Ад сяўбы да жніва
- Автор: Брыль Янка
- Год: 1987
- Язык: белорусский
- Год: Мастацкая літаратура
- Жанр: Советская классическая проза
Электронная книга - «Ад сяўбы да жніва». Краткое содержание книги:
Так, гэта быў Арцём.
У тыя дні душа яго была ахоплена страшэнным болем…
Ціха ўстаю. Не разбудзіў нікога. Толькі Званок, не паднімаючыся, спакойна глядзіць на мяне і прыязна матлошыць па траве хвастом. Вогнішча хоча галля. Праношу з горбы абярэмак і кладу. Праз нейкі момант, сабраўшыся з духам, полымя прабівае яго, уздымаецца са здаволеным гоманам.
Днее. Нібы добрыя вочы з-пад злосных брывей, з-пад хмарнай навісі цёпла глядзіць зара. Хмары паднімуцца, сонца ўстане. Будзе яшчэ адзін ціхі, пагодлі-вы дзень. Як гэта проста ўсё — дзень пасля ночы — і як гэта радасна.
Дзень пасля ночы. А ноч перад днём? Тая ваенная, навальнічная ноч…
Успамінаюцца словы: «Было і страшна, было і весела…» Гэта, Арцём, гучала ў цябе… ну, проста як адгавор. Бо страшнае тваё няможна часта згадваць уголас.
Новая хата ў адной з наднёманскіх вёсак. Садок на градах, у агародчыку кветкі. I часта тварык дзіцячы за чыстай, вялікай шыбінай, — як толькі хто стукне брамкай. У хаце на сцяне — выцвілы здымак пад шклом — партызанская конніца, цэлы ўзвод, і камандзір у кепачцы, Арцём Маляўка. Побач — тры ружы з лісцем — дзіцячая вышыўка, «ланцужком». А над усім гэтым — восем фотапартрэтаў. Цьмяных, з бязлітаснай рэтушшу, перазнятых ды павялічаных з маленькіх, пяцімінутных здымкаў мясцовага аматара ці валачашчага партача. Бацька і маці, таксама, як яны, старая цётка, малодшыя Арцёма-вы сястра і брат, першая жонка з дзвюма дзяўчынкамі.
Усе яны загінулі тут, у роднай вёсцы.
Дзевятага фотапартрэта няма. Мішку яшчэ не здымалі, здаецца, ці, можа, прапаў яго здымак. Пяць год было сыну. Казалі, ён уцякаў. Таму і магіла яго была за гумнамі.
Была. Бо летась іх з чатырох магілаў перанеслі ў адну, над якою паставілі помнік. Дзвесце шаснаццаць чалавек. Так падлічылі раней, па памяці, кожны сваіх. А Мішку адкапалі аднаго.
Бацька сам яго пераносіў. I сам расказваў мне, што ў той магіле наводшыбе разам з астанкамі сына быў яго мячык.
«Чырвона-сіні, вялікі. Нібы сягоння помню, як я яго купляў… Палажыў яму мячык той зноў…»
Бачу самотную хату над возерам, безыменнага дзядзьку-палешука. «Такыі, таварышу, раны нэ хочуць гаіцца…»
Адны не хочуць, а другія і зусім не гояцца. Колькі іх прынесла нам вайна?.. А ўсё ж: «Як трэба будзе, дык пойдзем, нікуды не дзенемся». Гэта — шэра, ды гэта затое не фраза. За ёю — вера, якую ўжо гартавалі…
Зноў Арцёмава дабрадушная ўсмешка: «Разбярэшся там, хто з нас быў першы…»
I сапраўды — што назваць пачаткам яго, Арцёмавай, партызанскай біяграфіі? Ці майскі вечар у сорак другім годзе, калі ён, пакінуўшы сям'ю, пайшоў з групай аднавяскоўцаў у гэты вось лес — улсо не з сякерай, без воза, а на вялікія гістарычныя справы? Ці тую восеньскую ноч сорак першага, калі ў акенца яго хаты пастукаў самы першы ў нашых ваколіцах партызан? Ці той чэрвеньскі дзень жахлівага, незразумела ганебнага адступлення, калі ён, шэры ды ціхі бядняк, падняў на дарозе і, азірнуўшыся вакол сябе, панёс у зараснік першыя тры вінтоўкі?..
«У многіх тады іншых думак — не было».
Якія словы патрэбны, каб як след расказаць пра цябе, пра ўсіх такіх герояў — радавых і сапраўды незамянімых?
«У мяне ёсць таксама медалі,— казаў ён учора, зусім прастадушна здаволены. — Адзін „За адвагу“, а другі партызанскі, жоўценькі. А ўжо за фронт нічога не далі. Я там шафёрам быў. На міну раз, халерыя, наскочыў. У Германіі. Толькі пыл і дым, слупам ахнула ўверх, — больш нічога не помню. I галава цяпер часта баліць…»
I ў параўнанні з суседзямі трохі больш сена карове — прывілегія лесніка.
Больш ты як быццам нічога не хочаш. А пра мінулае нават расказваць не любіш. «Што я — адзін такі?» Гэта — не словы твае, я такога не чуў, гэта — думка, і думка глыбока народная. Гордасць і боль прыкрываючы, ты нават смяешся і цягнеш наверх, каб весялей было, тую, не вельмі часам і прыгожую партызанскую будзёншчыну, якое яшчэ ўсё баяцца і тыя, што пішуць, і тыя, што вучаць пісаць…
— Сонца ўсходзіць.
— А, гэта ты, Арцём. Здароў!
Стаім на беразе, глядзім на ўсход, дзе — перад сонцам — учарашняя, «Андрэева», бярозка… Адалей пушча, думаю, дзе на лядах — рады сасонак. Толькі адну чамусьці бачу, буйным планам, з кроплямі серабрыстай расы, што вось-вось зазвоняць, як тыя мае, над Бярозай… У гушчары, над зарослаю рэчкай — цыбатае, бурае ласяня цягне губамі і плямкае, нібы жуе, аерыну, пакуль што толькі гуляючы. Хопіць яму і матчынага малака. А ласіха стаіць па чэрава ў вадзе. Напілася і, не спяшаючыся, угматвае, смачна жуе вялікія плывучыя лісты лілеі, разам з якімі да пысы яе асуджана гайдаецца-плыве пяшчотна белая, з сонечным «сэрцам» кветка. Хутка сонца паднімецца, і Нёмнава быстрая вада, у якую глядзіцца бярозка, заблішчыць, ажыве, зайграе…