Нябышына. Акупацыя вачыма падлетка
- Автор: Копыл Илья
- Год: 2014
- Язык: белорусский
- Год: Інстытут Беларускай гісторыі і культуры
- ISBN: 978-9984-897-11-0
- Жанр: Биографии и мемуары
Электронная книга - «Нябышына. Акупацыя вачыма падлетка». Краткое содержание книги:
Ілля Копыл
Часова нашу сям’ю прытуліў у сваёй хаце аднавясковец Цімафей Салянка. Жыццё працягвалася. Аднойчы на ўскрайку лесу я збіраў шчаўе і ўбачыў, што па жыце ідуць немцы. Іх было вельмі многа. Я бачыў толькі іх галовы на ўзроўні калосся. Прыгнуўшыся, я кінуўся ў лес, дабег да балота і там схаваўся. Колькі часу я там прасядзеў, не ведаю. Стала цямнець, а на балоце акрамя мяне больш нікога няма, боязна. Прыйшлося вяртацца ў вёску. Па вуліцы мірна, як ні ў чым не бывала, хадзілі людзі. Мяне апанаваў жах, калі я ўбачыў бацьку, які спакойна размаўляў з немцам! Рабіць было нечага і я накіраваўся ў іх бок. Убачыўшы мяне, бацька сказаў: «Ну вось, і ўцякач вярнуўся», — і яны засмяяліся.
Гэта быў першы прыход радзіёнаўцаў у нашу вёску. Усе яны былі апрануты ў новую нямецкую форму, былі добра ўзброеныя: аўтаматы, кулямёты, гарматы, шматствольныя мінамёты, аўтамабілі, палявыя кухні, радыёстанцыі і шмат іншага. Хадзілі чуткі, што на іх галоўнай базе ў Докшыцах ёсць нават танкі, але я іх не бачыў. Нам, дзецям, усё было цікава, і яны, радзіёнаўцы (мы іх называлі яшчэ і народнікамі), давалі нам магчымасць патрымаць у руках зброю. Асабліва падабаліся аўтаматы і пісталеты. Калі гэтыя салдаты хацелі зайсці да каго-небудзь у хату, то пыталіся дазволу. Людзі сустракалі іх ветліва, ахвотна ўступалі з імі ў размову. Яны ад нас нічога не патрабавалі — ні адзення, ні харчу, ні самагонкі, як гэта звычайна рабілі партызаны. Хутка мы зразумелі, што радзіёнаўцы для нас — самая надзейная абарона ад усялякіх нечаканасцяў. Мы былі абаронены і ад партызан, і ад паліцаяў і нават ад немцаў. Радзіёнаўцы некалькі разоў пакідалі нашу вёску і вярталіся зноў. Нават калі мы ведалі, што яны знаходзяцца ў суседняй вёсцы, мы адчувалі сябе спакойна.
Аднойчы мой бацька да нас у хату (мы па-ранейшаму жылі ў Цімафея Салянкі) прывёў радзіёнаўца. Ён прывітаўся з намі і назваўся: «Цімафееў». Я вельмі здзівіўся, палічыўшы яго сынам нашага гаспадара Цімафея. А ён тым часам паставіў на стол бутэльку шнапса. Мама тое-сёе падрыхтавала закусіць. У нас было вялікае жаданне ўбачыць і паслухаць самога Радзіёнава. Але ён разам са штабам брыгады знаходзіўся ў Докшыцах. Убачыць яго мне так і не ўдалося. Затое Цімафееў каротка расказаў нам захапляльную гісторыю пра яго. Я перадаю з яго расказу ўсё, што мне ўдалося запомніць.
Сам Цімафееў — былы савецкі лётчык, капітан. Яго самалёт падбілі, і ён трапіў у палон. Зараз Цімафееў — ад’ютант Радзіёнава. Прозвішча самога Радзіёнава насамрэч — Гіль. Ён — былы падпалкоўнік.
Мы ўважліва слухалі Цімафеева.
У баі пад Талачыном Уладзімір Гіль быў кантужаны, страціў прытомнасць. Калі апрытомнеў, вакол была ціш, страляніны не чуваць. Ён зразумеў, што фронт адсунуўся далёка на ўсход, не дагнаць. Што рабіць у тых абставінах? Нідзе не схаваешся. Адно выйсце — палон. А там будзе бачна. Характар у Гіля быў рызыковы, авантурны. Яму вельмі хацелася папаліць, але папяросаў не было. На полі нядаўняга бою ляжала шмат загінуўшых чырвонаармейцаў. Уладзімір Гіль звярнуў увагу на труп афіцэра. Ён быў раздзеты па пояс, гімнасцёрка ляжала побач. Праверыў кішэні забітага, але папяросаў там не было. Зірнуў у яго пасведчанне, гэта быў палкоўнік Радзіёнаў. Гіль прыняў рашэнне: калі ісці ў палон, дык лепш палкоўнікам Радзіёнавым, чым падпалкоўнікам Гілём, і пайшоў да лясной дарогі, па якой рухалася вялікая калона ваеннапалонных чырвонаармейцаў. Пякло сонца. Канваіраў было няшмат, але палонныя разбягацца не збіраліся. На павароце дарогі Гіль непрыкметна прыстроіўся да калоны. Праз некалькі дзён прыбылі на станцыю Сувалкі, дзе немцы арганізавалі фільтрацыйны лагер.
Камендант лагера выйшаў перад строем палонных і падаў каманду: «Камуністы, палітработнікі і камандзіры — выйсці са строю на 5 крокаў!» Над строем павісла цішыня. Усе даўно павыкідвалі свае пасведчанні і пазрывалі з каўняроў знакі адрознення. Ніхто не варухнуўся. І толькі падпалкоўнік Уладзімір Гіль выйшаў са строю цвёрдым крокам і прадставіўся каменданту: «Палкоўнік Радзіёнаў», — і падаў яму свой пісталет. Камендант аж аслупянеў ад нечаканасці і пабялеў (пісталет быў з патронамі), але хутка ўзяў сябе ў рукі і сказаў: «Гут, гут», — і нават паціснуў яму руку. Ён пранікся да Радзіёнава даверам і на наступны дзень вярнуў яму пісталет і прызначыў яго сваім намеснікам. А гэта ўжо зусім іншы статус: улада, абавязкі, адказнасць і, часткова, свабода. Усім гэтым трэба карыстацца разумна.
Уладзімір хадзіў па тэрыторыі лагера і не аднойчы чуў у спіну: «Здраднік, нямецкі халуй». Яго гэта не бянтэжыла, а, наадварот, павышала настрой. Ён падабраў сабе надзейных памочнікаў, была створана картатэка, сабраны звесткі на кожнага палоннага. У галаве Гіля-Радзіёнава зарадзілася думка, якая перарасла ва ўпэўненасць: шлях на Радзіму можна пракласці толькі са зброяй у руках. Атрымаць яе ва ўмовах палону было магчыма толькі з рук немцаў. У пісьмовай форме Гіль звярнуўся да каменданта з прапановай стварыць з палонных рускі полк. Камендант пагадзіўся. Паслалі запыт у Берлін. Адтуль далі згоду на стварэнне не толькі палка, але і брыгады.