Бесплатная библиотека
Читайте книгу на сайте или телефоне
READ-E-BOOK » Военная проза » Поўны збор твораў у чатырнаццаці тамах. Том 4
Поўны збор твораў у чатырнаццаці тамах. Том 4 - Читать Любимую Русскую Полную Книгу 👉 Read-E-Book.com

Поўны збор твораў у чатырнаццаці тамах. Том 4

Электронная книга - «Поўны збор твораў у чатырнаццаці тамах. Том 4». Краткое содержание книги:

Гэта першы ў гісторыі Поўны збор твораў Народнага пісьменьніка Беларусі Васіля Быкава (1924–2003). Падчас укладаньня тамоў найперш улічвалася думка самога аўтара, які пасьпеў спланаваць праспэкт выданьня свайго 8-томнага Збору твораў.
У чацверты том Поўнага збору твораў увайшлі аповесці «Апошні баец» (1957 г.), «Жураўліны крык» (1959 г.), «Здрада» (1960 г.), «Трэцяя ракета» (1961 г.), «Пастка» (1962 г.), «Альпійская балада» (1964 г).
1 ... 151 152 153 154 155 156 157 158 159 ... 241
Перейти на страницу:

Але ствол споўз назад між станін, затвор не зачыняецца, так стрэліць нельга. Нічога іншага не прыдумаўшы, я ашчаперваю казённік, з усяе сілы ўпіраюся ботамі ў зямлю і нечалавечым напружаннем ссоўваю ствол наперад. Затым піхаю ў яго снарад. Клін, лязгнуўшы, зачыняецца. Здаецца, абышлося — цяпер стрэліць.

У той час па шчыце нешта гучна ляскае — асколкамі ці металічнай акалінай, нібы жарствой, сцябае мяне па шчацэ. Я хапаю новы снарад, а Папоў, перастаўшы круціць махавікі, паволі нахіляецца, напэўна, каб выглянуць з-за шчыта.

— Гатова! — крычу я, але Папоў чамусьці не кратаецца. Я скаланаюся ад нядобрага прадчування, а наводчык неяк абвяла навальваецца на механізмы наводкі і дзёўбаецца лбом у край шчыта.

— Ты што? Папоў!

Я кідаю снарад, хапаю наводчыка за плечы — ён увачавідкі бялее, затуманеным позіркам слізгае па мне і праз цяжкі апошні стогн шэпча:

— Лазняк!.. Забілі Папоў… Забілі! Навошта?.. Дурны Папоў!

— Куды цябе? Куды? Дзе? — недарэчна пытаюся я, не бачачы нідзе крыві. Але ён, апаўзаючы на маіх руках, шэпча:

— Ой, дурны Папоў! Нашто Папоў! Камбат… кажы…

— Што, што казаць камбату? Што? Папоў!

Але, відаць, марныя мае намаганні. Паўзакрытыя яго павекі некалькі секунд часта-часта ўздрыгваюць і раптам сціхаюць. Не маючы сілы паверыць у тое, што сталася, я здзічэла ўзіраюся ў яго потны застылы твар.

— Сволачы! Гады! — крычу я, і ўсё ва мне шалёна крычыць роспачна-нясцерпным крыкам. Але машыны імчаць па дарозе, я адхінаю нежывога наводчыка і прыціскаюся лбом да гарачай гумы прыцэла. Яны ўжо мільгаюць і мільгаюць міма тоненькай валасінкі трохкутнічка ў прыцэле, я кручу паваротны механізм, пераганяю трохкутнічкам пярэднюю і з невялічкім вынасам цісну на кнопку. Стрэл! У той жа час недзе блізка ля галавы зноў ляскае разрыўная ці бранябойная. Я ўспамінаю: трэ накаціць. Праз пыл кідаюся на дол да казённіка, і мае рукі сутыкаюцца там з гарачымі мяккімі рукамі Люсі. Разматляўшы на галаве валасы, яна, лежачы на зямлі, таксама ўпіраецца ў казённік. Пераплёўшы нашыя рукі ў адным намаганні, мы зрушваем ствол з месца. Затым я зараджаю… У скрынцы застаецца апошні снарад.

— Ага, гарыць! Гарыць! — крычу я, убачыўшы ў прыцэле, як дыміць на дарозе нахіленая набок машына. Замаруджваючы хаду, яе аб’язджаюць наступныя. Я ўжо не бачу, дзе першая, і б’ю па той, што трапляе бліжэй да трохкутнічка. Гарматка тузаецца, нешта металічна лязгае побач, і я праз неаселы яшчэ пыл бачу, што стральба наша скончана: ствол сарвала з люлькі, казённікам ён убіўся ў зямлю пад брустверам. Люся ляжыць збоч, таксама пабялелая і напалоханая.

«Ну, вось і ўсё! Прайшлі! Не стрымалі!»

Машыны, аб’язджаючы падбітыя, шпарка імчаць па дарозе да вёскі, цяпер мы іх не стрымаем. Па гарматным шчыце б’юць кулямёты ці аўтаматы, кулі ляскочуць па метале і разлятаюцца ў бакі. Кінуўшы ўсё як ёсць на пляцоўцы, я саскокваю ў сховішча да аўтаматаў. Туды ж адпаўзае Люся.

Схапіўшы аўтаматы, мы высоўваемся з-за бруствера — немцы бягуць па траве з траншэі, бягуць, падаюць, узнімаюцца зноў. Іх чалавек з пятнаццаць. Побач у акопе густым грымоццем трашчыць кулямёт Крывёнка. Я пускаю першую, другую чаргу, бачу, як кулі разбіваюць зямлю ля траншэі, аўтамат калоціцца ў руках — некалькі немцаў падае. Затым я кідаюся на другі бок сховішча, да Люсі, яна таксама б’е доўгай лапаткою чаргой, і на мяне з яе аўтамата сыплюцца гарачыя гільзы. І раптам яна спыняецца, сціхае, прысядае пад сцяною і пачынае таропка рваць рукаятку. Заела! Я вырываю ў яе аўтамат, даю свой, перазараджаю двойчы. Люся прыцэльваецца, але я тузаю яе за гімнасцёрку, яна азіраецца. «Перабягай! — крычу я. — Мяняй месца!»

Я ўпершыню звяртаюся да яе на «ты», у яе ясных, поўных напружання вачах коратка ўспыхвае ўдзячная сяброўская прыхільнасць, толькі цяпер мяне гэта не радуе. Цяпер усе мае такія пакутныя адносіны да яе трацяць свой былы сэнс, я вельмі хачу толькі зберагчы яе, не даць загінуць раней, чым загіну сам. Люся прысядае, пераносіць аўтамат на два крокі далей і зноў прыцэльваецца. Дзіўна, але здаецца, быццам яна зусім і не баіцца. Твар яе спакойны, толькі вочы звужаны і шчокі страцілі былую здаровую, загарэлую чырвань. У мяне ж усё дрыжыць унутры, але знешне рухі, здаецца, спакойныя, я баюся толькі чагось празяваць, не паспець, не ўбачыць і кідаюся сюды-туды ў сховішчы.

1 ... 151 152 153 154 155 156 157 158 159 ... 241
Перейти на страницу:
0
Сюжет
  • 1
  • 2
  • 3
  • 4
  • 5
  • 6
  • 7
  • 8
  • 9
  • 10
0
Атмосфера
  • 1
  • 2
  • 3
  • 4
  • 5
  • 6
  • 7
  • 8
  • 9
  • 10
0
Главный герой
  • 1
  • 2
  • 3
  • 4
  • 5
  • 6
  • 7
  • 8
  • 9
  • 10
0
Общее впечатление
  • 1
  • 2
  • 3
  • 4
  • 5
  • 6
  • 7
  • 8
  • 9
  • 10
Итоговая оценка: 0.0 из 10 (голосов: 0 / История оценок)