Бесплатная библиотека
Читайте книгу на сайте или телефоне
READ-E-BOOK » Биографии и мемуары » У дрымучых лясах
У дрымучых лясах - Читать Любимую Русскую Полную Книгу 👉 Read-E-Book.com

У дрымучых лясах

Электронная книга - «У дрымучых лясах». Краткое содержание книги:

Аўтабіяграфічная аповесць”У дрымучых лясах” – апошні значны твор З. Бядулі. Усе, літаральна ўсе вытокі бядулеўскай творчасці бяруць пачатак з Пасадца, невялікай вёскі, размешчанай пасярод дрымучых лагойска-плешчаніцкіх лясоў, якія сотню-паўтары гадоў назад былі сапраўдны дрымучымі...
1 ... 9 10 11 12 13 14 15 16 17 ... 45
Перейти на страницу:

Зорах не дагаварваў.

— Дык чаго ж ты хочаш, Зорах? — пытаўся Ціхан.

— Сам, Ціханка, разумееш… Ты ж чалавек і разумны і справядлівы…

— Пароўну дзяліць?

— Ага… А то золата сабе забіраеш, а мне толькі серабро…

— За чарку гарэлкі хочаш браць роўную долю з маёй здабычы?! Ты, Зорах, стаіш на гнілых падпорах і згарыш як порах. Ты мне не друг, а вораг.

Зорах апускае вочы і маўчыць.

— Зірні мне ў вочы, Зорах! Хачу пачытаць тваё чорнае нутро… Ну, зірні…

Зорах узнімае на Ціхана блуклівыя вочы. Ціхан на яго строга глядзіць. Зорах не вытрымлівае яго пільнага позірку і адварочваецца.

— У цябе не душа, Зорах, а цёмная студня. Ты нешта нядобрае замысліў. Глядзі…

І зазлаваўся разбойнік Ціхан. Грукнуў кулаком аб сасновы стол так моцна, ажно стол расшчапіўся. Яго чорныя вочы бліснулі двума агнямі. Твар загарэўся. Вусы натапыршчыліся, як у тыгра.

— Чуеш, Зорах? Больш з табой ніякіх спраў мець не хачу. Арлу з савой — не па дарозе. А калі толькі ўздумаеш размяняць на залатыя імперыялы маю галаву, дык во, глянь…

Ціхан выцягнуў з халявы востры нож і бліснуў ім перад тварам Зораха.

— Брахнеш аба мне каму-небудзь, нібы курыцу, зарэжу… Чуеш?

— Ч-ч-чую…

Зорах дрыжэў з галавы да ног.

— Будзеш маўчаць?

— Б-б-буду… м-м-маўчаць…

— Хачу быць чэсным чалавекам, Зорах. Я табе і так лішняе даваў. На развітанне вярні назад мяшок серабра, што я табе пакінуў. Ты яго не зарабіў… Давай сюды!

Залямантаваў карчмар:

— Ціхан… родны…

Ціхан нецярпліва тупнуў нагой.

— Падзякуй, дурань, за сваю галаву. Я мог бы табе даць яе ў рукі за цацку. Серабро бедным раздам. Табе ж яно не падабаецца…

Ціхан выйшаў на двор.

Была летняя ноч. Месяц яшчэ не ўзышоў, але ў небе, як залатыя дукаты, блішчэлі зоркі. Абапал дарогі, навокал цёмнага сілуэта карчмы, драмаў бор. Ледзь-ледзь шапацелі вершаліны. Шмат таямніц ведалі стагоднія барыны. Чулі яны часам стогны, плачы, ляманты. Тут не раз Ціхан сцёбаў бізуном прывязанага да дрэва лютага пана.

— Баліць? — пытаўся Ціхан у пана. — Так баліць і тваім мужыкам, якіх лупцуеш дзень у дзень на стайні. Ці ж мужыцкая кроў не такая, як і панская? Ці ж мужыцкая косць не такая, як і панская? Кожнаму баліць. А калі не перастанеш біць мужыкоў…

Ціхан выцягнуў з халявы востры нож і бліснуў ім перад панам.

— … як курыцу, зарэжу! Хлопцы, адпусціце пана! Няхай ідзе, куды хоча.

Драмаў бор вакол Зорахавай карчмы, толькі вершаліны ледзь-ледзь шапацелі праз сон.

Зорах і Шлёмка прыцягнулі мяшок са срэбранымі манетамі і палажылі на спіну сівога жарабца Ціхана.

Каб было відней, Ціхан пабачыў бы хітрую здрадніцкую ўхмылку на твары Зораха. Яго план хоць на палавіну ўдаўся. Атрад салдат з афіцэрам схаваліся за тры вярсты адгэтуль, ля хаты палясоўшчыка. Зараз войска павінна быць тут… Зорах умовіўся з афіцэрам, што рознымі спосабамі пастараецца затрымаць Ціхана.

Пачуўся тупат конніцы.

Ціхан пагнаў каня. За ім на другім кані паімчаўся Шлёмка. Войска крыху спазнілася. Зорах меркаваў, што салдаты зловяць яго гасцей у карчме. Не ўдалося.

Зорах затрымаў на хвіліну афіцэра і нешта шапнуў яму на вуха. Афіцэр кіўнуў галавой, прышпорыў каня і пагнаўся ўздагон за Ціханам.

Спачатку Зорах збянтэжыўся, каб хаця Ціхан па дарозе мяшка з серабром не кінуў. Але хутка супакоіўся: «Калі Ціхан сказаў, што раздасць серабро бедным, дык так захоча зрабіць. Ціхан моцны на слова».

А чаму Зораху было важна, каб Ціхан не скінуў з каня мяшка з серабром, аб гэтым даведаемся далей.

У летнюю ноч пагналася за Ціханам конніца з афіцэрам на чале. Разгарачаныя коні храплі. З ноздраў валіў дым. Бор напоўніўся гукамі, нібы казачныя цымбалы.

Зорах доўга чуў стукаты конскіх капыт, посвісты. Гукі паволі заміралі ў сэрцы дрымучага бору. Зацікавіўся месяц. Ён узняўся над хваінамі, над карчмой, нібы чалавечы твар у профіль. Ён асвяціў профіль Зораха, які таропіў вочы ў асярэбраны шырокі тракт.

Раптам твар Зораха наліўся страхам:

— А што, калі Ціхан выратуецца?

Зорах успомніў яго бліскучы нож.

— А што, калі Ціхан крутымі дарожкамі паверне назад сюды? Не высахлі ж мазгі ў Ціхана… Ён, пэўна, здагадаўся, што я, Зорах, навёў сюды салдат…

Карчмар ужо хацеў разбудзіць сям'ю і схавацца з імі ў лесе, але позна… Так яно і ёсць… Сюды едзе Ціхан… Чуваць гукі ў лесе. Зорах прыслухоўваюцца. Гукі набліжаюцца… Зорах не мог крануцца з месца. Халодны пот цурком ліўся з ілба на бараду.

Ці, можа, гэта не Ціхан?

Пачуўся скрыпат калёс, галасы. Ехаў абоз камісіянераў. Паказаліся фурманкі — пятнаццаць фур. Ля карчмы яны спыніліся. Ажыў Зорах. Ажыла ноч. Камісіянеры распраглі коней, насунулі ім на морды торбы з аўсом.

1 ... 9 10 11 12 13 14 15 16 17 ... 45
Перейти на страницу:
0
Сюжет
  • 1
  • 2
  • 3
  • 4
  • 5
  • 6
  • 7
  • 8
  • 9
  • 10
0
Атмосфера
  • 1
  • 2
  • 3
  • 4
  • 5
  • 6
  • 7
  • 8
  • 9
  • 10
0
Главный герой
  • 1
  • 2
  • 3
  • 4
  • 5
  • 6
  • 7
  • 8
  • 9
  • 10
0
Общее впечатление
  • 1
  • 2
  • 3
  • 4
  • 5
  • 6
  • 7
  • 8
  • 9
  • 10
Итоговая оценка: 0.0 из 10 (голосов: 0 / История оценок)