Поўны збор твораў у чатырнаццаці тамах. Том 4
- Автор: Быков Василь Владимирович
- Год: 2006
- Язык: белорусский
- Год: Саюз беларускіх пісьменнікаў
- ISBN: 5-9691-0121-4
- Жанр: Военная проза
Электронная книга - «Поўны збор твораў у чатырнаццаці тамах. Том 4». Краткое содержание книги:
У чацверты том Поўнага збору твораў увайшлі аповесці «Апошні баец» (1957 г.), «Жураўліны крык» (1959 г.), «Здрада» (1960 г.), «Трэцяя ракета» (1961 г.), «Пастка» (1962 г.), «Альпійская балада» (1964 г).
— Руссо!
Жанчына?! Гэта яго здзівіла і збянтэжыла, ён ледзьве не вылаяўся ад прыкрасці, але блізкі роў матацыклаў пераключыў ягоную ўвагу — яны ўжо былі побач, толькі вышэй. Іван вертануўся на зямлі, не ведаючы, куды падацца: між рэдкіх камлёў дрэў яго тут маглі лёгка ўбачыць зверху. I ён сігануў у неглыбокі вышчарбак-нішу пад крутаватай скалою, прыгнуўся, увесь ператварыўшыся ў спрыт і асцярогу. Паласатая постаць унізе на хвіліну знікла за краем абрыву, і ён не глядзеў куды — найболей асцерагаючыся матацыклаў, напружана слухаў. Але вось знізу праз дваццаць крокаў з-за каменя з’явілася дзяўчына ў доўгай, не па росце куртцы з падкасанымі рукавамі і чырвоным трохкутнікам вінкеля на грудзях. Яна хутка зірнула па баках, і ён заўважыў, як пад шапкаю чорных, даўнавата не стрыжаных валасоў радаснай жвавасцю бліснулі гэткія ж чорныя, нібы дзве масліны, вочы.
— Чао!
Ён чуў ужо гэтае слова і зразумеў яго — так заўсёды віталіся гефтлінгі-італьянцы. Аднак цяпер, услухоўваючыся ў трэскат над галавой, ён змоўчаў, чакаючы, што яна вось-вось шмыгне куды ў сховішча. Але яна, здаецца, зусім безуважная да небяспекі, зноў азірнулася і таропка загаманіла па-нямецку, як зразумеў Іван, некага праганяючы ад сябе. Іван паглядзеў у падлесак — там, адкуль выскачыла дзяўчына, туліўся на каленях яшчэ нехта ў паласатым, але ён зараз жа шмыгнуў назад і прапаў у гушчары ельніку. Іван ужо хацеў кінуцца куды далей ад гэтых гефтлінгаў, як дзяўчына лёгка выскачыла з-за абрыву, нагнулася, таропка сунула ногі ў калодкі, якія дагэтуль трымала ў руках, і, заляскаўшы імі, падалася да яго.
Ён аж сцяўся ад страху. Матацыклы раўлі ледзьве не над іх галовамі, і яе недарэчна-паказная адвага гнеўна сцебанула яго напятае да болю адчуванне — іх жа так лёгка маглі тут убачыць. Іван, прыгнуўшыся, скочыў да дзяўчыны і за руку злосна рвануў яе пад скалу. Пры гэтым ён ціха, але бадай што з лютасцю вылаяўся. Яна падатна і лёгка, ледзьве не ўпаўшы, шырока матлянулася за ім, адна яе калодка звалілася з нагі і, застукаўшы па камянях, адляцела прэч.
— Ой, клумпес! — сцішана ўскрыкнула яна.
Матацыклы адзін за адным, абдаючы іх трэскатам, праносіліся недзе зусім блізка, а яна, не зважаючы ні на іх, ні на яго відавочную злосць, вырвала руку і кінулася за калодкай. Іван не паспеў яе ўтрымаць, толькі скрыгануў зубамі. А яна тым часам, спрытна схапіўшы калодку, матлянулася назад, коратка, нібы вінавата, зірнула на яго, у яе вачах бліснуў азарт і неслухмянасць распешчанай зухаватай дзяўчынкі. I тады Іван, не справіўшыся з напятымі нервамі і ўзарваны спазнелаю злосцю, ляснуў яе па шчацэ.
Дзяўчына коратка войкнула, але не адхіснулася, толькі ўпала пад скалу побач і з-пад локця зірнула на яго ўгору вачыма, поўнымі не гневу, а нейкага гарэзнага здзіўлення.
Матацыклы — чуваць было — аддаляліся, і Іван адразу ж пашкадаваў, што не стрымаўся. А яна на момант засяродзілася, акругліла вочы, услухалася, здавалася, толькі цяпер усвядоміўшы, што ім тут пагражала, і, падцяўшы калена ў гэткай жа паласатай, як і ў яго, штаніне, насунула на ступню калодку. Пасля зноў зірнула на яго і, па-дзіцячы няўмела выгаворваючы словы, нібы картавячы, паўтарыла ягоную лаянку.
Гэта было так нечакана, як і яго аплявуха, і здалося Івану такім незвычайным, што ў ім нешта скранулася, зрушылася — нешта чалавечае на момант шыбанула ў яго заскарузлую ад гора душу, і ён упершыню за сённяшні дзень здзіўлена і шырока раскрыў свае вочы.
— Ого!
— Ого, — паўтарыла, быццам перадражніла, яна, пэўна паказваючы тым сваю прытворную крыўду, і быццам з некатораю нават цікавасцю паглядзела на яго, а ў вачах яе ўжо з’явіліся жвавыя, смяшлівыя іскаркі.
Чарнявая прыгажосць гэтай дзяўчыны і незвычайная яе адвага ў гэтым іх болей чым складаным становішчы збівалі яго з тропу.
— Ты куды бяжыш? — хутка і сурова кінуў ён, пазіраючы ў дол, на яе падцятыя ў калодках цыбатыя ногі.
— Вас?
— Вас, вас! Куды бяжыш?
— Руссо бежішь — іх бежішь.
Ён спадылба кальнуў яе злосным позіркам, аднак на ўсім яе твары адбіваліся ўвага і старанне зразумець яго — густыя чорныя бровы, што зрасліся над пераноссем, былі высока ўскінуты.
— Ты знаеш, куды я бягу? Я Русланд бягу. Зловяць — мнебудзе пуф, пуф. А табе гэта, — ён чыркнуў сабе пальцам па шыі і паказаў угору.
Яна зразумела, коратка ўсміхнулася, нават, здалося яму, чмыхнула: маўляў, што мне вісельня. I гэтая яе безразважная легкадумнасць амаль што раззлавала яго.
— Смялячка! Расхрабрылася! Ну і бяжы! Толькі без мяне.
— Конэчно! — мірна ўсміхнулася дзяўчына, і Іван падумаў, што яна не зразумела яго.