Поўны збор твораў у чатырнаццаці тамах. Том 8
- Автор: Быков Василь Владимирович
- Год: 2009
- Язык: белорусский
- Год: Саюз беларускіх пісьменьнікаў
- ISBN: 978-5-9691-0429-7
- Жанр: Биографии и мемуары
Электронная книга - «Поўны збор твораў у чатырнаццаці тамах. Том 8». Краткое содержание книги:
Восьмы том Поўнага збору твораў Васіля Быкава склала яго мэмуарная проза — усе вядомыя і адшуканыя ў Архіве пісьменьніка тэксты: «Доўгая дарога дадому», «Парадоксы жыцьця. Запісы розных гадоў», «Пункціры жыцьця. Далітаратурная біяграфія».
Так яно і сталася. Але ў адрозьненьне ад мінулых часоў цяпер і другі бок мог пастаяць за ўласныя прынцыпы. А прынцыпы гэтыя былі наскрозь выкрывальніцкія ў адносінах да нядаўняга чэкісцкага мінулага. Публікацыю «ЛіМу» падхапілі некаторыя расейскія СМI, польская «Газэта выборча», а затым іншыя замежныя газэты. Урад Беларусі быў змушаны неяк рэагаваць і стварыў камісію па расьсьледаваньні, маючы надзею неяк усё ўтаіць. У тую камісію ўвайшлі высокія ўрадоўцы, генэральны пракурор, старшыня КДБ, некаторыя дэпутаты-пісьменьнікі і мастакі. Старшынёй была прызначана Ніна Мазай, віцэ-прэм’ер ураду. Вырашылі ўсё пачаць з пошуку дакумэнтаў у КДБ. Але старшыня КДБ генэрал Шыркоўскі, у кабінэце якога мы сабраліся, з гаркатой паведаміў, што нічога няма. Усё пагарэла ў вайну, панішчана нямецка-фашыстоўскімі захопнікамі. З сваіх рук ён паказаў некалькі папкаў асабістых справаў, там сапраўды нічога нельга было зразумець. Калі расстралялі, дык было невядома, дзе і хто? Пасьля шрыфтовага надпісу энкавэдыста стаяла чарнільная закаручка, зь якой немагчыма было прачытаць прозьвішча. Умелі шыфраваць, нічога ня скажаш…
Затое на месцы ямаў за кальцавой дарогай справа выглядала іначай. Група салдатаў раскопвала курганкі і ямкі. Раскопвалі паводле ўсіх правілаў археалёгіі, кіраваў сам Пазьняк, пераціраючы ў пальцах кожны драбок зямлі, усё абмерваў і замалёўваў. Вельмі хутка набралася груда касьцей, прастрэленых у патыліцу чарапоў, рэшткаў абутку, асабістых рэчаў, шмат гільзаў ад наганаў. Другая група людзей абышла навакольныя вёскі, сабрала сьведчаньні пра тое, як тут у 30-я гады прывозілі зь Менску людзей і стралялі. Пыталіся: ну а ў вайну ці стралялі тут каго немцы? Адказ быў аднолькавы: у вайну тут нікога не расстрэльвалі, немцы стралялі ў іншым месцы — у Трасьцянцы. (Тое, аднак, не перашкодзіла іншай камісіі, створанай пры Лукашэнку, сьцьвярджаць празь якіх шэсьць гадоў, што тут немцы расстралялі гамбургскіх яўрэяў.) Тады ж афіцыйныя ўлады, у тым ліку і генпракурор са старшынёй КДБ, змушаныя былі прызнаць факт злачынства НКВД. Пра тое яны нават выдалі ў Маскве кнігу. Увогуле ўсё было дасьледавана і зразумела, камісія склала адпаведны акт. Закінутае ўрочышча на ўскраіне Менску набыло назоў Курапаты і зрабілася ахвярным сымболем Беларусі.
Каб той сымболь неяк адзначыць на месцы, трэба было стварыць помнік ці хоць бы які знак. За тое ўзялася адмысловая камісія пад кіраўніцтвам народнага мастака Беларусі В.Шаранговіча. Але спрыяльны для таго час, відаць, быў упушчаны, набліжаўся камуністычны рэванш. Камісія і асабліва яе старшыня не знайшлі ў сабе волі выбраць зь немалой колькасьці праэктаў здатны для матэрыяльнага ўвасабленьня і канчаткова завалакіцілі справу. Нейкі знак там збудавалі паводле ініцыятывы прэзыдэнта Клінтана, якога прывёў у Курапаты лідэр апазыцыі З.Пазьняк. Той знак у выглядзе мармуровай лаўкі неаднойчы спрабавалі разьбіць, пастаўлены грамадзкасьцю крыж валілі, — рэжым рабіў усё, каб сьцерці зь людзкой памяці злачынства бальшавікоў. Цяпер там пракладваюць шасэйную дарогу, каб тое злачынства назаўжды закаціць пад асфальт.
108. БНФ
Але пакуль што ідэя справядлівасьці і асуджэньня сталінскіх рэпрэсіяў была яшчэ моцнай, асабліва сярод нацыянальнай інтэлігенцыі. Паводле ініцыятывы Зянона Пазьняка было вырашана стварыць адмысловае таварыства — Беларускі мартыралёг з пэрспэктывай ператварэньня яго ў іншую, болей радыкальную арганізацыю. Пасьля Пазьняк скажа, што пра яе стварэньне, апроч яго, ведалі Дубянецкі і Быкаў, але тое не зусім так. Кастрычніцкім надвячоркам я ішоў у Чырвоны касьцёл, як і шмат хто, для стварэньня Мартыралёгу. Туды ж прыйшлі некаторыя пісьменьнікі і мастакі — Максім Танк, Ніл Гілевіч, Анатоль Вярцінскі, Рыгор Барадулін, Уладзімер Калесьнік, Міхал Дубянецкі і шмат іншых.