Бесплатная библиотека
Читайте книгу на сайте или телефоне
READ-E-BOOK » Классическая проза » Каласы пад сярпом тваiм [в одном томе]
Каласы пад сярпом тваiм [в одном томе] - Читать Любимую Русскую Полную Книгу 👉 Read-E-Book.com

Каласы пад сярпом тваiм [в одном томе]

Электронная книга - «Каласы пад сярпом тваiм [в одном томе]». Краткое содержание книги:

Раман Уладзіміра Караткевіча «Каласы пад сярпом тваім» – гэта твор пра драматычныя падзеі нашай гісторыі, перадумовы паўстання 1863-64 гг. Пісьменнік стварыў яркі вобраз эпохі, якая дала свету і нашай Айчыне сапраўдных герояў, мужных барацьбітаў за волю. Маштабнасць задумы твора бачна ўжо ў назве твора, што мае сімвалічна-алегарычны сэнс. Галоўны герой рамана Алесь Загорскі разважае: «Бедныя, бедныя людзі! Як каласы, як трава пад сярпом тваім, грубая сіла».
1 ... 158 159 160 161 162 163 164 165 166 ... 192
Перейти на страницу:

– Правільна, – сказаў Кастусь. – Хай прадстаўнікі маскоўскага зямляцтва выкажуць свае меркаванні аб тэрмінах і метадах паўстання. Аб ходзе паўстання. Потым мы звядзем іх у адно з думкамі іншых зямляцтваў і арганізацый.

Людзі думалі.

Пасля звароту на Прыдняпроўе Алесь усутыч узяўся за вярбоўку людзей. Справа пайшла нечакана лёгка. Дрэнна паддаваліся агітацыі, бадай, адны сяляне. Дый сярод іх, з дапамогаю Кагутоў, удалося навербаваць нешта каля трох соцень людзей цвёрдай згоды. Маладыя дваране з небагатых лёгка і ахвотна ішлі на агітацыю. Ужо цяпер, калі б трэба было паўставаць неадкладна, Прыдняпроўе, у зоне дзеяння Алеся, магло б выставіць каля трохсот кос і шасці соцень багнетаў. А яшчэ ў паўночнай частцы губерні павінен быў дзейнічаць Людвік Звяждоўскі (“белыя” прабілі на пасаду свайго, не ведаючы, што гэты свой за апошні час вельмі моцна “пачырванеў”).

Словам, баяцца тут не было чаго. Хіба што здрады. Але і яна дзякуючы сістэме “дзесятак” не магла зачапіць шырока.

Алесь ведаў: да прызначанага імі тэрміну паўстання аставалася яшчэ тры гады. Лета шэсцьдзесят трэцяга. За гэты час можна было шмат чаго зрабіць. А калі рэформа расчаруе людзей – тыя, якім ён даў зямлю ўжо цяпер, таксама возьмуцца за косы. Да чэрвеня перавод сялян у вольны стан быў амаль скончаны. Тысячы былых яго мужыкоў былі вольныя: дадатковы парахавы зарад.

Гэты год быў светлы год. Здавалася, што пачынаецца зноў “вясна народаў”. Свежы вецер лунаў над светам. У Амерыцы паўночныя фермеры са стрэльбамі ішлі на рабаўласнікаў, і хоць даводзілася ім цяжка, людзі спадзяваліся на іх і верылі іхняй мужнасці.

У канцы красавіка Гарыбальдзі з тысячай адчайных і смелых людзей высадзіўся ў Сіцыліі, бо там зырка шугала паўстанне супраць неапалітанскіх Бурбонаў. Абрастаючы людзьмі, бесперапынна перамагаючы, тысяча рухалася, рабілася многімі тысячамі, выкідала ворагаў з гарадоў і вёсак. У тым жа самым годзе змагар вызваліў каралеўства абедзвюх Сіцылій. Чакаў паход на Рым. Падзеленая яшчэ з Юстыніянавых часоў, расшматаваная на часці, залітая крывёю Італія ўставала адзінай, падымаючыся на ўвесь свой вялізны рост. Напалеон казаў калісьці, што італьянцы любяць балбатаць аб волі радзімы… у ложках у сваіх палюбоўніц. Цяпер ад гэтых аматараў пагаварыць змазвалі пяткі аўстрыйцы і Бурбоны. Таму што аматары гаварылі цяпер моваю зброі і так, як належыць мужчынам.

3 шостага стагоддзя, са дня злашчаснай пагібелі Цейі, караля остготаў, была рэстаўрацыя Юстыніянам рабства, пажары, прыгон, тыранія царквы, рабунак кандацьераў, інквізіцыя або ўлада гандляроў. Ласкутная, пашматаваная краіна, вечныя захопнікі – ад візантыйцаў і іспанцаў да аўстрыйцаў.

I так на працягу тысячы трохсот год. Досыць моцны зарад аптымізму для ўсіх, хто не хоча і не ўмее чакаць. Досыць вялікая школа вытрымкі. I калі ўсім здавалася, што ўжо ўсё – волат устаў, даводзячы гэтым, што ніколі не позна.

Ніколі, калі справа ідзе аб свабодзе, аб святле заўтрашняга дня.

У юнакоў гарэлі вочы, калі яны глядзелі на захад. У іх трапяталі ноздры, што лавілі вецер свабоды.

– Жыць! Жыць! Ваяваць за волю! Знішчаць прыгон! Ваяваць за права, за шчасце, за бацькаўшчыну!

Мсціслаў Маеўскі ехаў верхам у Азярышча. Трэба было ўбачыць Кагутоў, пагаварыць аб сім-тым, а галоўным чынам, сустрэцца з Яняй.

Хлопец сам здзіўляўся, чаму яго так цягне да гэтай дзяўчынкі, а калі зразумеў, было позна. Паспрабаваў сам сябе ўгаварыць, што гэта – звычайная рамантычная гісторыя ў духу “здравствуй, добрая дева, не откажи запечатлеть на твоем невинном челе братский поцелуй, ибо и крестьянки любить умеют, под сению дерев пляша”, – нічога не дапамагала.

– Ну і чорт з вамі. Ну і злуйцеся. А я ўсё адно буду там бываць. Мне прыемна.

Цёплыя вочы хлопца аглядалі з-пад белай чупрыны Дняпро, маладую зеляніну на яго берагах, само Азярышча, якое прыгожа раскінулася над ракой. Не ведаў, што рабіць. Збіраўся быў разам з Кастусём паступаць у нейкую ваенную ўстанову. Скарыстаць ільготы для студэнтаў, што скончылі універсітэт, і дваран. Нешта і ў Кастуся не ладзіцца. Дысертацыі яшчэ не падаў, у кандыдаты, значыцца, залічаны ўмоўна. Са штаба ўстаноў адказу няма. Дый сапраўды. Недавер да мясцовых людзей вялікі, а тут чалавек, які ведае права, фінансы, статыстыку, палітычную эканоміку, гаспадарку вясковую, тэхналогію і іншае, хоча яшчэ набыць і ваенныя веды. Не ўжо, досыць. Чорт ведае што з такіх людзей можа атрымацца пры разбэшчанасці цяперашняй моладзі. Магчыма, якабінскія міністры.

Мсціслаў засмяяўся. Кастусю не шанцавала, а яму, Мсціславу, і пагатоў. Генералаў з іх не выйдзе. Што ж, адзін будзе ўладкоўваць агульную сістэму мяцяжу, а другі зробіцца неблагім паручнікам. Паручнікі паўстанню таксама спатрэбяцца. А кім, цікава, будзе Алесь?

3 прыдарожнай карчмы, за якую сядала сонца, ляцела жаласная песня:

I чарка мала, і гарэлкі няма, Міла, міла не цячэ, каля сэрца пячэ.

Сядзіць, відаць, нейкі закаханы бедалага ды плачацца на горкі лёс, ашчаперыўшы рукамі калматую галаву.

Мсціслаў зноў задумаўся ад гэтай песні. Пойдзе ў бунт, магчыма, галаву складзе, або схопяць ды расстраляюць, ці інвалідам зробяць. Што тады рабіць дзеўцы? Ах, божа ты, божа. Як бы добра, каб усё ўжо мінулася, каб перамога. А тут ворагаў – гурт. Брэшуць на сумленных людзей. Ды не дадуць так адразу цераз кроў пераскочыць…

Ён папраставаў па задворках да курганнай магільні за Азярышчам.

Янька была ўжо там. Мсціслаў саскочыў з каня.

– Вечар добры!

– Стафану кепска, – свежы тварык Янькі зморшчыўся, задрыжалі гаротна бровы.

Стафану сапраўды не памагалі ні лекары, ні лекі. I зразумела рабілася, што тут хіба ўжо натура возьме сваё, і ўсё ж усе спадзяваліся, рабілі для яго ўсё, назнарок пакідалі з ім кагосьці з братоў ці Марту з Рагнедай, каб не быў самотны.

– Пасядзім трохі, дый я пайду да яго, – сказаў Мсціслаў.

– Сядзець не трэба. Паходзім.

Яны ішлі берагам. Яня ішла побач, апусціўшы вочы, абшморгвала маладую галінку вярбы.

– Мне маладой лістоты шкада. Глядзі, якая зялёная.

– I праўда. Я не буду больш.

Падышла да ўрвішча, кінула галінку ў плынь.

– Ты не думай, – Яньчыны вочы глядзелі трохі нават спалохана. – Яна ў вадзе аджыве, выплыве недзе ў бераг ды ўкараніцца. Вярба жывучая.

– Вядома, укараніцца.

I раптам Янька хліпнула.

– Вярбе можна. Чалавеку вось нельга. Як зрэжуць яго – гэта ўжо ўсё.

Мсціслаў разгубіўся.

– Нічога. Абыдзецца ўсё.

– Не… Не ўжо, відаць… Не скардзіцца Стафан, не… Памятаеш, як на вяселлі ягоным добра было?

– Заспявай тую, што тады для Марты спявала, – папрасіў ён. – Заспявай. Вось убачыш, я веру, адразу яму лягчэй стане.

– Праўда?

Янька з даверам зірнула на яго, глыбока ўздыхнула і завяла ціхенькім дрыготкім галаском:

Прыданачкі[133] – няўданачкі

Шапчыце,

Вы яе паціхенечку

Наўчыце.

Мсціслаў ішоў і ўспамінаў радасць тых дзён: і як ездзілі па рыбу перад вяселлем, і як жартавалі з Галінкай Кахно, і як было весела. Не, нічога не магло здарыцца са Стафанам.

Няхай яна ранюсенька ўстаець, Няхай яна хатку, сенькі падмяцець, Няхай яна на вулку шумку не нясець, Няхай яна на шуметнічку пасыпе, Няхай яна і ножкамі прытопча, Няхай яна і слёзкамі прымоча.

Яны ішлі насустрач барвянаму вялізнаму сонцу, што напалову села ў затоку Дняпра. Мякка ступаў за імі стомлены конь.

Нашы курачкі трапятлівыя разграбуць, Нашы жоначкі лепятлівыя разнясуць. – Няхай вашых курэй каршун дзярэ, Няхай вашых жонак смерць пабярэ.

Янька раптоўна ўсхліпнула і села ў траву, нібыта ў яе падсекліся ногі. Ён сеў ля яе, нясмела пагладзіў па залатых валасах.

– Ну што ты, што?

вернуться

133

Старыя, што прыязджаюць па маладую. 

1 ... 158 159 160 161 162 163 164 165 166 ... 192
Перейти на страницу:
0
Сюжет
  • 1
  • 2
  • 3
  • 4
  • 5
  • 6
  • 7
  • 8
  • 9
  • 10
0
Атмосфера
  • 1
  • 2
  • 3
  • 4
  • 5
  • 6
  • 7
  • 8
  • 9
  • 10
0
Главный герой
  • 1
  • 2
  • 3
  • 4
  • 5
  • 6
  • 7
  • 8
  • 9
  • 10
0
Общее впечатление
  • 1
  • 2
  • 3
  • 4
  • 5
  • 6
  • 7
  • 8
  • 9
  • 10
Итоговая оценка: 0.0 из 10 (голосов: 0 / История оценок)