Бесплатная библиотека
Читайте книгу на сайте или телефоне
READ-E-BOOK » Классическая проза » Каласы пад сярпом тваiм [в одном томе]
Каласы пад сярпом тваiм [в одном томе] - Читать Любимую Русскую Полную Книгу 👉 Read-E-Book.com

Каласы пад сярпом тваiм [в одном томе]

Электронная книга - «Каласы пад сярпом тваiм [в одном томе]». Краткое содержание книги:

Раман Уладзіміра Караткевіча «Каласы пад сярпом тваім» – гэта твор пра драматычныя падзеі нашай гісторыі, перадумовы паўстання 1863-64 гг. Пісьменнік стварыў яркі вобраз эпохі, якая дала свету і нашай Айчыне сапраўдных герояў, мужных барацьбітаў за волю. Маштабнасць задумы твора бачна ўжо ў назве твора, што мае сімвалічна-алегарычны сэнс. Галоўны герой рамана Алесь Загорскі разважае: «Бедныя, бедныя людзі! Як каласы, як трава пад сярпом тваім, грубая сіла».
1 ... 162 163 164 165 166 167 168 169 170 ... 192
Перейти на страницу:

Ісленьеў і Паноў падымаліся па сходах.

Нікога. На тэрасе з застаялымі лужынамі ад дажджу – таксама нікога. Ніхто не выйшаў насустрач.

Штурхнулі дзверы, пайшлі пакоямі. Запыленыя люстры і вокны. У зале, дзе калісьці стаяла труна,- ані жывога духу.

– Гэй! – крыкнуў Паноў. – Ёсць хто?

У непаразуменні, куды маглі разбегчыся слугі, дзве постаці ішлі абрыдліва запушчанымі пакоямі.

У адным пакоі стаяў сабраны стол персон на дваццаць, і ля яго таксама нікога.

Рыпнулі недзе дзверы, і людзі заспяшалі туды, але гэта была пройма. Яна расчыніла дзверы, і яны штурхнулі бутэльку, што ляжала на падлозе. Бутэлька яшчэ ракатала па шчарбатым паркеце, нібы нехта нябачны каціў яе.

Стала жудасна.

Яны знайшлі таго, каго шукалі, толькі ў наступным пакоі. Тут усё стаяла на сваіх месцах, было нават сяк-так прыбрана.

Кроер ляжаў на падлозе, закінуўшы аблічча, з мёртвай рукою, усё яшчэ працягнутай да санеткі.

Магчыма, і званіў. Але не прыйшоў ніхто. Ці баяліся зайсці? Ці проста разбегліся? Хто мог сказаць, што тут было і што ён адчуваў у апошнія хвіліны.

– Nemesis divina[134], – сказаў Паноў.

Ён быў малады чалавек і любіў ужыць лацінскае слова.

Ісленьеў пакасіўся на яго і нічога не сказаў.

Тры чалавекі стаялі ў вільготным пасля лёгкага дажджу бярозавым гаі.

– Вось што, – сказаў Франс Раўбіч. – Я ўжо сказаў, што мой бацька дрыжыць ад злосці, калі нехта толькі ўспомніць ваша імя, князь. Я не хачу, каб ён памёр, нават калі гэтай бессаромніцы ўсё адно.

Алесь пакасіўся на Міхаліну. Усё было б лепей за гэтае раптоўна перарванае, нібы патаемнае, спатканне. Сустрэліся, і вось на іх выпадкова натрапіў Франс.

– Жонка, якая хоча ўбачыць мужа, бессаромніца? – мякка спытаў Алесь. – Не трэба табе гэтага, Раўбіч.

– Я ўжо сказаў, я не дазволю ёй заганяць у магілу бацьку.

Франс гарачыўся.

– Пану Раўбічу лепей.

– Усё адно… Я даў слова: нават калі з бацькам нешта здарыцца – ты хутчэй будзеш ягонай удавою, чым жонкай. Вось і ўсё.

Майка аж калацілася:

– Слухай, Франс. Што гэта за глупства? Што за злоснасць? Гатовыя жэрці адзін аднаго. Злітуйся ты, урэшце, з мяне, з яго, з сябе, нізкі ты чалавек.

– Майка… – сказаў ён.

Вочы дзяўчыны пашырыліся:

– Я злітавалася з цябе, я пашкадавала бацьку. Але цяпер я шкадую, што я выйшла тады з царквы, паверыла вам.

Алесь узяў яе за плечы і адвёў. Усміхнуўся:

– Сапраўды, Франс. Я тады пайшоў вам насустрач. Але цяпер, калі я разумею, як вы хочаце падманам скарыстацца з маёй дабрыні, я думаю, што я дарэмна пайшоў на гэта. Я заўсёды пачуваў да вас і да пана Яраша толькі самае добрае, хоць часам мне вельмі хацелася добра надаваць асабіста вам па тым месцы, па якім аднойчы, дзіцем, я надаваў вось ёй.

Франса калаціла.

– Выслухайце мяне, – сказаў Алесь. – Я ніколі не думаў “помсціць пагардай”, я для гэтага занадта любіў вас і таму не хацеў крыві. Я прыскакаў на дапамогу пану Ярашу і з удзячнасцю ўзяў бы такую самую дапамогу і ад вас. Вось вам мае тлумачэнні. Vous n’etes pas content?[135]

Міхаліна ўзяла Алеся за плячо і прыхілілася тварам да ягонай рукі.

– Мы вырашылі. Я вырашыла…

– Майка, – сказаў Алесь, – я сам растлумачу гэта Франсу. Ідзі. Помні, аб чым дамаўляліся.

Яна пайшла ў бок раўбічаўскага парку. Мужчыны стаялі і глядзелі адзін на аднаго.

– То што? – сціснуўшы зубы, спытаў Франс.

Алесь уздыхнуў. Такі ляжаў вакол свет! Так ён іскрыўся і палаў ад дажджу! Што яшчэ было тлу-мачыць?!

– Мы вырашылі, што пачакаем, пакуль пан Яраш не ачуняе канчаткова.

– Вы вырашылі?

– Ну згадзіся, брат, не табе ж гэта вырашаць, – на Алеся напаў гумар. – Самае большае, што дазваляе наша з табою сваяцтва, гэта напіцца разам да зялёнага змія…

– Мы далі слова, – Франс бялеў. – Яна сама дала слова Хаданскім.

– Раней за ўсё яна дала слова мне.

– Хто агалосіў яго?

– То ты лічыш, што слова, дадзенае перад богам, – лухта, а перад людзьмі – усё?

– Мы жывём не сярод багоў.

Чорт пацягнуў Алеся за язык:

– На жаль, і я за апошні час усё часцей пераконваюся ў гэтым.

Франс закусіў губу.

– Ну вось, – сказаў Алесь. – Дальбог, Франс, падумай ты, урэшце, хоць раз не аб сваім дурным гонары, а аб яе шчасці.

– Ты – гэта шчасце?

– Для яе, – сказаў Алесь. – Прынамсі, яна лічыць так. I я пастараюся, каб яна не расчаравалася ў ім як мага даўжэй. Таму што і яна – маё шчасце. Мяркую – да канца.

– Калі будзе гэты канец?

– Ты збіраешся стаць на маёй дарозе? – Алесь сумна ўсміхаўся. – Дарэмна, я ж не стаяў на тваёй.

I ўбачыў, што сказаў страшнае. Франс таргануў галавою.

– Так, – глуха сказаў Франс. – I таму я яшчэ раз кажу табе… – у яго цакаталі зубы. – Не спадзявайся атрымаць за ўсё, што ты зрабіў, нічога, акрамя зла.

– Ты пагражаеш мне?

Франс звыкла перайшоў на “вы”.

– Vous verrez les consequences et vous en jugerez[136]. Я невыпадкова сустрэў вас. Я ўсё ведаў. Аб усім дамоўлена. Яе сёння ж… завязуць. У крайнім выпадку заўтра раніцай! Чуеш? Чуеш, ты?!

Алесь зрабіў быў крок да яго і спыніўся:

– I ты мог крычаць аб гонары? Дурань жа я, што паверыў вам.

Толькі тут Франс зразумеў, што Алесь сапраўды ні ў чым не вінаваты, што ва ўсім вінаватая крайняя датклівасць пана Яраша і яго, Франса, абражаны гонар і дробязная злоснасць. Алесь цяпер сапраўды мае права пагарджаць ім.

– Я ведаю, – працягваў Алесь, – цяпер вы яе не выпусціце да смерці. I я яшчэ мог нечага чакаць ад цябе, акрамя подласці?

Франс ведаў, што Алесь цяпер мае права сказаць яму ўсё, і не здзівіўся. Але рука прывыкла адказваць на слова “подласць” толькі адным чынам.

…Алесь трымаўся за шчаку. Вочы ў яго былі заплюшчаныя. Потым ён непаразумела ўзняў вейкі.

Франс глядзеў на гэтае аблічча, на якім адно брыво было вышэй за другое ад нявер’я ў тое, што адбылося, і гатовы быў упасці да ног Алеся.

Пацягнуўшы ротам паветра, Алесь адштурхнуў Франса.

– Я ведаю, чаго каштуе чалавеку, калі яго б’юць па твары. Я нікога не біў першы. Ніколі. Таму я не ўдару цябе. Я проста цябе… заб’ю, – і пайшоў.

Франс стаяў і глядзеў яму ўслед.

Мсціслаў, пачуўшы аб усім, толькі ляснуў сябе па шчацэ.

– Быдла, – сказаў ён. – I на цябе спадзяваўся Кастусь? Цябе сур'ёзным лічылі?! Якраз тады, калі вось-вось трэба будзе ліць кроў па-сапраўднаму!

– Гэта дарэмна, – сказаў Алесь. – Калі ты не хочаш, я знайду другога.

– Ды як ты мог?! Калі кожнае жыццё дарагое!… Калі Беларусь…

– Я не магу ваяваць за Беларусь з пабітай мордай, – сказаў Алесь.

Гэтым жа вечарам Мсціслаў і пан Адам Выбіцкі павезлі да Раўбічаў патрабаванне сатысфакцыі.

Вярнуліся яны позна, і прымірэння ім дабіцца не ўдалося. Майку сапраўды сілком замкнулі ў пакоі. Раўбіч загадаў нікога не прымаць. Але Наталя нейкім дзівам збегла да Вежы і расказала яму аб усім.

Раздражнёны да апошняга тым, што Раўбічы ўвесь час лезуць на ражон, стары паклікаў Басак-Яроцкага і Раткевіча і вырашыў з імі выклікаць, пасля Алеся, Франса і пана Яраша, каб усё скончыць адным разам. Еўфрасіння божкала і хапалася за галаву. У доме стаяў крык. Вырашылі, што першы будзе страляцца Вежа, за ім Яроцкі, потым Раткевіч.

I ўсё ж таму, што Вацлаў ледзь не роў, думаючы аб Наталі і аб тым, якую здраду чыняць у адносінах да яе, і яшчэ таму, што Глебавічна хапала ўсіх за рукі, вырашылі счакаць дзень-два і паглядзець, чым усё скончыцца.

Усё гэта было б нават трохі смешна, каб не вынікі, з якімі вярнуліся секунданты.

На аркушы паперы бездакорным почыркам Франса было выведзена:

“Моn рrіnсе, mon humeur portait 1е сасhеt mais concessions faites de mauvaise grace sont les pires que l’on puisse faire”[137].

вернуться

134

Боская адплата (лац.). 

вернуться

135

Вы нездаволены? (франц.). 

вернуться

136

Вы ўбачыце вынікі і здолееце іх ацаніць (франц.). 

вернуться

137

Князь, мой настрой носіць адбітак журбы, але неахвотна зробленыя ўступкі – найгоршыя з усіх, якія можна было б зрабіць (франц.). 

1 ... 162 163 164 165 166 167 168 169 170 ... 192
Перейти на страницу:
0
Сюжет
  • 1
  • 2
  • 3
  • 4
  • 5
  • 6
  • 7
  • 8
  • 9
  • 10
0
Атмосфера
  • 1
  • 2
  • 3
  • 4
  • 5
  • 6
  • 7
  • 8
  • 9
  • 10
0
Главный герой
  • 1
  • 2
  • 3
  • 4
  • 5
  • 6
  • 7
  • 8
  • 9
  • 10
0
Общее впечатление
  • 1
  • 2
  • 3
  • 4
  • 5
  • 6
  • 7
  • 8
  • 9
  • 10
Итоговая оценка: 0.0 из 10 (голосов: 0 / История оценок)