Нябышына. Акупацыя вачыма падлетка
- Автор: Копыл Илья
- Год: 2014
- Язык: белорусский
- Год: Інстытут Беларускай гісторыі і культуры
- ISBN: 978-9984-897-11-0
- Жанр: Биографии и мемуары
Электронная книга - «Нябышына. Акупацыя вачыма падлетка». Краткое содержание книги:
Ілля Копыл
У яе не было адчування, што яна знаходзіцца ў няволі. Праўда, быў смутак па дому, па родных мясцінах. Было вялікае жаданне ўбачыцца з бацькамі, братамі, сёстрамі — яна не ведала, які лёс іх напаткаў, як яны перажылі тую блакаду. Ёй хацелася схадзіць у свой лес па ягады і грыбы, выкупацца ў Поні. Яна кажа, што калі б была магчымасць у той час наведацца ў Нябышына да бацькоў, пасля пабыўкі яна б добраахвотна вярнулася ў Нямеччыну да сваіх гаспадароў, можа, не назаўсёды, але вярнулася б.
Тую мясцовасць, дзе была Вера, занялі амерыканцы. Пра амерыканцаў яна ўспамінае з захапленнем. «Усе яны такія пекныя, ветлівыя, далікатныя», — кажа яна. Вера ўпершыню ўбачыла «чорненькіх» салдат. Яе вельмі здзівіла і абрадавала, што сярод амерыканскіх салдат было некалькі беларусаў, было з кім паразмаўляць. Яна некалькі разоў сустракалася з імі. Жонка баўэра ўгаворвала Веру застацца ў іх на нейкі час, пакуль у свеце не стане больш стабільнае становішча. Але Вера рашыла вяртацца дадому. Разам з усімі такімі ж, як і яна. У дзень ад’езду яе праводзіла ўся сям’я баўэра, прыйшлі і яе новыя знаёмыя амерыканскія салдаты. Пры развітанні былі абдымкі, пацалункі, слёзы. «Я ніколечкі не шкадую, што папала ў Нямеччыну. Хоць пабачыла свет, пабачыла, як жывуць людзі ў іншых краінах», — падвяла рысу пад нашай размовай мая стрыечная сястра Вера. «Ну і дзе людзі жылі лепш, там ці ў нас?» — запытаў я. «Не задавай бязглуздых пытанняў», — паставіла мяне Вера на месца.
Але мяне цікавіла яшчэ адно пытанне, і я яго задаў: «Вера, амерыканцы цябе вызвалілі ў красавіку 1945 года, а дадому ты вярнулася толькі на пачатку чэрвеня 1946 года. Чаму ты так доўга дабіралася?» Яна адказала: «Ты ж ведаеш, як гэта рабілася. У амерыканскую зону акупацыі прыбылі прадстаўнікі савецкай адміністрацыі, павіншавалі нас з вызваленнем, з хуткім вяртаннем на Радзіму. Нас размясцілі ў пасажырскіх вагонах. Праваднікі нас сустракалі ветлівымі ўсмешкамі, частавалі гарбатай, было радасна да слёз. Але як толькі мы выехалі з амерыканскай зоны акупацыі і апынуліся ў савецкай зоне, прыветлівасць з твараў праваднікоў знікла. Яны раптам пераўтварыліся ў наглядчыкаў і канваіраў. Нас, як арыштантаў, перагрузілі ў таварныя вагоны-цялятнікі і адвезлі ў фільтрацыйны лагер, дзе цэлы год фільтравалі. Ад Сібіры мяне выратаваў мой фізічны недахоп».
Пасля вяртання дадому Вера ўладкавалася на працу правадніком вагона пасажырскага цягніка. Калі ў яе нарадзіўся сын Аляксандр (Шура), яна звольнілася з працы і вярнулася ў вёску да сваіх бацькоў, стала працаваць паштальёнам. Сын падрастаў, закончыў школу. Пасля школы пераехаў у Мінск, уладкаваўся на працу, але цяжка захварэў і памёр у 40-гадовым узросце. Пахаваны ён на Паўночных могілках. Калі я прыязджаю ў Нябышына, Вера пытаецца ў мяне, ці быў я на магіле Шуры. Я ёй адказваю, што бываю, магіла дагледжана.
22. Радзіёнаўцы
Блакада скончылася раптоўна, як і пачалася. Даты дакладна я не памятаю, але мяркую, што тыя падзеі пачаліся 16–18 мая, а закончыліся 25–27 мая 1943 года. Хата наша згарэла, уся скаціна прапала, маёмасць, якую мы схавалі ў ямах, рабаўнікі знайшлі. У нас нічога не засталося. Але свае агароды і поле мы паспелі засеяць да блакады, была надзея на новы ўраджай. Як і калі адбылося пахаванне аднавяскоўцаў, якія загінулі ў час блакады, у тым ліку і маіх бабулі Насты і дзядзькі Івана, не памятаю. Чамусьці гэта адбылося без майго ўдзелу. Магчыма мае бацькі не ўзялі мяне з сабой на пахаванне, каб не траўмаваць маю псіхіку.
Ужо ў наш час, бываючы ў вёсцы, я спрабаваў выстветліць, дзе іх магілы, але ніхто нічога не ведае. Няма магілы і Фані Лашэвіч, якую забіў раз’юшаны партызан. Мая стрыечная сястра Валя Салянка, якая пражывае ў Санкт-Пецярбурзе, у тэлефоннай размове патлумачыла мне, як адшукаць магілу бабулі Насты. Валя старэйшая за мяне на 2 гады і прысутнічала на пахаванні. Па прыкметах я знайшоў тое месца. Але замест магілы я ўбачыў неглыбокую ўпадзіну. Мая мара — аднавіць магілу бабулі Насты.