Бесплатная библиотека
Читайте книгу на сайте или телефоне
READ-E-BOOK » Биографии и мемуары » Поўны збор твораў у чатырнаццаці тамах. Том 8
Поўны збор твораў у чатырнаццаці тамах. Том 8 - Читать Любимую Русскую Полную Книгу 👉 Read-E-Book.com

Поўны збор твораў у чатырнаццаці тамах. Том 8

Электронная книга - «Поўны збор твораў у чатырнаццаці тамах. Том 8». Краткое содержание книги:

Гэта першы ў гісторыі Поўны збор твораў Народнага пісьменьніка Беларусі Васіля Быкава (1924–2003). Падчас укладаньня тамоў найперш улічвалася думка самога аўтара, які пасьпеў спланаваць праспэкт выданьня свайго 8-томнага Збору твораў.
Восьмы том Поўнага збору твораў Васіля Быкава склала яго мэмуарная проза — усе вядомыя і адшуканыя ў Архіве пісьменьніка тэксты: «Доўгая дарога дадому», «Парадоксы жыцьця. Запісы розных гадоў», «Пункціры жыцьця. Далітаратурная біяграфія».
1 ... 161 162 163 164 165 166 167 168 169 ... 229
Перейти на страницу:

Уначы мяне пабудзіў Iгар Дзядкоў — усіх нашых з гатэлю клікалі ў прадстаўніцтва ААН, дзе мелася сустрэча з Гарбачовым. Мы хутка апрануліся і пайшлі — прадстаўніцтва было недалёка. Там перад варотамі ўжо зьбіраліся нашы, але ў будынак нікога не пушчалі — чакалі, калі падвязуць «раму», патрэбную дзеля бясьпекі Гарбачова. Абсурднасьць той меры была відавочнай — ад каго забясьпечваць ягоную бясьпеку? Але менавіта так. I мы не маглі даўмецца, якая прычына змусіла Гарбачова паднімаць сярод ночы ягоную дэлегацыю? Што здарылася? Тады паявіўся Шэварднадзэ і сказаў, што Гарбачоў перапыняе візыт, і мы вяртаемся. Але чаму, што здарылася? «А вы ня ведаеце, што здараецца дома, калі гаспадар у ад’езьдзе?» — сказаў шматвопытны журналіст-міжнароднік Валянцін Зорын. Мы пахаладзелі. Я спалохаўся, як даўно ўжо не палохаўся — няўжо путч? «Няўжо яны адважыліся!» — ціха і разгублена гаварыў Дзядкоў.

Але тады яны яшчэ не адважваліся, путч чакаў свайго часу, а мы проста вярталіся. Пра тое сказаў Гарбачоў, сабраўшы дэлегацыю: у Арменіі бяда, растрэсла рэспубліку, раніцай адлятаем.

А ў нас на ранак было прызначана спатканьне зь дзелавой элітай Нью-Ёрку. Мы ня ведалі, што рабіць, тады Алег Багамолаў сказаў, што няёмка падводзіць важных людзей, якія зьбяруцца ў шыкоўным гатэлі «Роджэрс-Асторыя», трэба паехаць і ўсё правесьці ў тэмпе. Так і зрабілі. Але пакуль там, расьсеўшыся за ланчам, слухалі нетаропкія развагі старых мільянэраў, пачуваліся ўсе, бы на іголках. Час дужа падпіраў. Асабліва, як заўважылі, што некаторыя з нашых па адным зьнікаюць. Мы з Багамолавым і рэдактарам «Известий» Лапцевым сядзелі ў самым кутку, і нам нязручна было выбірацца з холу. Тая нязручнасьць нас здорава падвяла, бо як мы нарэшце выбраліся, аўтобусаў перад гатэлем ужо не было — усе зьехалі ў аэрапорт. Пачалі бегаць, каб злавіць якое таксі. Нарэшце Багамолаў згледзеў знаёмага журналіста ў машыне, які нас і завёз у аэрапорт імя Кенэдзі. Мы ледзьве пасьпелі ў самалёт.

А Уладзімер Карпаў не пасьпеў, самалёт ужо вырульваў на ўзьлёт, і Герою Савецкага Саюза давялося крычаць і махаць рукамі, каб яго не пакінулі. Сам Гарбачоў даў каманду прыпыніцца і ўзяць пасажыра. Узьлезшы на борт, Карпаў гучна лаяўся з такой арганізацыі візыту, астатнія маўчалі. Усе былі незадаволеныя тым, што важны візыт па сутнасьці сарваны. Самы раз было б выпіць, але алкаголю ў самалёце не было, Гарбачоў прапаведаваў цьвярозасьць і змагаўся з п’янкамі. Затое ва Унукаўскім аэрапорце знайшоўся і каньяк і яшчэ нешта. Там усе добра расслабіліся. Пад раніцу Алег Цімафеевіч падвёз мяне ў Шарамецьева1, адкуль я скіраваў у Менск.

Тая паездка была, можа, самай прыкрай з усіх маіх паездак за мяжу. Вядома, шмат што можна было сьпісаць на жахлівую катастрофу ў Арменіі, але ня ўсё. Я ўбачыў тады акружэньне ініцыятара перабудовы і дужа засумняваўся, што яно імкнулася да яе. I м і без таго было няблага. А можа, нават і лепей, чым у тым часе, які наступіў пасьля і ў які яны зусім не імкнуліся. Адзін зь іх, самы тады лісьлівы і надзейны паплечнік, пасьля назаве Гарбачова «ангелом тьмы» і кінецца роспачна аднаўляць тое, што было неспадзявана адкінута гісторыяй.

110. Гішпанія

А ў Менску пачалося неспакойнае, каламутнае жыцьцё. Партыйная прэса, тэлебачаньне, а таксама партыйныя органы ўсіх узроўняў накінуліся на новы нацыянальна-дэмакратычны рух. Абвінавачваньні былі самыя страшныя. Бэнээфаўцаў называлі фашыстамі, нямецкімі прыслужнікамі, паліцаямі. Нацыянальны бел-чырвона-белы сьцяг абвясьцілі фашыстоўскім і бясконца даводзілі, што менавіта пад ім немцы з паліцаямі расстрэльвалі яўрэяў. Пра Пазьняка гаварылася, што ён паліцай (гэта 1945 года нараджэньня) і сын паліцая (а не салдата-чырвонаармейца, які загінуў на фронце). Пазьняк, аднак, захоўваў спакой і цьвёрдасьць, ня кідаўся з абвяржэньнямі, а нястомна згуртоўваў пад сьцягам БНФ нацыянальны актыў. Ягонымі паплечнікамі з самага пачатку сталі: М. Дубянецкі, а таксама знакамітыя гісторыкі М. Ткачоў і А. Грыцкевіч, навуковец прафэсар Ю. Хадыка, выкладчыкі Г. Вашчанка, В. Вячорка, Ю. Сіўчык, мастацтвазнаўцы В. Чуйко і В. Трыгубовіч. А таксама мастакі М. Купава, А. Марачкін, Я. Кулік, журналіст С. Навумчык з жонкай Галяй. Пісьменьнікаў у новым руху было няшмат: я, Рыгор Барадулін, Артур Вольскі. I ўсё. Пісьменьнікі ў бальшыні дыстанцыяваліся ад БНФ. Пасьля шмат іх увайшло ў Таварыства беларускай мовы, лібэральную арганізацыю, са згоды ўладаў створаную Н. Гілевічам?.

1 ... 161 162 163 164 165 166 167 168 169 ... 229
Перейти на страницу:
0
Сюжет
  • 1
  • 2
  • 3
  • 4
  • 5
  • 6
  • 7
  • 8
  • 9
  • 10
0
Атмосфера
  • 1
  • 2
  • 3
  • 4
  • 5
  • 6
  • 7
  • 8
  • 9
  • 10
0
Главный герой
  • 1
  • 2
  • 3
  • 4
  • 5
  • 6
  • 7
  • 8
  • 9
  • 10
0
Общее впечатление
  • 1
  • 2
  • 3
  • 4
  • 5
  • 6
  • 7
  • 8
  • 9
  • 10
Итоговая оценка: 0.0 из 10 (голосов: 0 / История оценок)