Бесплатная библиотека
Читайте книгу на сайте или телефоне
READ-E-BOOK » Классическая проза » Каласы пад сярпом тваiм [в одном томе]
Каласы пад сярпом тваiм [в одном томе] - Читать Любимую Русскую Полную Книгу 👉 Read-E-Book.com

Каласы пад сярпом тваiм [в одном томе]

Электронная книга - «Каласы пад сярпом тваiм [в одном томе]». Краткое содержание книги:

Раман Уладзіміра Караткевіча «Каласы пад сярпом тваім» – гэта твор пра драматычныя падзеі нашай гісторыі, перадумовы паўстання 1863-64 гг. Пісьменнік стварыў яркі вобраз эпохі, якая дала свету і нашай Айчыне сапраўдных герояў, мужных барацьбітаў за волю. Маштабнасць задумы твора бачна ўжо ў назве твора, што мае сімвалічна-алегарычны сэнс. Галоўны герой рамана Алесь Загорскі разважае: «Бедныя, бедныя людзі! Як каласы, як трава пад сярпом тваім, грубая сіла».
1 ... 159 160 161 162 163 164 165 166 167 ... 192
Перейти на страницу:

Ён узяў яе за плечы і сілком адвёў далоні ад вачэй. У вачах былі слёзы. Мсціслаў адчуў – апусцілася некуды сэрца.

– Як жа гэта нехта мог, – праз слёзы сказала яна. – Як узнялася рука на такога. Ціхі ж, рахманы. Дзіця астанецца. Ну, нічога. “Сіроцкія слёзы дарма не мінаюць. Пападуць на белы камень – камень прабіваюць”.

Мсціслаў паставіў яе на ногі. Павагаўся хвіліну і раптам асцярожна пацалаваў у распухлы, салёны ад слёз раток.

– Не трэба, – глуха сказаў ён. – Калі нават нешта і здарыцца – я цябе не кіну. Бацькам буду. Братам буду. Мужам, калі хочаш, буду.

“Не”, – моўчкі кіўнула яна галавой.

“Так”, – моўчкі схіліў ён галаву.

Стафан сядзеў на прызбе, зябка хутаўся ў чугу і праваленымі вачыма глядзеў на заліты барваю сад і на сонца, што сядала за ім. Падышоў Кандрат, але старэйшы яго нібы не заўважыў. Твар жоўты і ў плямах, позірк адсутны.

Кандрат асцярожна паклаў яму на тую руку, што ляжала на каленях (другая сціскала на грудзях адвароты чугі), двух забітых дупеляў.

Стафан памацаў рукою ржавае мяккае пер'е і скрывіў вусны ўсмешкаю.

– Шкада-а.

– Табе сёння зварым. Нічога. Ежа, браце, панская.

– Усё адно шкада.

Кандрат прысеў да старэйшага.

– Дай стрэльбу, – сказаў Стафан.

Узяў дубальтоўку сухімі, як курыныя лапы, пальцамі.

– Цяжка. Пры жыцці і страляць не любіў. Вось і сам дзічынаю зрабіўся.

I зноў Кандрата, другі ўжо раз, уразіў гнеўны выраз у вачах Стафана. Сонца ўжо ледзь круцілася, пералівалася сваім краёчкам над вадой.

– Кандратка, – сказаў Стафан, – я сёння памру.

Брат зрабіў рух пратэсту.

– Не, – сказаў Стафан. – Я ведаю. Ты не забыў?

– Не.

– Споўні. I Кроера таксама. Мне праява была – ён.

– А калі не?

– Калі нават не, то гэткую дрэнь сцерці трэба з зямлі.

– Споўню.

– Забі за сорак дзён, пакуль душа тут… Таркайлу… Каб супакоілася. А з тым не спяшайся. Усё добра зрабі. А можа, і я з таго свету прыйду, скажу, ён ці не. Каб жывую душу ўратаваць ад дарэмшчыны – адпусцяць.

– Споўню.

– Правядзі мяне, братка, да ракі. Бачыш, чырвоная…

Гнеў знік з вачэй хворага. I нават усмешка была ранейшая, як да хваробы. Успершыся на плячо Кандрату, ён устаў.

– Ну вось, блаславі вас усіх. Мне…

Нібы страціў думку.

– Ну вось… Каб вышэй… Трошачкі вышэй.

Пацягнуўся, нібы хацеў яшчэ раз убачыць раку. А потым стаў падаць так раптоўна, што Кандрат ледзь паспеў падтрымаць яго.

Везлі яго на могілкі па вадзе. Яшчэ стаяла спозненая палавень, і да царквы на востраве іначай дабрацца было нельга.

Ішлі чатыры чаўны. На пярэднім стаяла корста з нябожчыкам. Стырнаваў Алесь: выпраўляў нябожчыка брата ў апошнюю дарогу. Змрочны Кандрат Кагут пеніў ваду вяслом. На астатніх трох чаўнах сядзелі Кагуты, Кахновы і сваякі Марты.

Зялёнымі хмарамі стаялі ў вадзе гаі. Звінеў над невялічкім лапікам сушы жаўрук. Вельмі цёпла, зусім па-летняму прыпякала сонца.

Не ўзляталі з астраўкоў кулікі-турухтаны. Як ведалі, што людзі на чаўнах страляць не будуць. А можа, – і гэта хутчэй за ўсё – адураныя повенню вясенняй крыві ў жылах, нікога не баяліся. Такавалі, натапырыўшы пер’е, хадзілі адзін перад адным, яркія ў шлюбных уборах.

Самачкі, прымайстраваўшыся на крайніх канцах выспачкі, глядзелі на самцоў.

Ні ў кога з мясцовых людзей не ўзнялася б рука страляць па іх у такі час. I турухтаны ведалі аб гэтым. Неба, вада і астравец – усё было для іх.

Марта на другім чаўне пабівалася. Быў гэта яе абавязак. Але астатнія ўжо трохі перацерпелі гора. Мінуў год, і ўвесь гэты час яны чакалі немінучага, а калі яно прыйшло, мала асталося слёз.

Хіба толькі ў маці.

Стары Кагут Даніла думаў аб тым, што і яго хутка павязуць той самай дарогай, і не шкадаваў аб гэтым, а шкадаваў хіба толькі аб тым, што гэта не яго вязуць зараз замест Стафана. Добра было б адпачываць у такі дзень, пад жаўруком, між небам і вадою. I каб ля чаўна такавалі турухтаны.

Янька выплакалася яшчэ ля курганоў, а потым у хаце. Алесь думаў, як цяпер адшукаць вінаватага ва ўсім гэтым. Мсціслаў паглядаў зрэдку на Яньку і налягаў на вясло.

Толькі адзін Кандрат глядзеў на свет змрочна, праз прыпухлыя павекі. I чым больш Алесь глядзеў на яго, тым больш здагадваўся: гэты ўсё ведае.

Над вадою між зялёных хмурынак затопленых дрэў ляцела галошанне:

А я ж за табою на край свету хадзіла, А я ж за табою ў вагонь лётала, Сакол ты мой міленькі, каханенькі! А ўстану ж, бывала, я раненечка, А мой жа саколік па палетачках ходзіць.

I хоць усе ведалі, што заўсёды Марта ўставала раней за “саколіка”, усе ўяўлялі сабе раннія зарошаныя паплавы, Стафана з аброццю на плячы, гулкі па-ранішняму ўдар далёкага балабона – і ўсім рабілася горка.

А кветачкі ж ад яго красуюць, А небачка ж ад яго ззяе. Зірнеш – мятлушкі ад яго ў вачах лётаюць, Зірнеш – нібы ігруша белая зацвіла. Зірнеш – як лісцічак кляновы ён прытульненькі, Зірнеш – сэрца молатам у грудзіну валіць. Караван смерці плыў паўз астравы жыцця. Хай бы ж той халера лепей мяне забіў, Хай бы ў мяне з сэрца кроў высмактаў, Як жа мне цяпер цяжанька без любага дружачкі…

Кандрат не глядзеў ні на неба, ні на бязмежную, як неба, повень. Яшчэ тры дні таму ён схаваў стрэльбу ў дупле дрэва ля моста цераз Азяранку, на поўдзень ад вёскі і па дарозе на Сухадол. Таркайлаў фальварак быў паўночней, і дарога з яго ў Сухадол пралягала каля Азярышча. I кожную раніцу Кандрат Кагут выходзіў на курганы і сачыў.

Пазаўчора Тодар вярнуўся з сальнікам Брунонам Дарымядовічам, у адной таратайцы.

Сёння раніцай ён павёз сальніка зноў у Сухадол, і Кандрат спадзяваўся, што, можа, увечары ён будзе вяртацца адзін. Нават калі вернецца ўдвух – Кандрат гэта сцерпіць. Ён будзе трываць хоць сорак дзён, а дачакаецца яго аднаго.

Магчыма, сёння яны пахаваюць Стафана да вечара, і Кандрат паспее вярнуцца на Азяранку, калі Таркайла паедзе назад.

Шкада будзе, калі не заб’е за сорак дзён. Душа братава не так узрадуецца. Але нават калі не паспее – няхай. Ён звык цярпець. Ён мужык, і ён даў слова. Ён будзе хадзіць месяц, два, год, але ён перастрэне Тодара аднаго. Нельга сказаць, што яму будзе лёгка яго забіць: ён яшчэ ніколі не забіваў. Але ён ведаў: іначай нельга. “Церпім, церпім, церпім, а яны ўважаюць нас за дурных зайцоў. Судзяць нас, распраўляюцца як хочуць і ўпэўнены ў тым, што няма ім пакарання. Таму і робяць, што душа іхняя жадае.

На катаргу зашлюць у Сіберыю – і ходзяць сабе спакойна. Ведаюць, нават калі вернецца – збаіцца зноў туды трапіць. А дзяржава помсціць не будзе – ёй абы ціха было.

I заб’юць калі, то не чакаюць кары. Каб гэта чакалі – ого-го! Тройчы падумалі б, перад тым як паскудства нейкае зрабіць. Ну то калі не карае бог, не карае начальства, хай пакарае сам пакрыўджаны. Другія тады азірацца будуць, перш чым данесці, забіць, дзяцей пасіраціць, маёмасць пусціць дымам”.

Падкова на лобе Кандратавым аж пачырванела, так ён думаў. Заб’е. Зімою ці вясною, улетку ці ўвосень – заб’е. У слату ці ў ясны дзень – заб’е. Уначы ці ўранні – заб’е. Ого-го, як бы гэта лёгка было жыць на зямлі, каб за кожнае паскудства паскуднік чакаў немінучай кары.

Вой, як павалюся я на тваю магілачку, Як закуваю я цяпер па табе кукулечкай. Дружыначка ж ты мая, нашто ж ты мяне… пакідаеш? А ці дабра ты ад дзетак, ад жонкі… не маеш? Як жа ж нам цяпер… пражыць? Як нам жыццё без цябе… прабыць? Як мы цябе забываць… будзем? Адкуль мы цябе дажыдаць… будзем?

Кандрат сціснуў кулакі на вясле і рыўком папаслаў човен з корстай нябожчыка да недалёкай ужо царквы на выспе.

1 ... 159 160 161 162 163 164 165 166 167 ... 192
Перейти на страницу:
0
Сюжет
  • 1
  • 2
  • 3
  • 4
  • 5
  • 6
  • 7
  • 8
  • 9
  • 10
0
Атмосфера
  • 1
  • 2
  • 3
  • 4
  • 5
  • 6
  • 7
  • 8
  • 9
  • 10
0
Главный герой
  • 1
  • 2
  • 3
  • 4
  • 5
  • 6
  • 7
  • 8
  • 9
  • 10
0
Общее впечатление
  • 1
  • 2
  • 3
  • 4
  • 5
  • 6
  • 7
  • 8
  • 9
  • 10
Итоговая оценка: 0.0 из 10 (голосов: 0 / История оценок)