Бесплатная библиотека
Читайте книгу на сайте или телефоне
READ-E-BOOK » Военная проза » Поўны збор твораў у чатырнаццаці тамах. Том 4
Поўны збор твораў у чатырнаццаці тамах. Том 4 - Читать Любимую Русскую Полную Книгу 👉 Read-E-Book.com

Поўны збор твораў у чатырнаццаці тамах. Том 4

Электронная книга - «Поўны збор твораў у чатырнаццаці тамах. Том 4». Краткое содержание книги:

Гэта першы ў гісторыі Поўны збор твораў Народнага пісьменьніка Беларусі Васіля Быкава (1924–2003). Падчас укладаньня тамоў найперш улічвалася думка самога аўтара, які пасьпеў спланаваць праспэкт выданьня свайго 8-томнага Збору твораў.
У чацверты том Поўнага збору твораў увайшлі аповесці «Апошні баец» (1957 г.), «Жураўліны крык» (1959 г.), «Здрада» (1960 г.), «Трэцяя ракета» (1961 г.), «Пастка» (1962 г.), «Альпійская балада» (1964 г).
1 ... 192 193 194 195 196 197 198 199 200 ... 241
Перейти на страницу:

Ён агледзеўся навокал — з аднаго боку крута ўгору падымалася нагрувашчанне скал ды камення, з другога схіл губляўся між змрочнае масы сасняку ўнізе — адтуль поўз і поўз угору змрочны, сыры туман. Ужо не згледзець было, якая там глыбіня, — толькі недзе далёка ў шызай парнай цішыні булькатаў ручай.

Іван крануў яе за плячо, даючы тым знак пачакаць, а сам адышоўся далей, зноў паўзіраўся ў змрок, — у адным месцы скала ўгары трохі навісала над камяністым адхонам, утвараючы схованку. Схованка, вядома, была не дужа самавітая, зацішку мелася ў ёй небагата, але здарожанаму чалавеку абы якое ўкрыццё над галавой.

Асцярожна ступаючы па вострых камянях, ён вярнуўся назад да дзяўчыны.

Дзіва, куды падзелася яе нядаўняя жвавасць, яе гарэзліва-неразумная смеласць перад матацыклістамі — яна выглядала цяпер зморанаю мокраю птушкай, недарэчным лёсам закінутай у гэтае каменне. Цяжка дыхаючы, яна не рэагавала на дотык ягонай рукі, не ўстала на ногі, а яшчэ болей сцялася ў маленькі ўпарты камячок і дрыжала.

— Пайшлі перадыхнём, — сказаў ён. — Адпачнём, разумеш? Ну, шлаўфен трохі.

На момант яна сцішылася, стрымала свае дрыжыкі, аднак не ўстала і не адказала, а ўсё сядзела, нізка звесіўшы голаў. Ён пастаяў яшчэ трохі, чакаючы, затым аберуч згроб яе пад калені, намерваючыся перанесці ў зацішак. Але яна з нечаканаю сілай тузанулася ў ягоных руках, нешта па-італьянску ўскрыкнула, трапыхнула нагамі, і ён выпусціў яе. Пастаяўшы трохі ў збянтэжанасці, ён са злосцю падумаў: «Ну і чорт з табой. Сядзі тут, прывярэда такая!» — а сам адышоўся пад скалу, адкінуў з-пад ног вастрэйшыя камяні і сеў, адразу страціўшы ўсе сілы. Толькі цяпер ён адчуў, як аслабеў, ужо з заплюшчанымі вачыма нацягнуў вышэй на патыліцу каўнер курткі і заснуў.

Свет імгненна перастаў для яго існаваць, саступіўшы месца бязладнай жудасці сноў. Як заўсёды, гэты пераход быў такі непрыкметны, што здаваўся натуральным працягам пакутлівага дзённага быцця. Сон кожны раз сніўся яму адзін і той жа, ужо болей як год амаль кожную ноч перажываў ён не меншыя за рэальныя пакуты — падсвядомыя, трансфармаваныя пачуццём жахі аднаго дня вайны, які з нялюдскаю сілай, пэўна, навек адбіўся ў яго змардаванай псіхіцы.

Пачыналася ўсё з вельмі рэальнага, вельмі пакутнага адчування бяды, якую толькі можа прынесці з сабой разгром. I хоць даўно мінулася, прыцямнела ў рэальнай свядомасці заступленая другімі — вялікімі і малымі бедамі — тая агромністая бяда, але ў сне, мусіць, памножаная на безліч пазнейшых, яна з неаслабнаю сілай катавала яго пачуцці.

Як заўсёды, у першай з’яве гэтага сну была буйным планам сцяна абшарпанай украінскай мазанкі, на рагу якой вугалем значылася «гасп. Аляксеева» і пад ім — стрэлка, кірунак да гэтай гаспадаркі. Надпіс той быў, вядома, месячнай даўнасці, калі армія яшчэ наступала на Зміеў у абход Харкава, — цяпер жа ўся маса войск рухалася ў адваротным кірунку. Уначы тапілі ў рацэ цягачы, для якіх не было бензіну, раскідвалі па полі паразбіраныя гарматныя замкі, палілі ў садку штабныя паперы. На світанні ў гэтым двары, ля якога прытуліліся яны, пасля кароткай афіцэрскай нарады застрэліўся палкоўнік, што камандаваў групай акружаных. Іхняй роце загадалі прыкрыць адход, і трое байцоў з панылым лейтэнантам ля крайняй гэтай хаціны выкапалі ўранку вузенькі акоп-ровік.

Гэта з таго, што было і запомнілася на ўсё жыццё. Але цяпер, у пакутным чадзе сну, палкоўнік той жыў, кідаўся па двары з планшэтам у руках і лаяў Галадая, які з чарнаморскага марака стаў камандзірам роты аўтаматчыкаў. Яшчэ невядома, чаму з ім, сяржантам Цярэшкам, у раўку сядзіць не Абдурахманаў, баец з іхняй разбітай батарэі, што амаль ніводнага слова не разумеў па-руску, а флюгпункт Срэбнікаў. Гэты дахадзяга Срэбнікаў замест таго, каб ладзіць да бою свій кулямёт, нямецкім цесаком ліхаманкава сашкрабае з гімнасцёркі свае флюгпунктаўскія мішэні і ўсё бурчыць сам сабе: «Ні кроку назад! Ні кроку назад!..» I разам з тым — зусім рэальны малюнак таго даўняга ранку: у ясным вясновым небе нараджаецца сонечны дзень, ад мазанкі наўкос цераз дарогу разлёгся сіняваты прахладны цень, пад плотам, асыпаючы долу расу, дрыжыць крапіва, быльнёг і гэтак жа дробненька трымціць, вібрыруе надзеты на калок гарлач. А за аколіцай па гасцінцы ў сяло ідуць танкі. Яны вось-вось павінны паявіцца з-за гэтае мазанкі, а Іван Цярэшка ніяк не можа ўставіць у гранату запал. З усяе сілы ён пхае яго пальцамі, але маленькі жоўты цыліндрык, быццам знарок зроблены таўсцейшым, чым трэба, ніяк не лезе ў адтуліну. Цярэшка нервуецца, спяшаецца, рызыкуючы падарвацца, б’е па ім кулаком, а калі спахопліваецца, дык бачыць, што ў акопе ён застаўся адзін, што ўсе таварышы пакінулі яго. I тады аднекуль прыходзіць разуменне, што яму трэба ўцякаць, што ён недачуў каманды на адыход. Іван кідаецца грудзьмі на бруствер, зрушваючы зямлю, стараецца вылезці з акопа, але налітыя незразумелым цяжарам ногі не слухаюцца яго, і ён спаўзае назад.

1 ... 192 193 194 195 196 197 198 199 200 ... 241
Перейти на страницу:
0
Сюжет
  • 1
  • 2
  • 3
  • 4
  • 5
  • 6
  • 7
  • 8
  • 9
  • 10
0
Атмосфера
  • 1
  • 2
  • 3
  • 4
  • 5
  • 6
  • 7
  • 8
  • 9
  • 10
0
Главный герой
  • 1
  • 2
  • 3
  • 4
  • 5
  • 6
  • 7
  • 8
  • 9
  • 10
0
Общее впечатление
  • 1
  • 2
  • 3
  • 4
  • 5
  • 6
  • 7
  • 8
  • 9
  • 10
Итоговая оценка: 0.0 из 10 (голосов: 0 / История оценок)