Бесплатная библиотека
Читайте книгу на сайте или телефоне
READ-E-BOOK » Военная проза » Поўны збор твораў у чатырнаццаці тамах. Том 4
Поўны збор твораў у чатырнаццаці тамах. Том 4 - Читать Любимую Русскую Полную Книгу 👉 Read-E-Book.com

Поўны збор твораў у чатырнаццаці тамах. Том 4

Электронная книга - «Поўны збор твораў у чатырнаццаці тамах. Том 4». Краткое содержание книги:

Гэта першы ў гісторыі Поўны збор твораў Народнага пісьменьніка Беларусі Васіля Быкава (1924–2003). Падчас укладаньня тамоў найперш улічвалася думка самога аўтара, які пасьпеў спланаваць праспэкт выданьня свайго 8-томнага Збору твораў.
У чацверты том Поўнага збору твораў увайшлі аповесці «Апошні баец» (1957 г.), «Жураўліны крык» (1959 г.), «Здрада» (1960 г.), «Трэцяя ракета» (1961 г.), «Пастка» (1962 г.), «Альпійская балада» (1964 г).
1 ... 191 192 193 194 195 196 197 198 199 ... 241
Перейти на страницу:

Аднак ударыць ён не паспеў: побач грымотна рванула, кінула яго ўбок, аглушыла; зямля здрыганулася, падскочыла і зваліла яго ў чорную прорву бездані. Немца і ўсё навокал накрыла воблакам рудога пылу.

Праз секунду ён адчуў сябе на падлозе, вакол яшчэ нешта рушылася, сыпалася, нешта дымна-смярдзюча сквірчэла, запякло ў спіну, чамусь са спазненнем побач упала і на кавалкі разляцелася цагліна.

Адчуўшы сябе жывым, Іван пругка крутануўся на доле, азірнуўся — побач на бетоннай падлозе шкрэбаў знаёмы, з драпінай на носе, бот, у патоках пылу тузалася, спрабуючы кудысь адпаўзці, постаць ворага. Іван выхапіў з-пад бока цяжкі зломак бетону і з маху выцяў немца ў спіну. Зандлер трапятнуўся, енкнуў, матлянуў у паветры рукой. Гэта нагадала Івану пра пісталет. Ён на каленях сігануў цераз немца, вырваў з яго аслабелых пальцаў браўнінг і з шалёным стукам у грудзях кінуўся ў рудое вірлівае воблака пылу, якое ўжо ахінула цэх.

5

Змрочная, непрытульная ноч напаткала ўцекачоў у камяністай, зарослай крывулястым сасняком цясніне, якая, патроху вузеючы, адхонна падымалася ўгору.

Не так увішна, як раней, Іван лез па замшэлых камянях, зрэдку спыняючыся, каб пачакаць дзяўчыну, што з апошніх сіл упарта плялася за ім. Ён думаў, што лепей было б вылезці з гэтай змрочнай расселіны; там, недзе наверсе, мусіць, было раўней і радзейшы быў змрок, які тут цёмным туманам пачаў напаўняць правалле. Але хлопец ужо не мог набрацца рашучасці, бо сілы яго таксама канчаліся. Зноў жа вельмі хацелася як найдалей адысціся ад горада, як найлепей выкарыстаць гэты дажджлівы вечар, які так дарэчы выдарыўся ім і надзейна схаваў ад аўчарак іх дзве пары слядоў. I ён патроху ўсё далей і вышэй прабіраўся ў горы, бо толькі там, у Альпах, быў які-ніякі паратунак — унізе ж, скрозь на дарогах, у далінах, іх чакала пагібель.

Праклятыя горы! Ён быў удзячны ім за іх недаступнасць для нямецкіх ахоўнікаў з сабакамі, матацыкламі і заставамі, але ён пачаў ужо і ненавідзець іх за тое, што яны так бязлітасна адбіралі сілы і маглі ўшчэнт замардаваць чалавека. Гэта зусім не тое, што ў час яго папярэдніх уцёкаў з Сілезіі. Як там зручна было ўначы тупаць па роўнядзі, па палях і па сенажацях: зоркі ў светлаватым небе паказвалі шлях на радзіму. Пракрадваючыся ў нямецкія вёскі і фальваркі баўэраў, яны здабывалі што-кольвечы з ежы — гародніну і малако з бітонаў, нарыхтаваных ля веснічак для ранішняе адпраўкі ў горад. Увесь доўгі, надзіва пакутны ад бяздейнасці дзень яны, па чарзе вартуючы сябе, сядзелі, зашыўшыся дзе-небудзь у збажыне або хмызняку. Праўда, небяспекі хапала і там. Цэлы месяц прабіралася невялічкая група іх, абадраных, няголеных, страшных, да мяжы роднай зямлі. Невядома, як іншым, а яму дужа не пашанцавала тады: вырваўшыся ад немцаў, ён трапіў у рукі яшчэ горшых вылюдкаў, з выгляду зусім сваіх.

Калі яго везлі ў горад, дык не верылася нават, што яны не жартуюць, — такія гэта былі звычайныя вясковыя хлопцы, без злосці, ляніва лаяліся на зразумелай мове, былі апрануты ў простыя сялянскія кашулі і пінжакі і, апроч драбавікоў, не мелі іншае зброі. Толькі ў таго, што быў з белай павязкай на рукаве, вісеў на плячы карабін. Такім жа карабінам быў узброены іхні начальнік Грыць.

I цяпер вось горы — Лахтальскія Альпы — невядомы, загадкавы, ніколі не бачаны край, і ў ім — маленькая трудная надзея вырвацца на волю, дайсці да сваіх.

Іван дужа стаміўся, і ў такі час, калі пачаў ужо прыглядацца, дзе б адпачыць, ззаду штось глуха стукнулася, па абрыве пасыпалася каменне. Ён азірнуўся — дзяўчына, абапершыся на рукі, ляжала на адхоне і, здавалася, не спрабавала падняцца. Тады і ён спыніўся, разагнуўся, перавёў дых, пачакаў. У расселіне цямнела. Зверху, амаль што нячуйны, сыпаўся дробненькі, як пыл, дожджык-імжака; каменне навокал ужо ледзьве шарэла; бязладнымі касмылямі чарнелі ўгары хваіны; абцяжаранае змрокам і непагаддзю, нізка асела неба. Мокрая вопратка, нагрэтая пры хадзе, злёгку парыла, і ўзмакрэлую спіну — варта было спыніцца — скаланалі дрыжыкі. Ён бачыў воддаль у змроку цёмны паніклы сілуэт сваёй спадарожніцы, ледзьве прыкметныя рухі яе галавы і нерухомыя, голыя да локцяў рукі — яна не ўставала. Тады ён, пераадольваючы неахвоту, сышоў уніз, сунуў за пазуху браўнінг і, нагнуўшыся, за падпахі асцярожна прыпадняў яе лёгенькае, тонкае цела. Яна заварушылася пад яго рукамі, села, не падымаючы галавы, і ён, пастаяўшы, з самотай падумаў, што прыйдзецца, відаць, на тым скончыць першы свій пераход і заначаваць у гэтым распадку.

1 ... 191 192 193 194 195 196 197 198 199 ... 241
Перейти на страницу:
0
Сюжет
  • 1
  • 2
  • 3
  • 4
  • 5
  • 6
  • 7
  • 8
  • 9
  • 10
0
Атмосфера
  • 1
  • 2
  • 3
  • 4
  • 5
  • 6
  • 7
  • 8
  • 9
  • 10
0
Главный герой
  • 1
  • 2
  • 3
  • 4
  • 5
  • 6
  • 7
  • 8
  • 9
  • 10
0
Общее впечатление
  • 1
  • 2
  • 3
  • 4
  • 5
  • 6
  • 7
  • 8
  • 9
  • 10
Итоговая оценка: 0.0 из 10 (голосов: 0 / История оценок)