не мае да сябе прэтэнзіі. Не мае яе і да свайго жыцця. Не мае прэтэнзіі да нікога. Кожнаму з нас прыпала жыць у пэўную эпоху, перажываць пэўныя падзеі і змены, найважнейшым, аднак, заўсёды было застацца сабой. Чытаючы споведзь Сакрата, бо менавіта так можна акрэсліць гэты твор, часам задумваешся, як бы паступіў на яго месцы ў той час пры тых абставінах. Але табе не давялося быць на яго месцы ні тады, ні зараз. Кожны мае сваё месца, і важна, каб азіраючыся назад можна было з упэўненасцю сказаць “Не жаль пражытага”. А сказаць так можа толькі шчаслівы чалавек, які мае пачуццё споўненай місіі. (Н. Г.)
1 ... 15 16 17 18 19 20 21 22 23 ... 42
Перейти на страницу:

Вярнуўшыся ў Беласток, адаспаўшыся і ад’еўшыся ў дзядзіны Скарынкевічыхі ў блёкавай кватэрцы на Мальмеда, я выйшаў праветрыцца і надышоў на аднакласнікаў. Ёля Валькевіч з Заменгофа распрыгожылася андуляцыяй. Скаўронскі са Слонімскай – у касцюме з крэпы. Маліноўскі з Пралетарыяцкай – з нарачонай у гадах гарцэркі з падставоўкі. І ўсе рагочуць з мяне, чаго я папёрся ў той блізкі свет?! Мяшчане, пся крэў, выкруцяцца, а мужык пільна трухае паводле наказу зверху! У мяне абудзіўся местачковец і я неадкладна стаў электраманцёрыць у баваўняным камбінаце ў Фастах, што за Бацечкамі. Трапіў у каманду далікатнага інжынера Фэліксяка, пад непасрэдны інструктаж флегматычнага Стэпана з Харківа, наглядчыка ў мантажы магутных элактраматораў тапорнай савецкай вытворчасці, якімі абсталёўвалі прадзільны цэх. – Нэ спішай, Сократэнько, шчэ і завтра будэ дэнь, – лагодзіў мой запал пузаты Стэпан. Калі на падстанцыі згарэў на высокавольтавых правадах якісьці п’янюжка, узялі туды мяне. Меў я перавагі над нябожчыкам: малады, рукі не дрыжаць, не выпівае, з бабамі не быдлуе... Але перш выклікалі ў канцылярыю дырэктара камбіната, пастроіць яму тэлефон. Не выслухаў майго заіклівага тлумачэння, што – не знаюся, не вучылі... – Obywatelu, umieć to chcieć! – адсек мой маналог начальнік і ступіў за мяккія дзверы кабінета. Я зняў пакрыўку, пакалупаў адвёрткаю ў бляшках, ачысціў іх з наляцеўшага павуціння, і апарат раптам зазваніў. Ажно я ўздрыгануўся, успацелы, бы мыш пад мятлою. Пайшоў погалас: спец, хоць і смаркаты.

У пакойчыку на падстанцыі гаспадарыў мала старэйшы майстар, які кахаў крок самбы і шлягер „Wyspa Kuba jak wulkan gorąca... Cza-cza-cza!!” (Барадаты Фідэль Кастра акурат чоўп рэвалюцыю, з хрыстападобным Чэ-Гевараю). Гэтак жа маладая супрацоўніца распавядала пра сваё паненства пад Львовам, пра спеўны вальс „Ой, дывчыно, шумыть гай, шумыть гай, кого любыш, нэ забувай, нэ забувай...”

На парозе асенняга сезону грымнула звестка, што ў тэатры Аляксандра Вянгеркі выступіць акадэмічны купалаўскі тэатр з Мінска. Аднаго дня, каб паспець на спектакль, я не чакаў на грузавік, што адвозіў рабочых у горад, і бегма падаўся ўскрай бацечкаўскай шашы. Мой марафон не перавысіў пятае часткі алімпійскага. Публіка ў задніх радах крэслаў сабралася прасцяцкая, з дармавымі білетамі ад фабрычных прафсаюзаў, і я абяссілена цішыўся ў мокрай успацеласці ад галавы да пят. Ставілі „Канстанціна Заслонава”, іншым разам „Рамэа і Джульету”, што сталася нечуванай набілітацыяй беларускай мовы на сцэне. Палякі пачалі сям-там выходзіць дахаты толькі на спектаклі „Раскіданага гнязда”: цярпець не маглі паказу вёскі ў святыні Мэльпамены! А мешчанеючае мужыцтва, замест плакаць ад драмы, рэагавала смехатою. Узвычаенае вякамі, што селянін – гэта нічога сур’ёзнага. Для шляхетных перажыванняў давай адукаванаму халопу князёў або хаця страшных бальшавіцкіх камісараў у скураных куртках ды з погразнай кабураю маўзера на жываце.

Усё прымаў я за чыстую манету. Нецярпелася прабрацца за кулісы, каб зблізку паглядзець на каго з тых актораў, што так прыгожа гавораць па-беларуску. Калі пашанцуе, то і дакрануцца да каторага. Удалося – і анямеў ад шоку: прыватна беларушчыны між імі не пачуў. Пасля мне доўга здавалася, што я чамусьці кепска падслухаў.

* * *

У тую палову пяцьдзесят пятага ў Беластоку я меў дзве беларускія нішы, абедзве сваяцкія: Карпукі, Скарынкевічы. У Карпукоў пасябраўся – вядома – з крынкаўцам Кастусём Клімуком; кватараваў жа ў іх. Ён, як зэгармайстар, звёў мяне з яшчэ адным зэгармайстрам, Кастусём Сідаровічам, карэнным беластачанінам, які ў санацыю круціўся тут у нацыянальных пачынаннях. Жыў, як і Васіль Літвінчык, у гэтак жа аблупленай камяніцы, што стаяла на рагу Балгарскай і Мазавецкай. У таго і ў таго запамятаўся мне пах таннай ежы без мяса, забеленых буракоў, шчаўю. Абкіданая рэдкімі скваркамі бульба ў рабацінні прысмажанай цыбулі. Шчыльна застаўленыя вазонамі вокны. Духоцце паддашка, за які плацілася нізкі чынш. Бедныя людзі. Бурклівыя жонкі. Нейкія дзеці, нясмачна скрыўленыя на мяне, мала старэйшага за іх, а якому чамусьці цікава прыходзіць на гутаркі з іх неўдалотнымі бацькамі. Заядла польскамоўныя смургелі. Калі я аднойчы здзівіўся, чаму Сідаровічанка не любіць беларускага слова, мажны Сідаровіч, мужчыніска пад два метры росту, сам здзівіўся і адказаў: – А халера яе ведае?!

Свет дарослых заставаўся беларускім, бо беларускім быў іх лёс. Дзеці раслі ў польскім свеце і нішто не магло прытрымаць іх у бацькавым светабачанні. Тым болей, што старыя ім не імпанавалі – ні дабрабытам, ні культурнай адукаванасцю. Мая беларускасць, пэўна, струменілася ад Крынак, ад космасу беларускамоўнага мястэчка. Не вёскі, крый Божа!, з яе закамплексаванасцю хама.

Клімук, Сідаровіч, Літвінчык, Кізевіч, – да іх я хадзіў і заходзіў. Дзякуючы ім не пачуваўся мігрантам, але, як быццам на далёкім ды вялізным крынкаўскім прадмесці. Не Крынкі былі каля Беластока, а Беласток каля Крынак.

Цалкам іншы працяг беларушчыны ўпаткаў у Скарынкевічаў, на суседняй з Карпукамі вуліцы (Мальмэда). У іх асяроддзі не чулася пра веліч Беларусі. Яны клапаціліся ўсё палякамі, бо палякі не хацелі новай улады, глядзелі воўчымі вачыма на саветаў. Нядзелямі зыходзіліся ў Скарынкевічаў свае людзі: Раецкія, Госцікі, Лісоўскія; любілі рэзацца ў карты, пляткаваць, выпіць. Усе яны знаходзіліся на партыйнай рабоце і часта ўспаміналі, як не далі АКоўцам заняць Гарадок. Хто, дзе тады страляў – у кустах ці ў канаплях – і хто кім камандаваў. Хто, як і чаму наклаў галавою (заўсёды дурна, ніколі па-геройску). Выходзіла на тое, што гінулі адны ідыёты, а разумныя цяпер начальнікамі. А было б цудоўна, каб яшчэ і палякі пакахалі партыю, яе ўладу!

Гэта пакаленне першых апаратнікаў, якіх потым цвана вытурылі, прыйшоўшыя нарэшце ў камуняцкія структуры тутэйшыя шляхціцы з ломжынскага Мазоўша, заядлыя, не так мяккія, як кацап’ё. Улада Гамулкі.

Асталяваўшыся электраманцёрам у Фастах, стаў я на кватэру ў Скарынкевічавых суседзяў у тым жа блёку, у наступным пад’ездзе. Гаспадаром аказаўся ўбовец, родам з прыкрынкаўскіх Гураняў, жанаты з мазурыцаю прастытуцкай пекнаты; афіцэрская палятуха. Ім чамусьці не хапала грошай; здалі мне пакой з доступам на кухню. Жылося ў іх, як коціку на жорнах. Ён выязджаў на свае сакрэтныя акцыі, і яна зараз жа знікала некуды, пасля чаго ён яе біў, вымагаючы адрас каханка. – Masz mi powiedzieć, gdzie ten czaruś mieszka, a ja mu wstawię mózgi! Najpierw jaja urwę!..

У некаторым сэнсе такая сітуацыя мне адпавядала. Бывала, цэлы тыдзень я каратаўся адзіным жыхаром гэтай кватэры, што спрыяла маім вечаровым – пасля працы ў фабрыцы – намаганням пачаць выдаваць рукапісны беларускі зборнік для... электратэхнікаў, насычаны перакладамі тэхнічных навінак з нямецкіх часопісаў. Справа ў тым, што ў тэхнікуме крыху карысталіся мы публікацыямі немцаў з Усходняга Берліна (ГДР). Давалася нам тое даволі лёгка; сімволіка схемаў ідэнтычная, часткова і назовы (трансфарматар – усюды трансфарматар, як і акумулятар). Прычым выкладчыкі хвалілі нямецкую тэхніку. Выдаваўся займальны „Przegląd Techniczny”.

Ніхто, аднак, не быў у стане ўспамагчы ў праблемах беларускай тэрміналогіі. Звярнуўся я ў Акадэмію навук Беларускай ССР, але адтуль прыйшла тэлеграма, што „в белорусских переводах не нуждаемся”. Усёй спадзеў зноў на Крынкі: як гэта бацька называў паасобныя элементы інсталяцыі, як іншыя фахманы казалі ў нас на часткі матораў. Аказвалася, што іначай – не на польскі лад ані рускі. Я, набыўшы нямецка-польскі слоўнік, засеў за работу. Першы тэкст паслаў на кансультацыю... Яраславу Кастыцэвічу, дырэктару бельскага беларускага ліцэя. Паслаў, бы камень у ваду кінуўшы.

1 ... 15 16 17 18 19 20 21 22 23 ... 42
Перейти на страницу:
0
Сюжет
  • 1
  • 2
  • 3
  • 4
  • 5
  • 6
  • 7
  • 8
  • 9
  • 10
0
Атмосфера
  • 1
  • 2
  • 3
  • 4
  • 5
  • 6
  • 7
  • 8
  • 9
  • 10
0
Главный герой
  • 1
  • 2
  • 3
  • 4
  • 5
  • 6
  • 7
  • 8
  • 9
  • 10
0
Общее впечатление
  • 1
  • 2
  • 3
  • 4
  • 5
  • 6
  • 7
  • 8
  • 9
  • 10
Итоговая оценка: 0.0 из 10 (голосов: 0 / История оценок)