Поўны збор твораў у чатырнаццаці тамах. Том 6
- Автор: Быков Василь Владимирович
- Год: 2006
- Язык: белорусский
- Год: Саюз беларускіх пісьменнікаў
- ISBN: 5-9691-0123-0
- Жанр: Военная проза
Электронная книга - «Поўны збор твораў у чатырнаццаці тамах. Том 6». Краткое содержание книги:
У шосты том Поўнага збору твораў увайшлі аповесці «Абеліск» (1971 г.), «Пайсці і не вярнуцца» (1978 г.) і раман «Кар’ер» (1986 г.).
— А дзе старшы брат?
— Нямашака, — адказаў, смешна скрывіўшыся, мурзаты хлопчык.
— Нямашака, нямашака, — паўтарылі за ім астатнія двое.
— Вось дык загвоздка! — ціха сказаў Агееў, і дзеці, нібы дражнячы яго, паўтарылі за акном на розныя галасы:
— Вось дык загвоздка!
— Загвоздка!
— Загвоздка!
— Ах, вы, дразнілкі! — сказаў ён без злосці, не ведаючы, аднак, як быць, дзе шукаць Кіслякова. Ці, можа, прыйсці сюды другім разам?
— Скажыце брату, што прыходзіў кульгавы дзядзька. Хацеў яго бачыць, — сказаў ён праз акно гэтай старой хаты, і дзятва адказала хорам:
— Добра, скажам!..
З прыкрасцю азірнуўшыся на пусты двор, Агееў выйшаў на вуліцу і, прыпадаючы на хворую нагу, пайшоў на сваю Зялёную. Мястэчка выглядала апусцелым, на вуліцы зусім не было праезджых, рэдкія прахожыя, мабыць, з бліжніх дамоў, паяўляліся і зараз жа знікалі ў дварах. Увесь час баючыся з кім-небудзь сустрэцца, асабліва з паліцыяй, ён, аднак, спакойна дабраўся да сваёй хаты з альтанкай у двары і трохі расслабіўся. Усё ж такі дом! Якое-ніякое прыстанішча, сховішча ад нядобрага вока. Праўда, кепска яно хавала, гэтае сховішча, спакою тут не было, яго адразу раскрыла паліцыя, добра яшчэ, што не адрэзала ўсе яго сувязі. Але што рабіць? Без гэтага парослага травой падворка яму і зусім было б кепска, дзе б ён пражыў гэтую пару тыдняў са сваёй бедалагай нагой, з асколкам у ране?
На падворку ён адчуў сябе ў адноснай бяспецы і, каб абысціся без непатрэбных цяпер кліентаў, прывалок з хлява даўгую жардзіну, загарадзіў ёю ўваход з вуліцы. Сёння ён нікога не прыме, у яго другая работа. Узяўшы з альтанкі скрынку з інструментамі, пайшоў у застаронак. Трэба было брацца за прывезены з лесу абутак. Ён выцяг з меха дзве пары кірзавых ботаў з адарванымі падэшвамі і, уладкаваўшыся каля тапчана, пачаў падбіваць іх на лапе.
Не надта гучна стукаючы малатком па гумовай падэшве, ён увесь час быў насцярожаны, слухаў, чакаў, ці не паявіцца хто на двары. Канечне, яму вельмі патрэбны быў Кіслякоў, але магла наскочыць і паліцыя, гэты Кавешка ці яшчэ горш — Драздзенка. Тады трэба было ўсё борзда хаваць і, знарок збянтэжана падцягваючы штаны, выходзіць з хлява. Ён працаваў, не разгінаючыся, гадзін пяць запар. Удзень у застаронку было відна і спакойна, але надвячоркам стала цямнець, асабліва ў той хмарны дзень: ён паспеў падбіць тры пары ботаў і пачаў зашываць доўгі асколачны ці штыкавы разрэз упоперак халявы, ды не паспеў. Зрабілася зусім цёмна, і ён, запіхаўшы ў мех боты, выйшаў на двор. Тут усё было па-ранейшаму. Дзверы на кухню заставаліся старанна зачыненыя зранку, значыць, Бараноўская не паявілася і сёння. Калі ж яна ўрэшце вернецца, з прыкрасцю думаў Агееў. І наогул ці вернецца? Можа, яму трэба было што рабіць? Можа, заявіць у паліцыю? Ці наадварот — утаіць ад паліцыі факт яе адлучкі? Як лепш зрабіць, каб не нашкодзіць сабе, сваёй гаспадыні? Тым, хто да яе прыходзіў?
Ціхі шолах галля ў садку прыпыніў яго роздум, і, азірнуўшыся, ён згледзеў у паўзмроку пад вішнямі невялічкі хлапечы сілуэт. Узрадаваўшыся, Агееў кінуўся насустрач і ледзьве не крыкнуў ад болю ў назе. Усё ж з ягонай нагой трэба было асцерагацца.
— Прыйшоў? Ну, ідзі сюды, — ціха паклікаў ён, павяртаючы ў хлеў.
— Я на хвіліну, — сказаў Кіслякоў. — Што здарылася?
— Пойдзем, усё раскажу.
Ён прапусціў Кіслякова наперад і, яшчэ паазіраўшыся, прычыніў дзверы хлява. Лапаючы па верхніх жэрдках перагародкі, яны ў цемры дабраліся да нізенькіх дзвярэй яго застаронка.
— Стой, сядай во сюды. А я тут… Перадалі, значыць, рабяты?
— Перадалі. А я на станцыі быў. Учора ж пакгаўз згарэў. Ну, трэба было ўдакладніць. Дык што здарылася?
Адчувалася па голасе, што Кіслякоў насцярожыўся, чакаючы яго тлумачэння, ды Агееў усё не наважваўся прыступіць да галоўнага, паведаміў:
— Нейкі дзядзька мех абутку прывёз. У рамонт. Сказаў, што ад Волкава.
— Ага, была такая размова, — не адразу сказаў Кіслякоў. — Ужо што-небудзь гатова?
— Тры пары. Больш не паспеў. Усё ж трэба асцерагацца.
— Гэта канечне. За вайсковую маёмасць у іх расстрэл. Хаця ў іх за ўсё расстрэл. Учора на мосце павесілі трох мужыкоў за марадзёрства. З разбітай машыны колы знялі. Хоць бы з нямецкай, а то з савецкай. Наогул патрэбны яны былі, тыя колы…
— Ну, немцы на ўсё глядзяць, як на сваё. Як на ваенную здабычу. Па праву заваёўнікаў, — сказаў Агееў. — Слухай, а хто такі Кавешка, не ведаеш?