Бесплатная библиотека
Читайте книгу на сайте или телефоне
READ-E-BOOK » Биографии и мемуары » Поўны збор твораў у чатырнаццаці тамах. Том 8
Поўны збор твораў у чатырнаццаці тамах. Том 8 - Читать Любимую Русскую Полную Книгу 👉 Read-E-Book.com

Поўны збор твораў у чатырнаццаці тамах. Том 8

Электронная книга - «Поўны збор твораў у чатырнаццаці тамах. Том 8». Краткое содержание книги:

Гэта першы ў гісторыі Поўны збор твораў Народнага пісьменьніка Беларусі Васіля Быкава (1924–2003). Падчас укладаньня тамоў найперш улічвалася думка самога аўтара, які пасьпеў спланаваць праспэкт выданьня свайго 8-томнага Збору твораў.
Восьмы том Поўнага збору твораў Васіля Быкава склала яго мэмуарная проза — усе вядомыя і адшуканыя ў Архіве пісьменьніка тэксты: «Доўгая дарога дадому», «Парадоксы жыцьця. Запісы розных гадоў», «Пункціры жыцьця. Далітаратурная біяграфія».
1 ... 159 160 161 162 163 164 165 166 167 ... 229
Перейти на страницу:

Забягаючы наперад, зазначу, што той канфлікт меў працяг. Як у Крамлі адбылося паседжаньне савету старэйшынаў (пасьля выбараў народных дэпутатаў СССР), на перапынку Гарбачоў падышоў дa мяне і папытаўся, як цяпер у Беларусі? Ці пацішэла кіраўніцтва? Я пачаў апавядаць пра дэталі, але тут да нас падскочылі іншыя з шырокімі вушамі, і Гарбачоў прыпыніў размову. Сказаў, пасьля… Але пасьля ўжо не настала. Настала іншае пасьля, пры якім Гарбачову стала не да Беларусі…

Ішло вылучэньне кандыдатаў у Вярхоўны Савет БССР. Канчатковаму іх зацьверджаньню папярэдніла прыдзірлівая селекцыя-абмеркаваньне на т. зв. выбарчых сходах. Прадстаўнікі «грамадзкасьці» падрабязна абмяркоўвалі ўсіх і «рэзалі» няўгодных. Уся справа была ў палітычнай арыентацыі кандыдатаў і падборы прадстаўнікоў.

У Дом культуры, што ля ст. мэтро «Маскоўская», дзе змушаны былі трымаць «агледзіны» з тузін кандыдатаў, прыйшлі (вядома ж, арганізаваныя гаркамам) некалькі соцень спартсмэнаў з Інстытуту фізкультуры. Яны былі вельмі актыўныя, дружна галасавалі за кандыдатаў-камуністых і рэзалі інтэлігентаў. Тады яшчэ да выбарчага старту адхілілі многіх. Але напрыканцы, відаць, стаміліся — забалелі горлы выступаць як «за», так і «супроць». Адзін кандыдат, які доўга чакаў свае чаргі, меў прозьвішча на адну з апошніх літараў алфавіту, і сход на яго проста слаба адрэагаваў у сваім змоўніцкім адмаўленьні.

Тым кандыдатам апынуўся С. С. Шушкевіч, які з таго сходу зрабіў свой бліскучы палітычны старт.

109. У Амэрыку з Гарбачовым

Мінула трохі часу, я пачаў пісаць чарговую аповесьць, але мусіў увесь час прыпыняцца — не было адбою ад журналістаў, сваіх і прыежджых. За гэты час у Менск завіталі карэспандэнты з Варшавы, Прагі, зь нямецкага «Шпігелю», маскоўскія газэтчыкі наогул, здаецца, не выяжджалі зь Беларусі. Даваць інтэрв’ю — справа няўдзячная ва ўсіх адносінах, бо далёка не заўсёды маеш магчымасьць пракантраляваць аканчальны тэкст, заўсёды знойдуцца недакладнасьці, а то і памылкі, за якія пасьля бывае болей чым прыкра. А тут яшчэ камуністы папракаюць далярамі, — быццам за інтэрв’ю хто плоціць.

Аднойчы нечакана, нават без папярэдняга званку на парозе зьявіўся Анатоль Бутэвіч, які тады працаваў у ЦК, і ашаломіў: трэба ехаць у Маскву. Во білеты, праз тры гадзіны будзе машына і — у аэрапорт. Паедзеце ў Амэрыку з Гарбачовым.

Toe было дзіўнавата, у Амэрыку я яшчэ ня езьдзіў. Але навошта з Гарбачовым? Таго Бутэвіч ня ведаў, сказаў толькі: каманда з ЦК КПСС. Раю пасьпяшацца.

Што ж, дзеля такой справы можна было і пасьпяшацца.

Я хуценька сабраўся і паехаў. У Маскве спаткала ў аэрапорце кансультантка СП па беларускай літаратуры Галя Грыбоўская, адвезла на Старую плошчу. Там хуценька правялі па нейкіх кабінэтах, напісалі, падпісалі што трэба было — дакумэнты, грошы. Валюты ў касе ўжо не аказалася, нейкая бухгалтарка выняла з сумачкі свае 200 даляраў, з тым і паехаў ва Унукаўскі аэрапорт.

У невялічкай і ўтульнай зальцы ўрадавага аэрапорту зьбіраліся тыя, каму належала суправаджаць Гарбачова на спатканьне з Рэйганам. Там я ўбачыў некаторых знаёмых і сярод іх пісьменьнікаў Iгара Дзядкова і Уладзіміра Карпава, рэжысэраў Марка Захарава, грузіна Тэнгіза Абуладзэ, цэкоўца Наіля Бікеніна, журналіста Андрэя Грачова, некаторых іншых. Гарбачоў з Раісай Максімаўнай і аховай ляцелі ў другім самалёце.

Пералёт быў даўгі, зь дзьвюма пасадкамі — у Англіі і Канадзе. Ці ня ўсе ў самалёце былі між сабой знаёмыя, сядалі хто дзе хацеў і актыўна кантактавалі. Ля мяне сеў нейкі незнаёмы чалавек, дужа гаваркі і кампанейскі, ён усё распытваў мяне пра палітыку ў Беларусі і сам шмат распавёў пра перабудову. Пасьля я папытаўся, хто гэта, але ніхто са знаёмых ня мог мне адказаць. У Нью-Ёрку той зьнік, і болей я яго ня бачыў.

Першую ноч у Амэрыцы пераначаваў у цесным кутнім пакойчыку беларускага прадстаўніцтва ў ААН, куды мяне пасяліў прадстаўнік Леў Максімаў. Ён сказаў, што ў тым пакоі знаходзілі прытулак шмат якія беларускія пісьменьнікі, што прыяжджалі на сэсіі ААН. Затым мяне перавялі ў недалёкі гатэль, да астатняй дэлегацыі. Пра тое паклапаціўся Iгар Дзядкоў, — каб быць разам. Там на адным паверсе мы пражылі побач некалькі дзён. Нашымі суседзямі былі Андрэй Грачоў і акадэмік Алег Багамолаў. Першы дзень (хутчэй рэшта дня) апынуўся вольным, і мы пайшлі швэндаць па горадзе, які бачылі ўпершыню. Пятая авэню, ваколіцы цэнтральнага парку, Брадвей… У Нью-Ёрку найперш уражвалі яго высачэзныя шкляныя гмахі. Вуліцы, што ўдзень патаналі ў цяні, ноччу былі дашчэнту заліты электрычнасьцю — тое было ненатуральна пасьля цёмнай і пустэльнай уначы Масквы. Тут да ранку таўкліся людзі, панавала разнамоўе, чуўся звыклы расейскі мат, — нашы ня стрымліваліся, мяркуючы, што ніхто іх не разумее.

1 ... 159 160 161 162 163 164 165 166 167 ... 229
Перейти на страницу:
0
Сюжет
  • 1
  • 2
  • 3
  • 4
  • 5
  • 6
  • 7
  • 8
  • 9
  • 10
0
Атмосфера
  • 1
  • 2
  • 3
  • 4
  • 5
  • 6
  • 7
  • 8
  • 9
  • 10
0
Главный герой
  • 1
  • 2
  • 3
  • 4
  • 5
  • 6
  • 7
  • 8
  • 9
  • 10
0
Общее впечатление
  • 1
  • 2
  • 3
  • 4
  • 5
  • 6
  • 7
  • 8
  • 9
  • 10
Итоговая оценка: 0.0 из 10 (голосов: 0 / История оценок)