Бесплатная библиотека
Читайте книгу на сайте или телефоне
READ-E-BOOK » Военная проза » Поўны збор твораў у чатырнаццаці тамах. Том 4
Поўны збор твораў у чатырнаццаці тамах. Том 4 - Читать Любимую Русскую Полную Книгу 👉 Read-E-Book.com

Поўны збор твораў у чатырнаццаці тамах. Том 4

Электронная книга - «Поўны збор твораў у чатырнаццаці тамах. Том 4». Краткое содержание книги:

Гэта першы ў гісторыі Поўны збор твораў Народнага пісьменьніка Беларусі Васіля Быкава (1924–2003). Падчас укладаньня тамоў найперш улічвалася думка самога аўтара, які пасьпеў спланаваць праспэкт выданьня свайго 8-томнага Збору твораў.
У чацверты том Поўнага збору твораў увайшлі аповесці «Апошні баец» (1957 г.), «Жураўліны крык» (1959 г.), «Здрада» (1960 г.), «Трэцяя ракета» (1961 г.), «Пастка» (1962 г.), «Альпійская балада» (1964 г).
1 ... 187 188 189 190 191 192 193 194 195 ... 241
Перейти на страницу:

Схіл, аднак, тут быў крутаваты, з абрывістымі кручамі, парослы крывымі маладымі сасонкамі, праз вяршаліны якіх, колькі яны ні лезлі, усё відаць была ўнізе блішчастая дуга дарогі. У гэты час ён ужо і не дужа стараўся вытрымаць тэмп, замарыўся сам, ды і яна — адчуваў — ужо на мяжы сваіх, пэўна, не дужа багатых сіл. Неяк на вельмі стромкай мясціне, якую ён пераадолеў, і, утаймоўваючы зморанасць, з-пад разложыстай сукаватай сасны глядзеў, як карабкаецца яго спадарожніца, адна калодка яе звалілася з нагі і па камянях шпарка пакацілася ўніз. Яна коратка ўскрыкнула: «Парка мадонна», азірнулася і села, пэўна, не наважваючыся ад стомы спускацца назад. Але ўсё ж неўзабаве палезла ўніз, кульгікаючы на адной назе, падабрала калодку і зірнула знізу на Івана. У гэтым яе позірку ён улавіў супакоенасць і ціхую ўдзячнасць за тое, што без яе не пайшоў. Ён прысеў між пакручастых каранёў на сухі, калючы дол, пачакаў, пакуль яна вылезла з-пад кручы і стомлена ўпала побач.

— Кінь ты іх к чорту, — сказаў ён, маючы на ўвазе калодкі.

Яна, не разумеючы, зірнула на яго, тады ён паказаў на яе клумпес і махнуў уніз. Яна, відаць, здагадалася і адмоўна пакруціла галавой, паварушыўшы прытым сваёй маленькай, мокрай, як здалося яму, дужа далікатнай ступнёй. Ён адразу зразумеў недарэчнасць свае парады, таксама як і тое, што яшчэ дадуцца ёй у знакі гэтыя вялікія, не па назе, дзеравяшкі.

Але і яго ногі, паколатыя на камянях і суччы, аж гарэлі знізу, асабліва дакучала ў хадзе левая нага. Цяпер міжвольна прадаўжаючы хвіліну адпачынку, ён вырашыў паглядзець, што там, зазірнуў на вымытую дажджом падэшву.

— Руссо очен, очен фур’ёзо? Как ето дойч?.. Бёзе![10] — раптам сказала дзяўчына.

Іван за год палону збольшага навучыўся разумець па-нямецку, зразумеў, пра што сказала яна, але адказаў не адразу. У пяце была стрэмка, хлопец паспрабаваў выцягнуць яе, ды мізэрны кончык ніяк не даваўся ў пальцы.

— Бёзе! Будзеш бёзе, калі смалены певень клюне, — неласкава сказаў ён і дадаў ужо для яе: — Які там бёзе? Я гут.

— Гут?

Яна ўсміхнулася, аберуч прыгладзіла мокрыя, блішчастыя свае валасы і, церануўшы аб штаны далоні, на каленях падалася да яго.

— О, дай!

Ён усё не мог узяцца за канец стрэмкі, і яна лёгенька і надзіва проста, па-таварыску прыгнулася, сцюдзёнымі тонкімі рукамі ашчаперыла яго вялізную ступню, пакалупалася ў ёй пальцамі і, раней чым ён паспеў даўмецца навошта, зубамі шчыпанула падэшву. Ён нерашуча тузануў нагу, але яна ўтрымала, зубы яе казытнулі па тоўстай скуры пяты, і, калі яна неўзабаве выпрасталася, у белых раўнюткіх яе зубах тырчала маленькая чорная стрэмка.

Іван не здзівіўся і не падзякаваў, а, падцяўшы нагу, зірнуў на пяту, пацёр, паспрабаваў наступіць — стала, здаецца, лепей. Тады ён з ужо большай прыязнасцю, чым дагэтуль, паглядзеў на дзяўчыну, на яе мокры, смуглы і зноў ажывелы твар. Яна не адвяла ўсмешлівага сустрэчнага позірку, пальцамі ўзяла з зубоў стрэмку і пстрыкнула яе на вецер.

— Спрытная, ага, — стрымана, быццам не жадаючы прызнаць вартасці дзяўчыны, сказаў ён.

— Спі-рі-тана-я, — весела паўтарыла яна і спытала: — Что есть спірітаная?

Ён унутрана ўсміхнуўся і пацерабіў пяцярнёй сваю мокрую стрыжаную патыліцу.

— Як табе сказаць?.. Ну, вобшчам, гут.

— Гут?

— Я. Гут.

— Ду гут, іх гут[11], — радасна сказала яна і засмяялася.

А ён, нібы штось прыпамінаючы або ацэньваючы, даўжэй, чым дагэтуль, паглядзеў на яе. Але яна адразу спахапілася ад кароткай сваёй весялосці, зябка здрыганулася, і ён падумаў, што трэба ісці. Вельмі ўжо не хацелася вылазіць на макрэдзь з-пад гэтай сухой разложыстай сасны, і ўсё ж ён мусіў устаць. Дождж дружна сыпаў навокал, аднастайна шапацеў лес, мусіць, непагадзь сапсавала немцам аблаву — гэта ўжо абнадзейвала. Невядома, колькі зняволеных прарвалася ў горы, але, можа, хоць каму-небудзь пашчасціць. Івану ўспомніўся той трэці гефтлінг, што ледзьве не далучыўся да іх, і хлопец, перш чым ступіць з-пад сасны, павярнуўся да дзяўчыны, якая вытрасала свае калодкі.

— А хто гэта бег за табой?

— Бежаль, да? Гефтлінг. Тэдэско гефтлінг[12].

— Што, знаёмы? Таварыш?

— Нон таваріш. Кранк гефтлінг. Болной. — Тоненькім пальчыкам яна дакранулася да сваёй скроні.

— Дурны?

— Я.

«Глядзі, з ёй можна дамовіцца!» — задаволена падумаў Іван і адвёў ад яе свой позірк. Чамусьці па-ранейшаму няёмка было глядзець у яе глыбокія, шырока расплюшчаныя вочы, у якіх так зменліва адбіваліся, жылі разнастайныя яе пачуцці.

вернуться

10

Фур’ёзо (іт.), бёзе (ням.) — злосны.

вернуться

11

Ты добры, я добрая. (ням.)

вернуться

12

Немец зняволены. (іт., ням.)

1 ... 187 188 189 190 191 192 193 194 195 ... 241
Перейти на страницу:
0
Сюжет
  • 1
  • 2
  • 3
  • 4
  • 5
  • 6
  • 7
  • 8
  • 9
  • 10
0
Атмосфера
  • 1
  • 2
  • 3
  • 4
  • 5
  • 6
  • 7
  • 8
  • 9
  • 10
0
Главный герой
  • 1
  • 2
  • 3
  • 4
  • 5
  • 6
  • 7
  • 8
  • 9
  • 10
0
Общее впечатление
  • 1
  • 2
  • 3
  • 4
  • 5
  • 6
  • 7
  • 8
  • 9
  • 10
Итоговая оценка: 0.0 из 10 (голосов: 0 / История оценок)