Беларускія пісьменнікі: 1917-1990
- Автор: Гардзіцкі Аляксей
- Год: 1994
- Язык: белорусский
- Год: Мастацкая літаратура
- ISBN: 5-340-00709-X
- Жанр: Справочная литература
Электронная книга - «Беларускія пісьменнікі: 1917-1990». Краткое содержание книги:
Узнагароджаны медалямі.
Памёр 18.09.1992 г.
Заслужаны работнік культуры Беларускай ССР (1985).
Дэбютаваў у друку вершам у 1925 г. (слуцкая газета «Вясковы будаўнік»). Удзельнічаў у альманахах «Росквіт» (1925), «Наддзвінне» (1926), «Зарніцы» (1928), у калектыўным зборніку «Слуцкія песняры» (1926), у кнізе з гісторыі Магілеўскай шаўковай фабрыкі «На Цішоўскай пустэчы» (1931). Аўтар кніг апавяданняў, аповесцей «Затока ў бурах» (1929), «Каця Лапянкова» (1932), «Сустрэчы» (1935), «Апавяданні» (1956), «Наталя» (1957), «Няпрошаная сляза» (1958), «Скажы адно слова» (1961), «Свая аповесць» (1964), «Кругі» (выбранае, 1969), «Кругі» (аповесць з доказамі, 1986). Выйшлі Выбраныя творы ў 2 тамах (1975, 1985).
Напісаў кнігі ўспамінаў, партрэтаў, нататак і артыкулаў па праблемах літаратурнага майстэрства і культуры мовы «Ранішнія росы» (1965), «Некалькі хвілін чужога жыцця» (1979, 1990). Пераклаў на беларускую мову кнігі і асобныя творы А.Астроўскага, М.Горкага, І.Буніна, Ф.Гладкова, К.Федзіна, І.Бабеля, а таксама ўкраінскіх, летувіскіх, латышскіх, эстонскіх пісьменнікаў.
Лаўрэат Дзяржаўнай прэміі БССР (1976) за ўдзел у стварэнні Беларускай Савецкай Энцыклапедыі.
Скрыпка Міхась, нарадзіўся 26.11.1907 г. у вёсцы Месціна Бярэзінскага раёна Менскай вобласці ў сялянскай сям'і.
Скончыў Рагачоўскі педагагічны тэхнікум (1930). Настаўнічаў у Рагачоўскім раёне. У 1940 г. скончыў завочна літаратурны факультэт Менскага педагагічнага інстытута. У час Вялікай Айчыннай вайны быў у партызанах, у 1944-1945 гг. - у Савецкай Арміі. Пасля вайны настаўнічаў у школах Магілеўшчыны і Меншчыны. У 1965-1971 гг. працаваў намеснікам дырэктара бюро прапаганды мастацкай літаратуры СП БССР.
Памёр 08.10.1991 г.
У друку ўпершыню выступіў у 1927 г. Выдаў зборнікі баек, вершаў, мініяцюр «Сатыра і гумар» (1958), «Сатырычны калаўрот» (1967), «Ад смеху не ўцячэш» (1975), зборнікі аповесцей, апавяданняў і гумарэсак «Мая хата не з краю» (1959), «Пад корань» (1962), «Усяк бывае...» (1963), «Шануючы вас» (1982), кніжку антырэлігійных нарысаў «Сцеражыся цемрашалаў!» (1964), «Дзіва ў кошыку» (1983), «Злазьце - прыехалі!» (1985), «З сэрцам і перцам» (1987), кніжку апавяданняў для дзяцей «Дзіва ў рэшаце» (1963) і вершаваны зборнік «Пад смешнай вясёлкай» (1971). У 1977 г. выйшла кніга выбраных твораў «І з перцам і з сэрцам».
Выступаў і як драматург. Напісаў сцэнарый кароткаметражнай тэлекамедыі «Акадэмік» (пастаўлена ў 1963). Аўтар звыш трыццаці аднаактовых п'ес, камедый для мастацкай самадзейнасці «Дадому» (1958), «Тэлеграма» (1959), «Землякі» (1962), «Чорт дапамог» (1963), «Навагодняя сустрэча» (1963), «Небяспечны госць» (1964), «На сваю галаву» (1966) і інш.
Перакладаў з расейскай і ўкраінскай моў. Пераклаў асобныя вершы А.Твардоўскага, С.Маршака, С.Міхалкова, А.Барто, С.Алейніка, А.Вішні, П.Глазавога і інш.
Скурко Іосіф, нарадзіўся 24.02.1938 г. у вёсцы Пількаўшчына Мядзельскага раёна Менскай вобласці ў сялянскай сям'і.
У 1956 г. скончыў Пастаўскую сярэднюю школу № 2 і стаў працаваць піянерважатым. Служыў у Савецкай Арміі (1957-1960). У 1965 г. скончыў філалагічны факультэт Беларускага дзяржаўнага ўніверсітэта. Працаваў у ЦК ЛКСМБ (1965-1967), дырэктарам Бюро міжнароднага моладзевага турызму «Спадарожнік» (1967-1971), рэферэнтам у Савеце Міністраў БССР (1971-1974), палітычным аглядальнікам, каментатарам, загадчыкам аддзела, намеснікам галоўнага рэдактара літаратурна-драматычных праграм Беларускага тэлебачання (1974-1989). Сябра СП СССР з 1986 г.
Узнагароджаны медалём.
Памёр 02.07.1989 г.
З вершамі ў друку выступіў у 1962 г. («Настаўніцкая газета»). Аўтар зборнікаў паэзіі «Бацькоўскі парог» (1973). Асобныя вершы, пакладзеныя на музыку, сталі вядомымі песнямі («Верасы», «Бацькоўскі парог» і інш.).
Перакладаў творы расейскіх, украінскіх і польскіх паэтаў. Напісаў сцэнарый дакументальнага фільма «Драўгістэ - дружба».
Слаўковіч Даір, нарадзіўся 21.09.1932 г. у горадзе Менску ў рабочай сям'і.
Хлапчуком быў паранены, кантужаны і ў выніку гэтага ў 1944 г. цяжка захварэў. Восем гадоў праляжаў, прыкаваны да ложка, самастойна вучыўся. Скончыў Уздзенскую сярэднюю школу (1954). Працаваў бібліятэкарам, потым загадчыкам уздзенскай раённай дзіцячай бібліятэкі, настаўнікам у школе. У 1960 г. завочна скончыў факультэт бібліяграфіі і бібліятэказнаўства Менскага педагагічнага інстытута. З 1977 г. жыве ў Менску. Сябра СП СССР з 1970 г.