Поўны збор твораў у чатырнаццаці тамах. Том 8
- Автор: Быков Василь Владимирович
- Год: 2009
- Язык: белорусский
- Год: Саюз беларускіх пісьменьнікаў
- ISBN: 978-5-9691-0429-7
- Жанр: Биографии и мемуары
Электронная книга - «Поўны збор твораў у чатырнаццаці тамах. Том 8». Краткое содержание книги:
Восьмы том Поўнага збору твораў Васіля Быкава склала яго мэмуарная проза — усе вядомыя і адшуканыя ў Архіве пісьменьніка тэксты: «Доўгая дарога дадому», «Парадоксы жыцьця. Запісы розных гадоў», «Пункціры жыцьця. Далітаратурная біяграфія».
Аднак і другі бок прыняў свае меры і няблага падрыхтаваўся. Каб заняць месцы ў зале і не дапусьціць іншых, за гадзіну да пачатку туды папрыходзіла маса кадэбістаў у штацкім, сакратары гаркаму, прадстаўнікі пракуратуры на чале з намесьнікам генэральнага пракурора Кандрацкім. Самы першы прыйшоў з ЦК інструктар Бузук, які, мяркуючы па ўсім, меў выразнае заданьне сарваць сход.
Я таксама прыйшоў крыху раней і забег у кабінэт дырэктара Дома кіно, якім тады быў Чырвоны касьцёл. Там якраз і стаўся сьведкам таго, як гэты Бузук схапіўся з Пазьняком — наконт маючай адбыцца імпрэзы. Пазьняк даў яму добры адлуп, і я падумаў тады: «Цьвярды характар! Каб такіх болей у Беларусі».
Заля ўжо была поўная, заняў свае месцы прэзыдыюм. Кіраваць усім, здаецца, узяўся Міхал Дубянецкі, які сядзеў поруч са мной. Належала абраць кіраўнічыя органы Мартыралёгу, тут і ўсчаўся вэрхал. Асабліва як настала чарга абраць старшыню. Нахіліўшыся да мяне, Дубянецкі сказаў: зараз пасыпяцца прапановы — Быкава. Ужо таго я дапусьціць ня мог і, устаўшы, запрапанаваў Пазьняка.
У залі настаў шум, гоман і крыкі тых, што прыйшлі сюды з намерам сарваць сход. Нешта супраць Пазьняка даводзіў пракурор Кандрацьеў, істэрычна выкрыквала зь месца сакратарка гаркаму. Дубянецкі з трыбуны аб’явіў галасаваньне, але як дайшло да Пазьняка, да яго падскочыў Бузук, пачаў сьпіхваць з трыбуны. Заля абурана крычэла. Тады я ўстаў з-за стала і прапанаваў прадоўжыць галасаваньне. Хто за, хто супраць, аднагалосна! — аб’явіў я, як гэтаму навучыўся на сэсіях Вярхоўнага Савету. На тым усё скончылася. Старшынёй Мартыралёгу быў абраны Зянон Пазьняк.
I тады хтось (ня памятаю хто) прапанаваў з залі: лічыць абраны камітэт Мартыралёгу — аргкамітэтам Народнага фронту. Заля аглушальна запляскала, тыя аплядысмэнты палічылі за згоду. Апанэнты былі ў ярасьці, сьцяміўшы, што ашукаліся. Але ўжо нічога нельга было перарабіць, пратакол сходу пісаўся бязь іх. Як і гісторыя Беларусі таксама. Прынамсі, мы так меркавалі, віншуючы адзін аднаго зь перамогай.
Але тое, што адбылося ў Чырвоным касьцёле, не было аканчальнай перамогай, не было нават яе паловай. Назаўтра мяне паклікаў старшыня Вярхоўнага Савету Г. Таразевіч. Увогуле зь нейкага часу мы былі ў добрых адносінах. Яшчэ вясной я зьвяртаўся да яго з просьбай аб рэабілітацыі шмат якіх дзеячаў культуры. Перад тым на нарадзе ў ЦК мы зьвярталіся да Я.Сакалова наконт рэабілітацыі А. Гаруна і Ц. Гартнага, але Сакалоў сказаў, што, «на жаль», няма адпаведных дакумэнтаў. Пасьля прыватным чынам я гутарыў наконт таго ж з другім сакратаром Iгруновым, але ўсё бяз вынікаў. Таразевіч сказаў: «Складзіце сьпіс і падайце мне быццам на памілаваньне». Я абзваніў усе творчыя саюзы, тэатры, кансэрваторыю — набраў 55 чалавек, аднёс у Вярхоўны Савет. I празь якія два месяцы выйшаў указ, падпісаны Таразевічам, аб рэабілітацыі ўсіх, апроч Ф.Аляхновіча, крымінальная справа якога знаходзілася ў Літве, дзе ён загінуў.
Цяпер Таразевіч выглядаў дужа заклапочаным і спаткаў мяне пытаньнем: «Што гэта вы стварылі, то ж — палітычная партыя. Гэта падсудная справа, пракуратура пачынае расьсьледаваньне…»
Увечары я, Пазьняк і Дубянецкі спаткаліся ў скверы. Дубянецкі прапанаваў мне ўзначаліць аргкамітэт народнага фронту, ды я адмовіўся. Лепш бы, каб яго ўзначаліў Пазьняк, ды Пазьняк ужо задзейнічаны на Мартыралёгу. Народны фронт такім чынам заставаўся без старшыні.
Празь дзень да мяне на кватэру завіталі Васіль Якавенка з Алесем Емяльянавым. Апошні працаваў кансультантам у СП і набыў вядомасьць тым, што прызнаўся, як яго вербаваў КДБ, ды ён не пагадзіўся. Пісьменьніцкая грамадзкасьць падвергла яго астракізму, хоць было невядома за што: за тое, што яго вербавалі, ці за тое, што ён прызнаўся. Абодвух прывёў да мяне адзін клопат — хто стане лідэрам БНФ? Угаворвалі мяне, ды я цьвёрда адмовіўся — я не хацеў ды і не адчуваў маральнага права на тую місію. У канцы нашай размовы я сказаў Васілю: «А чаму б табе не зрабіць тое?». Васіль сказаў, што падумае. I назаўтра якраз перад паседжаньнем аргкамітэту паведаміў, што згодны.
На важнае арганізацыйнае паседжаньне апроч сяброў камітэту прыйшлі таксама сакратар гаркаму П. Краўчанка і кіраўнік СП Ніл Гілевіч. Калі пачалося паседжаньне, абодва выступілі рэзка супраць стварэньня БНФ. Гілевіч глыбакадумна даводзіў, што тое прыдатна для балтыйскіх народаў, але не для Беларусі. Беларускі народ такой арганізацыі ня прыме?. Дзіўна было чуць гэткія словы ад майго нядаўняга сябра, які здаўна лічыўся нацыяналістам нумар адзін. Краўчанка даводзіў тое ж. Як учора дамовіліся, я прапанаваў кандыдатуру Васіля Якавенкі, і прысутныя згодна прагаласавалі «за». Пазьняка на сходзе тады не было.