Бесплатная библиотека
Читайте книгу на сайте или телефоне
READ-E-BOOK » Военная проза » Поўны збор твораў у чатырнаццаці тамах. Том 4
Поўны збор твораў у чатырнаццаці тамах. Том 4 - Читать Любимую Русскую Полную Книгу 👉 Read-E-Book.com

Поўны збор твораў у чатырнаццаці тамах. Том 4

Электронная книга - «Поўны збор твораў у чатырнаццаці тамах. Том 4». Краткое содержание книги:

Гэта першы ў гісторыі Поўны збор твораў Народнага пісьменьніка Беларусі Васіля Быкава (1924–2003). Падчас укладаньня тамоў найперш улічвалася думка самога аўтара, які пасьпеў спланаваць праспэкт выданьня свайго 8-томнага Збору твораў.
У чацверты том Поўнага збору твораў увайшлі аповесці «Апошні баец» (1957 г.), «Жураўліны крык» (1959 г.), «Здрада» (1960 г.), «Трэцяя ракета» (1961 г.), «Пастка» (1962 г.), «Альпійская балада» (1964 г).
1 ... 188 189 190 191 192 193 194 195 196 ... 241
Перейти на страницу:

— Ладна. Чорт з ім. Пайшлі.

Здаецца, яны добра ўжо адышліся ад лагера, немцы, мусіць, іх упусцілі. Напружанне ў душы крыху зменшылася, і Іван, нібы зводдаль, са здзіўленнем азірнуўся ў думках на тое, што сталася ў гэты шалёны дзень.

4

У той дзень зранку пяцёра іх у паўразбураным начною бамбёжкай цэху выкопвалі неўзарваную бомбу.

Яны былі гефтлінгі, дакладней — флюгпункты. Надзея выжыць тут, у лагеры смерці, амаль што канчаткова пакінула іх, і адзінае, што яшчэ турбавала іх розум — гэта ў апошні раз рызыкнуць вырвацца на волю ці, як казаў самы языкаты з іх — маленькі чарнявы хлапец па мянушцы Жук, — ужо калі пакідаць гэты свет, дык раней грукнуць дзвярыма.

Не дужа бяспечная і зусім нялёгкая праца тая тым не менш набліжалася да заканчэння.

Падважваючы бомбу ламамі, яны ўрэшце высверылі яе з-пад друзу і, прытрымліваючы за пакарэжаны стабілізатар, асцярожна паклалі на земляныя камякі ў яме. Далей было самае рызыкоўнае і самае важнае. Пакуль іншыя, стаіўшы дыханне, замерлі па баках, рукасты дзяцюк у паласатай, як і ва ўсіх, куртцы з каляровымі кругамі на грудзях і спіне, былы чарнаморскі марак па прозвішчу Галадай, накінуў на ўзрывальнік спецыяльны для такой справы ключ. Ад натугі на яго голых да локцяў мускулістых руках надуліся жылы, праступілі вены на скронях, і ўзрывальнік патроху падаўся. Галадай яшчэ разы два павярнуў ключом, а затым прысеў на калені і пачаў хутка выкручваць узрывальнік рукамі. Гэта была, вядома, няспраўная штуковіна, моцна пакарэжаная пры ўдары аб зямлю. У такім стане яна не магла саслужыць свае страшнае службы бомбе, спушчанай мінулай ноччу з амерыканскага «Б-29» або англійскага «Маскіта», якія ледзьве не дашчэнту разнеслі гэты заціснуты ў Альпах аўстрыйскі гарадок. Але пры бракоўным узрывальніку бомба была спраўная і прадаўжала таіць у сабе пяцьсот кілаграмаў трацілавай сілы, на якую і разлічвалі пяцёра смяротнікаў. Як толькі адтуліна ў бомбе аслабанілася, да Галадая схіліўся Жук. Ён дастаў з-пад курткі новенькі з выгляду ўзрывальнік, здабыты ўчора ад сапсаванае, з адбітым стабілізатарам бомбы, і худымі нервовымі пальцамі пачаў укручваць яго ў адтуліну на месца ранейшага.

Хлопец, аднак, спяшаўся, не трапляў у разьбу, жалеза лязгала, і Іван, каб хто не набрыў на іх, прыўзняўшыся ў сваіх калодках, зірнуў цераз накапаную зямлю ў цэх.

Але паблізу, здаецца, усё было ціха. Зверху над імі навісалі пакарэжаныя фермы падстолля, са шматлікіх праломін у даху коса цадзіліся на дол стромкія пукі святла, было душна, сонечна і пыльна. Далей за радам бетонных апор, у падсвечаным сонцам пыле, з рэдкімі воклічамі і глухім гоманам варушыліся, снавалі дзесяткі людзей, што расцягвалі завалле і разбіралі руіны. Там жа цяпер былі і эсэсманы, якія не дужа любілі цікавіцца справамі абясшкоджання бомбаў і звычайна трымаліся воддаль.

— Ну, сволачы, цяпер чакайце! — сцішна, з ледзьве стоеным, гатовым прарвацца запалам сказаў Жук.

Галадай, устаючы ад бомбы, буркнуў:

— Памаўчы. Раней скокні.

— Нічога, браткі, нічога, — выціраючы спатнелы лоб, сказаў у куце Янушка, былы калгасны брыгадзір, цяпер аднавокі гефтлінг, аздоблены мішэнямі за тры спробы ўцячы на волю.

Па натуры ён быў з аптымістаў, калі толькі імі яшчэ маглі быць палонныя ў лагеры, і, нягледзячы на выбітае вока і адбітую селязёнку, заўжды і ўсіх падбадзёрваў — і тады, калі падгаворваў людзей уцячы і калі ў абшкуматанай аўчаркамі вопратцы, скатаваны, пад канвоем вяртаўся ў лагер.

Так выказалі яны свае адносіны да таго, на што наважыліся, апроч хіба Срэбнікава, які, прывычна пакашліваючы, стаяў збоч, ля земляной сцяны, ды яшчэ Івана. Срэбнікаў з самага пачатку ўсю гэтую задуму прымаў без энтузіязму: вядома, чалавеку ўжо мала было радасці нават у выпадку ўдачы — хутчэй за лагерны рэжым і рэпрэсіі яго дабівалі сухоты. Іван жа Цярэшка быў проста маўчун і не любіў залішне гаварыць там, дзе і без таго ўсё было ясна.

Галадай тым часам абцёр далоні аб матрацна-паласатыя штаны і зірнуў на людзей — вядома, завадатарам усяго тут быў ён.

— Хто ўдарыць?

На секунды яны ўсе прыціхлі, утаропілі ў дол позіркі, ніякавата абмацваючы імі доўгую сігару паўтоннае бомбы з разгоністымі драпінамі на зялёных баках. Ад гэтага, мабыць, самага найбольшага клопату ўсім стала няёмка. Засяродзіўся невясёлы, з сівым шчаціннем на запалых шчоках Янушка; знерухомела, прытушылася нервовая рашучасць у зыркіх вачах Жука; Срэбнікаў дык нават аж перастаў кашляць, апусціў уздоўж плоскага, як дошка, цела рукі, і погляд яго стаў зусім ужо нясцерпна тужлівы. Відавочна было, што пытанне гэтае, аб якім з самага пачатку ўсе думалі, турбаваліся і маўчалі, пакутна вырашаючы кожны пра сябе, прымусіла цяпер усіх зацяць у душы балючы, трывожны сум.

1 ... 188 189 190 191 192 193 194 195 196 ... 241
Перейти на страницу:
0
Сюжет
  • 1
  • 2
  • 3
  • 4
  • 5
  • 6
  • 7
  • 8
  • 9
  • 10
0
Атмосфера
  • 1
  • 2
  • 3
  • 4
  • 5
  • 6
  • 7
  • 8
  • 9
  • 10
0
Главный герой
  • 1
  • 2
  • 3
  • 4
  • 5
  • 6
  • 7
  • 8
  • 9
  • 10
0
Общее впечатление
  • 1
  • 2
  • 3
  • 4
  • 5
  • 6
  • 7
  • 8
  • 9
  • 10
Итоговая оценка: 0.0 из 10 (голосов: 0 / История оценок)