Ад сяўбы да жніва
- Автор: Брыль Янка
- Год: 1987
- Язык: белорусский
- Год: Мастацкая літаратура
- Жанр: Советская классическая проза
Электронная книга - «Ад сяўбы да жніва». Краткое содержание книги:
Сціпла i вельмі патрэбна.
Шчасліва, ненаіўна верыцца, што яна — тая самая, адна з тых самых, пра якія калісьці тут, у гэтым доміку, было напісана:
«Галіны кветнеючых чарэшань глядзяць мне ў вокны, i вецер засыпае часамі мой пісьмовы стол ix белымі пялёсткамі».
Зноў дакранаешся душой да тых пачуццяў, якія ўздымалі i ачышчалі яе ў родным доме Тал стога, каля хаты, у якой нарадзіўся Купала, на тары, дзе магіла Шаўчэнкі, у лесе, нячутна напоўненым песняй Міцкевіча…
Пісьмовы стол, на зялёным сукне якога, як на траве, адпачывалі быстрыя i нястомныя рукі, што тут вось, пры дапамозе гусінага пяра, увекавечылі на паперы «Тамань» i «Выхожу один я на дорогу…».
Тут, каля гэтага стала, я задрыжаў душой, жыва, да слёз адчувальна ўспомніў аслонены мокрымі дрэвамі шэры домік Радзівонаўны i словы — золатам на мармуры:
Словы — поўныя той высокай пяшчотнасці, на якую здольныя толькі сапраўдная сіла i мужнасць. Тая сіла i мужнасць, тая радасць жыцця i змагання за Чалавека, тая крыніца несмяротнасці, з якое непераможна струменіць i разліваецца морам сапраўды руская, сапраўды народная i сапраўды агульналюдская паэзія двух геніяў.
Пушкін i Лермантаў. Лермантаў i Пушкін. Толькі падумаеш пра аднаго — у памяці ўстае другі… Так яно i ідзе, бясконца паўтараецца з тых дзён, калі ты ўпершыню зазірнуў у казачна-дзівоснае царства ix слова.
Асабліва моцна i непаўторна адчуваецца гэта — i я нарэшце ведаю — на Каўказе. На тым Каўказе, што быў ix карай, ix натхненнем, што стаў для аднаго з ix магілай.
З вяршыні Машука, куды нас з сябрам узвіў на «Волзе» вясёлы таксіст, — проста арліны агляд. На маляўнічы Пяцігорск, што сотнямі белых дамоў i садзікаў разбегся па нізіне. На паасобныя горы — Змейку, Вярблюд, пяцігаловы Бештаў, Кінжал i іншыя, — што акружаюць горад зялёнымі пірамідамі. На горны хрыбет, што снежна бялее на прываблівым, радасным даляглядзе. Відаць i месца пад гарой, дзе варожая куля так дзіка, недаравальна абарвала жыццё таго мілага крываногага Мішанькі, што са слязьмі на вачах, з нажом у дзіцячай руцэ кідаўся абараняць дваровага мужыка, якога білі па гаспадарскаму загаду любай бабулі-прыгонніцы. Таго бясконца абаяльнага Міхаіла Юр'евіча, якому было дваццаць шэсць, калі i на ягоныя вусны лягла халодная пячаць.
Часта гаворыцца, што справу, пачатую Пушкіным, прадоўжыў Лермантаў. Адзін пісаў, што страту Лермантава лёс кампенсіраваў Расіі Львом Талстым, маладосць якога i пачатак творчага шляху таксама звязаны з Каўказам.
Гэта — перш за ўсё — слова пра несмяротнасць паэзіі, пра веліч народа, што нараджае паэтаў, пра хараство зямлі, што ix натхняе.
У Пяцігорску — i гэта зусім натуральна — найбольш i думаеш, i чуеш пра аднаго, пра наймалодшага з вялікай тройкі.
У Пяцігорску пачыналася вясна.
Я ўпэўнены, што не была б яна, мая першая каўказская вясна, такой раскошна сонечнай i прывольнай, не прымушала б яна так шчасліва, глыбока задумвацца, каб не Пячорын, не Бэла, не Максім Максімавіч, не паслушнік Мцыры, каб не песні пра тое, як плывуць па блакіце белыя хмаркі-выгнанніцы, як гавораць высокія зоры…
І яшчэ — каб не звычайны казацкі домік у белым гушчары другіх нізкіх, утульных дамоў, домік, праз вокны якога відаць i Машук, i Бештаў, i старая чарэшня.
Сціплая, вельмі патрэбная. З пяшчотнымі белымі кветкамі.
1964
СКРЫПКА ПЯЕ
Дзіва, шчаслівае дзіва бярэ — колькі яе, прыгажосці, i як я мог жыць, не бачыўшы да сарака пяці… ну, скажам, возера Лукаўскога, з векавымі дубамі i шэрымі крыжамі на касе, або магутнай, ласкавай Гарыні?..
Прыгажосць назіралі мы спачатку з акон «кукурузніка», які нас, трох следапытаў народнага слова, нёс над астраўкамі палёў, над лясамі i шчодра залітымі сёлета балотамі Піншчыны. Нізка ляцелі — адно любуйся. Але нядоўга. Толькі што ўзняўся, здаецца, наш «По-2», a ўжо i садзіцца на прылясную паляну траскучаю птушкай. Уяўляю, што нават i «ногі» наставіў насустрач зямлі, нібы грак. Селі. Ідзіце, нюхайце добра жыта ды бульбу ў белай, густой квецені. Хоць ты з дарогі збоч ды паляжы ў ix ніцма!..
Давыд-Гарадок.
Можна злятаць на Марс, вярнуцца адтуль i застаць над Гарынню ўсё тую ж бабку з вудай. Стаіць старая, як i стаяла сотні гадоў, спакойна i абыякава. Закідае па-бабску смешна, цераз галаву, паплёўвае на чарвяка, зрэдку здымае ў вядро краснапёрку… Многа ix тут, рыбакоў жаночага полу, відаць, ад пяці i да ста, i нікому такое не дзіўна.
Светлая хата над самай ракой. У гародзе растуць толькі кветкі, якія тут здавён сеюць на насенне. І вельмі любяць, здаецца, — не проста гандлююць. «Анюціны вочачкі», — расчульвалася цётка над сітам з мікраскапічным россыпам насення. Гаспадар, талковы i ветлівы дзядзька, ахвотна даў нам за сходную плату маторнай лодкі, паслаў з намі хлопца, загарэлага дзевяцікласніка.