Ад сяўбы да жніва
- Автор: Брыль Янка
- Год: 1987
- Язык: белорусский
- Год: Мастацкая літаратура
- Жанр: Советская классическая проза
Электронная книга - «Ад сяўбы да жніва». Краткое содержание книги:
Так мы глядзелі Гарынь, а потым Прыпяць. Трохі вудзілі, прыпыніўшыся ў спакуслівай мясціне, а больш любаваліся, з бадзёрым грукатам летучы па празрыстай i ціхай вадзе.
Усё прыгожа, аднак жа белыя «гускі» ў Воўчым возеры, у якое мы неўзабаве ўвайшлі з чарнаводнай, спакойнай i крыху не цераз верх перапоўненай Прыпяці,— прыгожыя асабліва. На суцэльным зялёным насціле іхніх лістоў самі «гускі» — ну, проста гусіная ферма, вялізная, толькі без гогату. І мы пайшлі тут без грукату, на вёслах, марудна разганяючы лодкай зялёна-белы цягучы насціл. Зблізку кветкі напаміналі мне жывое яшчэ з маленства ўяўленне: разрэзанае крутое яйка… Не, гэтым разам, — можа, ад думак пра бомбы i дзяцей, ад цяжкіх думак, якімі закончыўся мой учарашні дзень, — «гускі» здаваліся мне складзенымі далоньмі ручанятак з гулліва настаўленымі, як пялёсткі, пальцамі…
А зверху — раскошнае сонца i белыя воб: лакі. Плывуць паволі, амаль не плывуць. І высока, высока!..
Потым, пад вечар, нас калаціў на калдобах аўтобус. Нібы спецыяльна наняты, каб так калаціць. Але ўсё роўна мы любаваліся. I полем абапал дарогі, i хатамі пад цяжарам буслянак, i сонечным лесам…
Душою нашай пасажырскай кампаніі была разбітная, яшчэ не старая цыганка. Расказвала, добра па-беларуску, пра найбольшае шчасце свае валачашчае маладосці — як яна, седзячы побач з бацькам на возе, праехала з цэлым табарам, дарагія начальнічкі, цераз усю Варшаву!.. Пасля ўспамінаў яна пусцілася ў тэорыю — пачала нам тлумачыць ix цягу да вандравання. Гаворачы, час ад часу пакрыквала на Гарасіма, свайго басаногага хлапчука, што ўсё лез, выхіляўся з акна.
Пасля ў аўтобусе спявала скрыпка.
Іграў стары цыган. Без шапкі, лысы, у салдацкіх галіфэ i цяжкіх з выгляду кірзавых ботах. Мы дагналі яго на выездзе з чарговай вёскі, шафёр сам спыніўся, а «бэцька» адразу, толькі ўмасціўшыся на заднім сядзенні, сам пачаў іграць. За праезд. Па прывычцы.
Яна i спявала, i плакала, i рассыпалася смехам — ягоная скрыпка. І гэта было незвычайна да самай сапраўднай радасці — там, у глухім палескім лесе, на турботнай i пыльнай дарозе!..
Ды тут адзін з нас памыліўся… Проста не ведаў, што выйдзе з гэтага, — узяў свой фотаапарат i зняў музыку. Раз, пасля, для пэўнасці, яшчэ раз.
І скрыпка змоўкла.
Цыган i цыганка загаманілі па-свойму, гучна i незразумела. Пасля стары палажыў скрыпКУ Ў футарал, узяў мяшок, падышоў да шафера, азірнуўся на нас i пакратаў яго за плячо. Аўтобус спыніўся. Музыка выйшаў, проста ў лесе, i, выходзячы, зноў азірнуўся.
Цыганка расказала нам, што жонку гэтага чалавека ў вайну расстралялі фашысты. Сам ён хаваўся з маленькім сынам. Пасля вайны малога забралі ў дзіцячы дом. А бацька ходзіць. Не проста ходзіць, а вось ужо васемнаццаць гадоў уцякае ад тых, што забілі жонку, што i яго шукаюць, каб забіць… Па фотаапараце ён «здагадаўся», што i мы — таксама ад тых, што шукаюць яго, i таму вось уцёк…
— Няшчасны чалавек, начальнічкі… Ачулі, як ён іграе?.. А як ён танцуе нашы цыганскія танцы! Піша!.. Гарасім, не выхіляйся, дурніца, — зачэпіць галаву ды выцягне!..
У лесе — сонца i цені. Малы аўтобус трасецца па карэнні i па калдобінах.
А скрыпка спявае. Сардэчна i сумна. Хоць весела як быццам, але вельмі сумна!..
Хоць музыка, з мяшком за плячыма i з футаралам пад пахай, ідзе цяпер недзе далека за намі.
Такі беспрытульны ў сонечным свеце!..
1964
АПОЎНАЧЫ
За дваццаць пасляваенных гадоў я гэты хутар бачыў і вясной, і ўлетку, і ўвосені…
Вясной — калі трава асцярожненькай зелянінай пацягне даўно не араныя ўзгоркі, стракатыя ад сумных валуноў і рэдкіх кусцікаў ядлоўцу; калі ў лагчыне перад старою хатай зацвітуць вішні, а шматок зямлі разварушыцца шэрай свежасцю — на грады нейкія і трохі бульбы.
Улетку — калі бліжэй да гасцінца, па якім я іду або еду, амаль крынічна цурчыць сабе звілістая рачулка, супроць плыні якое трымаецца мужны мясцовы пячкур; калі дарогу пешаходу ці машыне перабягае, свідруючы пыл, па-інтэлігенцку сыценькі і па-хлапечы легкадумны суслік; калі я, не ўпершыню гледзячы на гэтыя запусцелыя, выпражаныя сонцам узгоркі, такія недарэчныя ў нашай, наогул хлебнай, мясцовасці, не ўпершыню чамусьці ўспамінаю палесцінскія пейзажы Паленава. Без Хрыста, без людзей, толькі з дзікай, спякотнай сумотай прыроды.