Не жаль пражытага
- Автор: Яновіч Сакрат
- Серия: Бібліятэчка Беларускага літаратурнага аб’яднання Белавежа #40
- Год: 2002
- Язык: белорусский
- ISBN: 83-85918-33-7
- Жанр: Биографии и мемуары
Электронная книга - «Не жаль пражытага». Краткое содержание книги:
Гадованы ў беларуска-польскай зацюканасці, у Валбжыху павеяла на мяне нейкай вялікасвецкасцю, бульварамі Парыжа і Афінаў, рэстаранамі ў Салуні і Бэрліне, а пад п’яную чарку ўсе спявалі, толькі не па-польску, што мне – зморанаму беластоцкім шавіністычным польскамоўем – страшэнна спадабалася!
У Беластоку, жывучы ў цеснаце шаўца Клеменсевіча ў сляпым завулку Лавіцкім – збоч ад Ангельскай – я меў дачыненне з тупаватым Колькам з Давыдавічаў, які ўсё намякаў, што можам удвух вывесці ў кусты кумпястую Надзьку (яна, фабрычная работніца, каторы час кватаравала ў пакойчыку побач майго). – Колька, каб ты аблез! – ушчуваў я. – Чы я тэбэ што кепське кажу? Ты пэршы засунуў бы! – адбіваўся ён ды ішоў да сябе спаць (прыходзіў пад маё веснавое акно вечарамі). Агломшыў маю рамантычную душу жарабцоўскім эратызмам. Куды далікатней падступіліся потым да майго кавалерства пажылая бапцістка і яе грудзістая сваячка ад Асаўца, якой, відаць, не ўдавалася выйсці замуж, а „летят года”. Стаў я гэта на кватэру ў запушчанай камяніцы на вуліцы Рабінскай (яе ўшчэнт забудавалі пры Герку). Старая трохі імпанавала тым, што за царскім часам закончыла яна расійскую гімназію ў Ломжы ды любіла „разговаривать с правильным петербургским произношением”. Польскую мову лічыла прымітыўнай, мужыцкай, хоць пражыла ўсю ІІ Рэч Паспалітую. „Польское государство – это ненужная ошибка истории” , – казала, быццам цяперашнія рускія шавінякі пра Беларусь. Безнадзейна было з маладою. Як прасцячка, за родны дыялект не высоўвалася ні на сантыметр. – Koniecnie musis bycz tym Ruszinem? – сімпатызавала мне так мазурская гаплючка.
Выезд зэтэмпоўскай моладзі на Кувасы за Бобраю, на меліяраванне таго багоннага абшару, нагадваў сялянскае вяселле: спевы ў чырвонасцяжнай ды транспарэнтнай маляўнічасці ў набічкаваных грузавіках і ўсякая чаўпаса наводзілі на ўспамін вяртанні вазамі ад шлюбу ў Азяраны... І было відаць, на кім трымаецца камунізм: вяскаўня рынулася браць рыдлёўкі, шчыраваць на гразкай гаці, а беластачане пазнікалі недзе ў кустоўі, адкуль даляталі дзяўчынскія попіскі, хлапцоўскі рогат. Адным натруджанасць, другім пікнік. – Wykonamy i przekroczymy Plan Sześcioletni!
Мабілізаваныя – у ліпені – у парамілітарную фармацыю Służba Polsce пераапрануліся мы, электрыкі, у палявыя мундзіры, фуражкі, падперазаўшыся брызянтовымі дзягамі; думалі: едзем у вайсковы лагер, вышкаліцца і пастраляць з карабінаў або і з аўтаматаў... Ды дзе там: заперлі палоць плантацыі цукровага бурака ў былым юнкерскім маёнтку Багатынь, што каля Арнэты. Прыкрае расчараванне, але камендант групоўкі, армейскі афіцэр запасу, падаваў надзею ўсё ж пабыць на палігоне. Манатонію прускага поля ажыўлялі рэактыўныя знішчальнікі з недалёкага ваеннага аэрадрома. Гул, ад якога гнула да зямлі, бы ў грымоты. Не менш памятнае ўражанне выклікаў выгляд ваколіцы, па-чужому загранічны, без роднай задрыпанасці: высаджаныя дрэвамі дарогі, мураваныя дамы і хлявы, дыхтоўныя стадолы, тэхніка на падворках. І ўсё гэтае дабро ў п’яных руках асеўшых тут рэпатрыянтаў (аўтахтоны-мазуры вырозніваліся цвярозасцю). Чырвананосы дэгенерат з-пад Вільні патлумачыў, нават не намогшыся на польскамоўе: – Усё гэтае багацтво ня нашае, мы тутака жывемо на несваём, вернуцца немцы і будзя нам капут, зноў чубарыкаў папруць пад Маскву. Ого немец!
– Nie słuchajcie go, to wróg klasowy! – зрэагаваў нехта з нашых палітрукоў.
– Які я табе вруг? – ускіпеў стары лахман. – Каб ты так далёка сраў, як я бачу і чую, камсамолец ты дурны!
І пайшоў прэч ад нас, калываючыся на непаслухмяных нагах, абутых у патрэсканыя гумоўцы, называныя: сталинские ботинки.
„Фарфал!” – падумаў я бацькавым словам, завезеным ім з Саксоніі. Г.зн. нічога не будзе.
Ад лірыкі Пушкіна, Лермантава – першыя кніжкі ў Яновічаў – я бяспамятна ўяўляў сябе расійскім афіцэрам. У бальным танцы з анельскай дамаю, у рытме лермантаўскага „Маскарада”. У „гран данс”. Думаю, таксама адсюль бралася мая непадатлівасць на правінцыйную паланізацыю, ад пачуцця велічы глабальнай Расіі, чуючы імя якой хацелася стаяць урачыста. У дарастанне даходзіла да свядомасці, што, аднак, тае асляпляльнай Расіі даўно ўжо няма, а ў мой бок глядзеў адтуль тупалобы савецкі смярдзюх. Гэта потым.
Тым часам рыхтавалася ў тэхнікуме studniówka. Ініцыятыва зыходзіла, вядома, ад радавітых беластачанаў, што паціху буянілі на prywatkach, пад музыку патэфонаў ды моладзевых праграмаў – забароненага тады – амерыканскага радыёвяшчання. Пацалункі яны ўжо мелі за сабою, несумненна і сексуальны дэбют. Мы, небеластачане, – нейкі трацяк вучняў – хадзілі ў прыблудах. Устаяўся пацьдзесят пяты год, партыйныя пераставалі хваліцца партыйнасцю, у холадзе палітычнага клімату адчувальна цяплела адлігаю. Будзь тая – нечуваная намі – стадзёнка годам раней, пайшлі б мы на яе ўсе ва уніформах з чырвонымі гальштукамі, з некароткім дакладам наконт падкопаў англа-амерыканскага імперыялізму. Цяпер жа трэба было пазычыць у каго касцюм, „арганізоўваць” babuszkę (г.зн. дзеваньку). Ба, лёгка сказаць. Дапамог вымадзіцца яновічаўскі сваяк, той жа Віцька Карпук. І намякаў ён на сваю сястру Таню, як пару мне, але я яе пабойваўся – старэйшая за мяне і надта ж катэгарычная, камандзерская. Натураю яна якраз мая маці: чорт яе заўсёды мусіў быць старшым!
Падумаў пра Шуру, нарачоную ў крынкаўскае дзяцінства. Адшукаў яе ў інтэрнаце Тэкстыльнага тэхнікума на Міцкевіча. Нават абмяняліся пісьмамі, раз і другі, бо інтэрнацкая варта чужых не прапускала. Стылістыка афіцыйная, з улікам педагагічнай цэнзуры: Szanowna Koleżanko! – а яна: Szanowny Kolego! Крый Божа, каб не po rusku! Ад такое дэканспірацыі магла б атруціцца, падрэзаць сабе жылы, выскачыць акном і забіцца... Згадзілася, паэлегантнела, падрасла, набыла энергічнасці даволі высокай бландзінкі з напахнёнымі язьмінам пухкімі валасамі. Я прыемна здзівіўся, чакаючы няўдачы, але Шура, відаць, нудзілася. Стадзёнка загудзела – у святліцы маткуючай тэхнікуму ўправы арцеляў, што на рагу Сянкевіча і Аградовай – у адвячорак і да дзесятай. Без czadu, без kielicha. Ліманад, кампоты, бакаліі, цукеркі... Настаўнікі, здаецца, канспіратыўна падпілі... Аркестр не нахабны; Шура мне Наташай Растовай, у антрактах канверсацыя: дзе працаваць, колькі зарабляць і г.д. Інстынктыўна жадалася эротыкі, але хто ведаў, як гэта робіцца. Прыціснуцца да грудзей Шуры – ну, скандал на людзях! Абняўшы Шуру я пасля не даў бы рады глядзець у вочы сваёй матцы! У сем’ях панавала атмасфера грубай барацьбы за выжыванне і, як у аповесцях Льва Талстога пра сялян, пасля вяселля не кожныя маладыя ўмелі кахацца ў пасцелі. Жаніліся дзеля багацтва, так сказаць. У даступным ужо Беластоку сялянскія нявесткі і жаніхі прыціскаліся да мяшчанскага прымацтва. Калі тое каму не ўдавалася, спароўваліся між сабою, нелітасціва грызучы цесцяў і бацькоў накшталт сённяшняга haraczu. Каб раўняцца з лепшымі.
Шуры патрэбны быў gotowy chłop, не бязвусы фантазёр. Дзяўчаты цвёрда ступаюць па зямлі. У іх інстынкт гнязда, а мы, хлопцы, матылі, што лётаюць з кветкі на кветку. Нічога дастойнага, bawidamki. Але ў тую эпоху самым вечным няшчасцем чалавека было нарадзіцца дачкою. Баба ў нічым не рашала, яе бралі або не бралі.
Быў абавязак працы, фармальнае накіраванне на работу.
Я папрасіўся: толькі не ў глыб Польшчы! Найлепей у праваслаўную Гайнаўку. Але адтуль на тэхнікаў-электрыкаў не знайшлося запатрабаванне. Паехаў я ў Яраслаў, што каля Пярэмышля. – Będzie ci tam dobrze, z Ukraiсcami. Я, як добры дурань, паверыў. Заехаў туды, а ўкраінцаў ні духу! Руіна вялізнае царквы ў рынку. Нахмураны персанальнік у фірме: – Rezunów wypieprzyliśmy w czterdziestym siódmym. A ty kto? Biały Rusin? Twój stary, co: dowalał bolszewikom w dwudziestym? No dobra, syn za ojca nie ponosi odpowiedzialności.
Мары стацца важным тэхнікам завяршыліся ў брыгадзе нецверазеючых электраманцёраў: уручылі сталёвае долата ў рукі і малаток, дзяўбці ў мураванай сцяне канал для кладкі інсталяцыі пад тынкам. Пад акампанемент лірыкі эратаманскіх ябукоў. У файрант схадзіў я над мутны Сан. Наўкола зарастаючыя пажарышчы вёсак, сляды вайны з Украінскай Паўстанскай Арміяй. Чарназёмная зямля ў аблагах. Назаўтра – на ўскраінах Яраслаўя. Удзічэлыя садкі і вішні, вішні ў платах. У чыёйсьці зашклёнай верандзе, на хатняй сцяне – панарамная карціна, батальная, з Багданам Хмяльніцкім на кані! Ну, украінцаў напраўду не напалохаць. І тут жа, стоячы перад маляваным гетманам, вырашыў кінуць спляжаны Яраслаў, а баяўся ўлады, пакарання за самавольства! Грошай хапіла на білет назад і яшчэ на дзве булачкі ды бутэльку ліманаду на суткі валакіты чыгункаю.