Бесплатная библиотека
Читайте книгу на сайте или телефоне
Ад сяўбы да жніва - Читать Любимую Русскую Полную Книгу 👉 Read-E-Book.com

Ад сяўбы да жніва

Электронная книга - «Ад сяўбы да жніва». Краткое содержание книги:

Народны пісьменнік Беларусі Янка Брыль даўно, яшчэ сваімі першымі апавяданнямі пакарыў сэрцы чуйных да роднага слова чытачоў. Янка Брыль — сапраўдны паэт у прозе, адзін з глыбокіх нашых псіхолагаў, майстар лепкі ў слове вобразаў, якія за вонкавай прастатой нясуць у сабе глыбокі падтэкст, мастацка-філасофскае асэнсаванне жыцця. У кнігу ўвайшло лепшае у жанры апавядання, створанае аўтарам за паўвека плённага творчага жыцця.
1 ... 145 146 147 148 149 150 151 152 153 ... 238
Перейти на страницу:

Трэба сказаць таксама, што ў цёці Веры ўсе працавалі. Цёця і дома рабіла, і ў поле хадзіла штодня. Іра і свіней пасвіла, і двор падмятала, і мыла падлогу, і Юрку карміла, калі яны толькі ўдваіх былі дома. Шарык гаўкаў і днём і ноччу, пільнуючы хату і сад. А кот Базыль лавіў мышэй, толькі зрэдку лежачы на «кашэчай гары». Так цёця Вера называла іх вялікую, заўсёды цёплую печ.

Працаваў і Юрка. З цёцяй Верай ён хадзіў часамі «ў калгас» — лён палоць, сушыць сена, куды яны ездзілі з другімі цёцямі на грузавой машыне. З Ірай ён пасвіў свіней. Але галоўнай Юркавай работай лічылася ў хаце адно — заганяць увечары авец.

Калі яны, авечкі з усёй вёскі, узняўшы пыл, бэкаючы, вярталіся з пашы, трэба было паспець адчыніць брамку, выбегчы на вуліцу, адлучыць ад чарады свае і загнаць іх у двор. Гэта, зрэшты, было няцяжка. Шутка ішла дахаты сама, ведучы за сабою сям'ю: барана Шмэрку, авечку Дусю і маленькіх, яшчэ безыменных блізнят. Апроч таго, што яна была авечая мама і сама пазнавала свой двор, старая Шутка ведала яшчэ і тое, што Юрка сустрэне яе не так сабе. Як змоўшчыкі, яны амаль штовечара заходзілі з ім за вугал хаты, ён даставаў з кішэні лустачку хлеба, моцна трымаў яе ў працягнутай руцэ, а авечка адкусвала і старанна, ціха жавала, ах, як пацешна варушачы чорнай, наздратай і казытлівай, калі дакранешся, мызачкай!..

У Шуткі дык малая мызачка, а вось у Кветкі, цёцінай каровы, — вялікая, халаднавата-вільготная пыса…

Бо мы забыліся сказаць пра яшчэ адну Юркаву з цёцяй работу, — яны штовечара разам даілі карову.

Пакуль цёця Вера, прысеўшы на маленькім зэдліку, даіла сваю бакастую ды вымістую Кветку, пакуль малако ўсё дзюрчала ў даёнку, Юрка стаяў перад каровай і то правай, то левай ручкай гладзіў яе па пысе. А Кветка то ўсё жавала сваю жвайку, то пакідала жаваць і ўздыхала, і з вялікіх ноздраў яе на Юркаву руку цёпла дыхаў шырокі, ласкавы струмень паветра. Ручка міжвольна ўздрыгвала, і хлопец ціхенька, удзячна смяяўся. Мілая, добрая Кветка!..

Кот Базыль быў гарушчы, ён еў што папала, не перабіраючы, хлеб — хлеб, бульба — бульба… Аднак і ён любіў пагрэць сваю старасць тым цёплым Кветчыным малаком, што называецца — сырадой. Базыль хлябтаў са свайго чарапка пад лаваю, а Юрка і Ірачка сядзелі за сталом. І сырадой з хлебам быў такі смачны! Яны яго пілі ды закусвалі папоўніцы, і над губою то ў аднаго, то ў другога рабіліся белыя вусы. І гэта было так смешна! Над цёці Верыным сталом гарэла ў вялікім белым шары электрычная лямпа. Акно было адчынена, і на шырокім падаконніку маленькі радыёрэпрадуктар так весела граў, што ажно сам падскакваў. Ажно лісце за акном, на яблыні, варушылася!..

А цёця Вера казала:

— Ну, я яшчэ падлію. Колькі ж ты з'еў — менш за ката.

І Юрка еў «больш за ўсіх» — поўную шклянку, і яшчэ амаль поўную шклянку, і цэлую лусту, як Шутка!..

А пасля яны з Ірай лажыліся спаць. Бралі з сабою Базыля, і ён ім мармытаў сваю казку — адну і тую ж, аднак такую цікавую, цёплую, сонную… Але адразу ім не спалася, і яны рабілі свой «схованы домік» — накрываліся прасціной з галавою і там ужо або шапталіся, або хіхікалі. Пакуль цёця Вера не скажа:

— Ну, спаць, рагатуны. А то людзі ўсю ноч разбяруць. Чуеце, вунь як ціха?..

І праўда, ціха было. Толькі чуваць, як у трэцяй за імі хаце, — а Юрка ведае: гэта ў Ласёвага Ванькі, — яшчэ ўсё гаворыць радыё. Або яшчэ, вясною, як толькі Юрка прыехаў сюды, жабы кумкалі на балоце, за цёці Верынай капустай. Часамі загудзе на вёсцы ці на дарозе машына. І гэтак хочацца крыкнуць, што гэта — дзядзі Алёшава, таго, што Юрка з ім ездзіў на сенажаць!.. Часамі з клуба на тым канцы вёскі доўга чуваць былі песні і музыка. А то гудзеў у полі трактар, блізка ці недзе далей. І конікі ўсё сакаталі. Ды часам Шарык гаўкне на некага ці на нешта, ці так сабе, прабягаючы ціхенька вакол хаты.

Любы сон неўзаметку залазіў у іхні з Ірачкай «схованы домік».

«А лапка яго, відаць, ужо не баліць», — думае Юрка, адзін у далёкім-далёкім пакоі. Там, каля мора, куды трэба высока, высока ляцець самалётам.

Але нарэшце ён засынае.

3

І сон прыходзіць з вясёлымі, поўнымі сонца і шчасця карцінамі.

Вось яны едуць у цёці Верыну вёску. Тата сядзіць за рулём, побач мама, а на каленях у мамы — Юрка. І ён глядзіць ды глядзіць у акно. Але ўжо змяркаецца, і тата ўключыў фары. Як гэта добра! Спачатку мігціць калоссе абапал вузкай дарогі, а тады пачынаецца грэбля і паша, дзе ўжо нікога няма: ні дзяцей, ні свіней, ні гусей…

А потым з мосціка нешта белае — як шыбане! — і пабегла, пабегла да гумнаў…

— Ага, твой Базыль, — кажа тата.

1 ... 145 146 147 148 149 150 151 152 153 ... 238
Перейти на страницу:
0
Сюжет
  • 1
  • 2
  • 3
  • 4
  • 5
  • 6
  • 7
  • 8
  • 9
  • 10
0
Атмосфера
  • 1
  • 2
  • 3
  • 4
  • 5
  • 6
  • 7
  • 8
  • 9
  • 10
0
Главный герой
  • 1
  • 2
  • 3
  • 4
  • 5
  • 6
  • 7
  • 8
  • 9
  • 10
0
Общее впечатление
  • 1
  • 2
  • 3
  • 4
  • 5
  • 6
  • 7
  • 8
  • 9
  • 10
Итоговая оценка: 0.0 из 10 (голосов: 0 / История оценок)