Нябышына. Акупацыя вачыма падлетка
- Автор: Копыл Илья
- Год: 2014
- Язык: белорусский
- Год: Інстытут Беларускай гісторыі і культуры
- ISBN: 978-9984-897-11-0
- Жанр: Биографии и мемуары
Электронная книга - «Нябышына. Акупацыя вачыма падлетка». Краткое содержание книги:
Ілля Копыл
Я і Андрэй па-ранейшаму хварэлі, калі да нас у Забар’е верхам на конях прыехалі некалькі партызан. Яны паведамілі, што трагічна загінуў мой самы старэйшы брат Мікалай. Як яны расказалі, Мікалай быў у начным патрулі, а днём у хаце адпачываў. У гэты самы час другі партызан паставіў на падлогу кулямёт для праверкі, па неасцярожнасці націснуў на спускавы кручок і кулямётнай чаргой цяжка параніў соннага Мікалая. Брату ампутавалі нагу па пах. Ён памёр на аперацыйным стале, магчыма, ад страты крыві, магчыма, ад балявога шоку — аперацыю рабілі без абязбольвання. Перад смерцю ён папрасіў, каб не каралі віноўніка гэтага трагічнага здарэння.
Цела Мікалая партызаны чамусьці не прывезлі. За ім паехалі дзве маіх стрыечных сястры: Аня, якая зараз жыве ў Мінску, і Марыля, якая жыла ў Малдове, але ў 2011 годзе памёрла. Бацька не паехаў сам, таму што трэба было зрабіць труну і выкапаць магілу, а ў час вайны гэта было зрабіць вельмі складана. Прывезлі цела Мікалая ў суправаджэнні партызан. Памятаю, як яны занеслі цела ў хату і паклалі на падрыхтаваную лаву. Бацька запытаў: «А дзе ампутаваная нага?» Партызаны збянтэжыліся, але паабяцялі прывезці яе. Слова сваё яны стрымалі. Праз нейкі час к дому прыскакалі два вершнікі, паклалі на ганак пакунак з нагой і ўскакалі. Калі абмывалі цела, з яго выпадалі кулі. Труну з нябожчыкам паставілі ў тым жа пакоі, у якім стаяў ложак, дзе ляжалі хворыя я і мой брат Андрэй, толькі ў супрацьлеглай сцяны.
Мы былі так знясілены хваробай, што не маглі самастойна стаяць на нагах. Нас, падрымліваючы пад рукі, па чарзе падвялі да труны для развітання. Не ведаю, што адчуваў Андрэй (яго ўжо няма ў жывых, трагічна загінуў у 1984 годзе), што ж тычыцца мяне, то ў маім сэрцы, на маёй душы было пуста. Я быў не ў стане ўсвядоміць трагічнасць моманту, таго, што я больш ніколі не ўбачу свайго брата. У мяне нават не навярнуліся на вачах слёзы. Я быў так дакапаны хваробай, так ёй прыгнечаны, што мне хацелася аднаго — хутчэй вярнуцца ў свой ложак. Толькі мама горка плакала. У хату сабралася шмат знаёмых і незнаёмых людзей. Пахаванне адбылося ціха, на змярканні, каб пазбегнуць абстрэлу. Пахавалі Мікалая ў Вітунічах побач з тым месцам, дзе яшчэ нядаўна стаяла царква, якую спалілі партызаны ў лістападзе 1942 года. Царква праіснавала нядоўга, была адчынена пры немцах у ліпені 1941 года, а да той пары служыла калгасным зернасховішчам.
Калі я ўжо быў афіцэрам і прыязджаў на адпачынак у сваю вёску Нябышына, абавязкова наведваўся ў Вітунічы на магілу брата. Аднойчы я прыйшоў туды, але магілы брата не адшукаў. Зніклі ўсе магілы (там было некалькі пахаванняў). Я ўбачыў толькі роўнае месца. Мама мне патлумачыла, што перад нейкай чарговай гадавінай Перамогі ўсе магілы ўскрылі і парэшткі загінуўшых перазахавалі ў агульную магілу, на якой паставілі помнік. Калі быць дакладным — мама сказала, што на новай магіле паставілі бетонны слуп. Я бачыў той помнік, на ім напісана некалькі прозвішчаў, але прозвішча Мікалая Копыла там не значылася.
Калі мама памерла, я доўгі час не наведваўся ў сваю вёску, бо служыў вельмі далёка, у Кіраўскай вобласці. Пасля звальнення з арміі я вярнуўся на сваю Радзіму ў Беларусь і праз некаторы час узяўся за справу, каб вярнуць імя брата на помнік, які ўсталяваны на брацкай магіле ў Вітунічах. У савецкі час усе пытанні вырашала КПСС. Таму я адаслаў свой ліст у Докшыцкі райкам КПБ. Атрымаўшы адмоўны адказ, накіраваў другі ліст. Я ўказаў канкрэтна, у якім партызанскім атрадзе знаходзіўся мой брат. Мая дзіцячая памяць спрацавала, што і дапамагло ў пошуках. На гэты раз у архіве знайшліся звесткі пра майго брата-партызана. На помніку з’явілася імя Мікалая: «Копыл Н. Ф.». Цяпер у мяне ёсць месца, куды пакласці кветкі.
(Перапіска дадаецца)
Секретарю Докшйцкого райкама КПБ
от Копыла Ильи Филипповича,
чл. КПСС с 1961 г.,
проживающего по адресу:
г. Минск, ул. Л. Беды 19–36
Мой родной брат Копыл Николай Филиппович во время Великой Отечественной войны был партизаном. Погиб весной 1944 года. Похоронен в дер. Витуничи, где было несколько партизанских могил. В конце 60-х годов могилы были вскрыты и все останки перезахоронены в братскую могилу, но фамилии моего брата на памятнике не значится.
Прошу Вас оказать содействие в восстановлении фамилии и имени моего брата на памятнике, установленном на братской могиле в дер. Витуничи.