Поўны збор твораў у чатырнаццаці тамах. Том 1
- Автор: Быков Василь Владимирович
- Год: 2005
- Язык: белорусский
- Год: Саюз беларускіх пісьменьнікаў
- ISBN: 5-9691-0073-0
- Жанр: Военная проза
Электронная книга - «Поўны збор твораў у чатырнаццаці тамах. Том 1». Краткое содержание книги:
У першы том Поўнага збору твораў увайшлі аповесьці «Афганец» (1998 г.), «Ваўчыная яма» (1998 г.), а таксама апавяданньні і прыпавесьці, напісаныя ў 90-х і 2000-х гадах.
Памежнiк выклiкаў па радыётэлефоне падмогу, зьявiлася аж чалавек пяць. I сярод iх адзiн таўсты i, мабыць, як усе таўстыя, дабрадушны дзядзька ў пагонах. Забойца падумаў, што зараз на яго надзенуць кайданкi, а яны ўладкавалiся ў купэ запаўняць нейкiя блянкi. А як запоўнiлi ў трох экземплярах, таўсты сказаў: з вас семнаццаць баксаў у эквiваленце. Забойца ня стаў нi пытацца, нi аспрэчваць — аддаў iм семнаццаць даляраў, i яны вымелiся. Пасьля зазiрнуў у паперку — то аказаўся сертыфiкат трупа пад нумарам 000653. Забойца ня ведаў, што рабiць далей. На стале ляжаў сертыфiкат, а ў багажнай скрынi пад iм — ягоны мех з трупам. Цi гэты мех належала цяпер прад’явiць пры ўездзе (як, скажам, залаты гадзiньнiк), цi чакаць арышту? I ён падумаў, што лепей за ўсё труп выкiнуць ноччу. Ужо тут, мабыць, яго ня знойдуць. Тут замежжа, i мяжа на замку.
Так ён i зрабiў. Недзе пад самы глухi час начы, як усе ў вагоне паснулi, забойца вывалак труп у тамбур i, адчынiўшы вагонныя дзьверы, даў таму злоснага высьпятку. Мясьцiна якраз аказалася пустэльнай — хвойкi, лясок, i ягоны труп зьнiк у цемрыве ночы.
Астатнi адрэзак шляху мiнуў без прыгодаў. Забойца нават трохi заснуў пад ранак. А ранкам прачнуўся ўжо на iншай зямлi зь яе прывабнымi для душы капкантрастамi. Але забойца нядоўга хадзiў па вулiцах, шыкоўныя вiтрыны i людзi пачалi яго раздражняць, i ён пайшоў у гатэль — першы, якi трапiўся яму на вочы. Атрымаўшы ключ, адразу зашыўся ў цесным нумарку, выцяг з сумкi бутэльку «Сталiчнай» i з насалодай аддаўся адзiноце. Найперш прыняў душ, разабраў пасьцелю i ўключыў тэлевiзар. Ды яшчэ ня выбраў, на якiм канале спынiцца, як зазванiў тэлефон. Парцье штось яму гаманiў на незразумелай мове тубыльцаў, але ён сьцямiў, што хтосьцi да яго мае справу.
Забойца таропка пачаў нацягваць на сябе нагавiцы, i якраз у той час у дзьверы пастукалi. Як ён адчынiў, найперш убачыў перад сабой двух служыцеляў у форменных фуражках, якiя ўкацiлi ў нумар лёгкую цялежку, — на цялежцы ляжала невялiкая плястыкавая труна прыгожага вiшнёвага колеру. Забойца, як быў у нагавiцах, так i апусьцiўся на мяккi ворс долу. Тое, аднак, не зрабiла нiякага ўражаньня на мулатаў-служыцеляў, якiя тыцкалi яму пад нос стос папераў i штосьцi талдычылi. На верхняй паперчыне у самым нiзе значыўся нейкi таталь — 1875 даляраў. У абсалютным узрушэньнi ён выцяг з сумкi дваццаць соценных асiгнацыяў, i радасныя служыцелi зьнiклi. А ён застаўся адзiн на адзiн з шыкоўнаю плястыкавай дамавiнай i няўцямна сядзеў на ложку. Ён не адважваўся нават адшчапiць яе блiшчастых зашчэпак, ужо ня меў сiлы. Апроч iншага пачала палохаць праблема грошай, столькi адвалiць баксаў — за што? Ды забiты i жыўцом столькi ня быў варты — гэты хворы, бяззубы пэнсiянэр. А тут амаль дзьве тысячы баксаў, па беларускiм курсе — больш за мiльён рублёў. Ён палiчыў тое, што засталося ў кашальку, — цi хопiць хоць на бiлет дадому. Заставацца ў гэтай краiне абдзiралаў яму ўжо расхацелася, i ён з замiлаваньнем прыпамятаў айчынных памежнiкаў, якiя ўзялi за труп па-боску. I нават выдалi сертыфiкат. А гэтыя што — мерсi, данке, цэнк’ю…
Не, трэба ўцякаць дадому. Тым болей, калi гэтую надаеду-труп пакiнуць у гатэлi. Разьлiчыцца за нумар у яго ўжо не было чым. З улiкам тых, што прывёз у нагавiцах, добра калi наберацца на чыгуначны бiлет. Пакiнуўшы ў гатэлi сумку, ён леным крокам, быццам на шпацырак, утулiўшы галаву ў каўнер, прайшоў паўз парцье i адразу скiраваў на вакзал.
З мейсцамi ў цягнiку праблемаў ня было. Хоць на той раз дамоў ехала болей i купэ было цесна застаўлена хатулямi. I ён парадаваўся, што для трупа тут проста не было мейсца. Калi што — хай падкладваюць куды ў iншае купэ цi нават у другi цягнiк — ён у прэтэнзii ня будзе. Добра, што ў гатэлi, запiсваючы сваё iмя, ён прадбачлiва ўтаiў грамадзянства, напiсаў — харват. Так, на ўсякi выпадак. Усё ж ён быў патрыёт, i калi што якое — не хацеў ганьбiць дзяржаву. Хай цяпер шукаюць забойцу ў Харватыi, мабыць, там iх хапае.
На межах таксама асаблiвых праблемаў ня сталася. Сертыфiкату ён не паказваў i таго нiхто не патрабаваў. Можа, пра труп памежнiкi забылiся, цi ня ўнесьлi ў кампутар, або ўнесьлi ды ня ў той кампутар. А той, можа, скралi апазыцыянеры цi прапiлi ўпёртыя прапаршчыкi. Забойца павесялеў. Ён нават перастаў адчуваць сябе забойцам — адчуваў нароўнi з усiмi. У канцы дарогi нават паспрачаўся з маладым суседам, хто горшы — Гарбачоў, што развалiў партыю, цi Ельцын, што развалiў Саюз. Сышлiся на тым, што Лука — самы адпаведны. Тут забойца змоўчаў — то была слiзкая для яго тэма.
З вакзалу iшоў улегцы i пехатой — грошай не было нават на метро. Але во i яго дом, трэцi пад’езд. З хваляваньнем, поўным мiлага пачуцьця, прыехаў на лiфце на свой шосты паверх.