Беларускія пісьменнікі: 1917-1990
- Автор: Гардзіцкі Аляксей
- Год: 1994
- Язык: белорусский
- Год: Мастацкая літаратура
- ISBN: 5-340-00709-X
- Жанр: Справочная литература
Электронная книга - «Беларускія пісьменнікі: 1917-1990». Краткое содержание книги:
У друку выступае з 1982 г. Аўтар кнігі вершаў «Адліга» (калектыўны зборнік «Лагодны прамень раніцы», 1988), адзін з аўтараў зборніка апавяданняў «Жнівеньскі праспект» (1988).
Працуе таксама ў галіне перакладу. У яго перакладзе з грузінскай мовы на беларускую апублікаваны раман Н.Думбадзе «Закон вечнасці» (1988), шэраг вершаў і паэм у «Анталогіі грузінскай паэзіі» ў 2 тамах (1989).
Скарынкін Іван, нарадзіўся 26.11.1919 г. у вёсцы Тратнае Клімавіцкага раёна Магілеўскай вобласці ў сялянскай сям'і.
У 1939 г. паступіў у Камуністычны інстытут журналістыкі (Менск) і праз некалькі месяцаў быў прызваны ў Чырвоную Армію. У 1941-1942 гг. вучыўся ў ваеннай авіянавучальні сувязі (Харкаў, Ташкент). Накіраваны на Паўночна-Каўказскі фронт. У верасні 1942 г. пераведзены ў Забайкалле. Удзельнічаў у вайне з Японіяй. У 1946-1948 гг. - літсупрацоўнік дывізійнай газеты «Красный кавалерист». У 1952 г. скончыў рэдактарскі факультэт Ваенна-палітычнай акадэміі (Масква). З 1952 г. - спецкарэспандэнт газеты «Знамя победы» (Паўначная група войск), з 1958 г. - карэспандэнт, начальнік аддзела газеты Беларускай ваеннай акругі «Во славу Родины», у 1972-1985 гг. - старшы рэдактар выдавецтва «Беларусь». Сябра СП СССР з 1985 г.
Узнагароджаны ордэнамі Айчыннай вайны II ступені, Чырвонай Зоркі, медалямі.
Выступае ў друку з мастацкімі творамі з 1950 г. (газета «Во славу Родины»). Піша на расейскай мове. Аўтар кніг нарысаў «Завещано отцами» (1974), «О чем шумят сосны» (Масква, 1980), аповесці «Право вести в бой» (1980), дакументальных аповесцей «Крепче стали» (1978), «Тугие ветры» (Масква, 1983), «В дымке полигонной» (1984), «Резерв комбата» (1988).
Скарынкін Уладзімір, нарадзіўся 07.06.1939 г. у горадзе Віцебску ў сям'і служачага.
Скончыў Рыжскі інстытут інжынераў грамадзянскай авіяцыі (1961). Працаваў інжынерам у Менскім аэрапорце. З 1970 г. - начальнік аварыйна-выратавальнай службы Беларускага ўпраўлення грамадзянскай авіяцыі, у 1982-1987 гг. - намеснік дырэктара бюро прапаганды мастацкай літаратуры СП БССР. Сябра СП СССР з 1970 г.
У друку дэбютаваў вершам у 1955 г. (газета «Піянер Беларусі»). Выдаў зборнікі паэзіі «Буслы над аэрадромам» (1969), «Гукавы бар'ер» (1972), «Дазвольце ўзлёт» (вершы і паэмы, 1975), «Чацвёрты разварот» (1979), «Вугал атакі» (вершы і паэмы, 1982), «Пасадачныя агні» (паэма, вершы, 1985), «Выратавальны плыт» (вершы, паэма, 1988).
Пераклаў на беларускую мову зборнік вершаў М.Рубцова «Рускі агеньчык» (1986).
Скобелеў Эдуард, нарадзіўся 08.12.1935 г. у горадзе Менску ў сям'і ваеннага інжынера-будаўніка.
У 1959 г. скончыў заходні факультэт Маскоўскага інстытута міжнародных адносін. Знаходзіўся на дыпламатычнай службе. З 1966 г. працуе ў апараце ЦК КПБ. Сябра СП СССР з 1970 г.
У друку выступае з 1964 г. Піша на расейскай мове. Аўтар зборнікаў вершаў «Дорога» (1969), «Капли дождя» (1973), «Вечерние тени» (1977), «Земные долги» (1987), «Мой дом» (1988), кніг аповесцей «Чудо любви» (1975), «Выпускники» (1984), «Кристина» (1986), «Сегодня исповедь моя» (1988), раманаў «Шаги за твоей стеной» (1971), «Маятник надежды» (1978), «Мирослав - князь дреговичский» (1979), «Катастрофа» (1984), «Свидетель. Записки капитана Тимкова» (1987), «Беглец» (1989), а таксама кніг для дзяцей «Приключение Арбузика и Бебешки» (1983, пад назвай «Полет в страну чудовищ» пастаўлены тэлефільм у 1986), «Пацаны купили остров» (1989).
Напісаў радыёп'есу «Дело доктора Даризля» (пастаўлена ў 1979). Вершаваныя драматычныя творы ўвайшлі ў кнігі «Из тьмы светлеющие лики» (1983) і «Фигуры» (1986).
Скрыган Янка, нарадзіўся 16.11.1905 г. у сяле Труханавічы Менскай вобласці ў сялянскай сям'і.
Пасля парафіяльна-царкоўнай школы (1918) вучыўся ў Слуцкай духоўнай навучальні, у школах першай і другой ступені, у рэальнай навучальні, мяшанай гімназіі, нарэшце, у Слуцкім сельскагаспадарчым тэхнікуме (пакінуў з чацвёртага курса, у 1924). З 1924 г. працаваў у слуцкай акруговай газеце «Вясковы будаўнік», пасля - загадчыкам Народнага дома ў Расонах, у рэдакцыі газеты «Чырвоная Полаччына». У 1928-1932 гг. вучыўся на літаратурна-лінгвістычным аддзяленні педфака Беларускага дзяржаўнага ўніверсітэта. У 1933-1936 гг. працаваў у газеце «Літаратура і мастацтва». Быў сябрам літаратурных аб'яднанняў «Маладняк», «Літаратурна-мастацкая камуна». У канцы 1936 г. быў арыштаваны і 05.10.1937 г. асуджаны на 10 год зняволення ў лагерах і на 10 гадоў ссылкі. Пакаранне адбываў у Нова-Іванаўскім лагеры (пад Марыінскам). У ссылцы працаваў на нумарным заводзе ва Ўзбекістане, у сланцахімічнай прамысловасці ў Эстоніі, на новабудоўлях Краснаярскага краю. 29.12.1954 г. рэабілітаваны Вярхоўным судом БССР. З 1955 г. - рэдактар у Дзяржаўным выдавецтве БССР, з 1959 г. - рэдактар аддзела прозы, потым намеснік галоўнага рэдактара часопіса «Полымя». З 1967 г. - загадчык літаратурна-кантрольнай рэдакцыі Беларускай Савецкай Энцыклапедыі, у 1975-1985 гг. - адказны сакратар Камітэта па Дзяржаўных прэміях БССР у галіне літаратуры, мастацтва і архітэктуры. Сябра СП СССР з 1934 г.