Нябышына. Акупацыя вачыма падлетка
- Автор: Копыл Илья
- Год: 2014
- Язык: белорусский
- Год: Інстытут Беларускай гісторыі і культуры
- ISBN: 978-9984-897-11-0
- Жанр: Биографии и мемуары
Электронная книга - «Нябышына. Акупацыя вачыма падлетка». Краткое содержание книги:
Ілля Копыл
Між тым і ў гэты момант у вёсцы заставаліся жыхары. Праз нейкі час у яе ўвайшлі паліцаі. Іх было не надта многа, чалавек 15–20, можа, крыху больш, і з імі каля дзесятка падвод. Якая мэта была ў іх, можна здагадацца. Яны сталі рабаваць пустыя хаты і грузіць скарб на вазы.
Разам з паліцаямі рабаўніцтвам займалася і адна жанчына. Людзі, якія рызыкнулі і засталіся ў сваіх сховішчах побач з вёскай, здалёк пазналі яе. Гэта была наша нябышынская жанчына Надзя Прахаронак. Да вайны яна пайшла замуж у вёску з недалёкай Заходняй Беларусі. Яе муж якраз і быў начальнікам гэтай паліцэйскай каманды. Жанчына добра ведала хаты, у якіх можна было добра пажывіцца. Людзі, убачыўшы яе, асмялелі: гэта ж наша жанчына! Яны павылазілі са сваіх сховішчаў і накіраваліся да яе, як да выратавальніцы. Яны папрасілі спыніць рабаўніцтва, не здагадваючыся, што падпісваюць тым самым сабе смяротны прыгавор. Надзя была ўпэўнена, што вёска пустая, і гэта сустрэча з людзьмі была для яе нечаканай і непажаданай. Менавіта яна, Надзя Прахаронак, параіла свайму мужу-паліцаю зрабіць так, каб у вёсцы не засталося ніводнага сведкі. Паліцаі абшукалі вёску і яе наваколле. Усіх, каго злавілі, загналі ў пуню. Такіх было не менш 30 чалавек. Потым у пуню кінулі гранату і падпалілі. З пуні чуліся крыкі і плач. Кажуць, што Надзя Прахаронак не пашкадавала і сваіх бацькоў, яны загінулі ў той жа пуні. Хто спрабаваў збегчы, таго застрэлілі. Старых і хворых забівалі на месцы. Такі лёс напаткаў і маю бабулю. У пуні згарэў і стрыечны брат са сваёй няроднай маці. Яму было ўсяго 5 гадоў, ён хварэў. Жанчына засталася з ім, каб даглядаць, і загінула разам. Яе муж Іван Стульбёнак па прозвішчы Ананім са сваімі сынамі Міхаілам і Мікалаем уратаваўся.
Дарэчы, Прахаронак — гэта таксама не прозвішча, а мянушка. Дзеда звалі Прохарам. Старэйшы брат Надзі, Аляксандр, загінуў у партызанах. Пахаваны ён на могілках у нашай вёсцы Нябышына. Памятаю, як труну з нябожчыкам перапраўлялі цераз раку Поня на чаўне, бо мост быў спалены. На яго магіле быў усталёваны замест крыжа слупок з пяціканцовай зоркай зверху. Калі я вучыўся ў школе, мы, вучні, разам з настаўнікамі даглядалі яго магілу. Але школу даўно зачынілі і нават будынак разабралі. Зараз, калі я пісаў гэтыя свае ўспаміны, паехаў у вёску, каб яшчэ раз пабачыць тое месца, удакладніць нейкія дэталі. Але магілу я не знайшоў. Ніхто з жыхароў вёскі таксама не змог ўспомніць, дзе тое месца. Вось такая «памяць» аб канкрэтным партызане Вялікай Айчыннай вайны. Тут назіраецца абыякавасць як жыхароў вёскі, так і мясцовай адміністрацыі.
Другі брат Надзі Прахаронак, Пётра пасля вайны з’ехаў да сваякоў на Украіну. Памятаю, ён называў і горад — Каменскае. Вось такая была вайна: часам свае былі жахлівей, чым немцы. Пра Надзю я больш нічога не чуў, нават не ведаю, ці шукалі яе і яе мужа-паліцая пасля вайны, каб аддаць іх пад суд. Якое ж было маё здзіўленне, калі я пачуў ад аднавяскоўцаў, што Надзя Прахаронак пасля вайны працавала ў леспрамгасе, жыла ў вагончыку разам з лесарубамі і дажыла да глыбокай старасці ў вёсцы Далёкае. Дарэчы, у гэтай вёсцы нарадзіўся і вырас бацька трохразовага алімпійскага чэмпіёна ў веславанні Уладзіміра Парфяновіча. Яго гэтак сама завуць Уладзімір Парфяновіч. Я з ім сябраваў і правучыўся разам з ім у адной і той жа школе з 1-га па 7-ы клас.
Зараз вёска Далёкае ўжо не існуе.
20. Канец блакады
Блакада працягвалася тыдзень, а можа, крыху больш. Увесь гэты час мы хаваліся на балоце. Кожны дзень мы перахадзілі на новае месца. Усе рашэнні на гэта прымаў мой бацька, ён вельмі добра арыентаваўся на балоце. У нашай групе было 13 чалавек: двое мужчын, пяць жанчын, шэсць дзяцей, з якіх самаму малодшаму было 8 гадоў. Мы пілі ваду з ручаёў. Харчы заканчваліся.
Калі «рама» перастала лётаць, мы сталі распальваць агонь. Шукалі птушыныя гнёзды і варылі птушанят.
Мой бацька часам адлучаўся, каб разведаць, што адбываецца ў вёсцы. Гэта было небяспечна, ён мог напароцца на засаду і назад не вярнуцца. Аднойчы, вярнуўшыся з разведкі, бацька сказаў: «Пара дадому, хопіць бадзяцца». Вось тут я і сказаў, што наша хата згарэла. Але бацька ўжо ведаў пра тое. Мы выйшлі з лесу, убачылі сваю вёску. Яна ўцалела амаль уся. І хоць наша хата згарэла, у нас павысіўся настрой. Мы забыліся пра пільнасць і са спазненнем убачылі на ўскрайку вёскі ўзброеных людзей. Да плоту былі прывязаны коні. Уцякаць было позна. Незнаёмцы падалі рукамі знак, каб мы падышлі да іх. Бацька спыніў групу і пайшоў адзін. Следам за ім, быццам хвост, увязаўся і я. Як высветлілася, гэта былі партызаны і сярод іх камісар 1-га атрада брыгады «Жалязняк» Спірыдон Барздыка (пасля вайны я з ім сустрэўся яшчэ раз). Мы падышлі бліжэй. Перад намі адкрылася жудасная карціна: папялішча, на якім ляжала 15–20 абгарэлых чалавечых цел. Мяне апанаваў страх, стала мутарна і я схаваўся за спінай бацькі.