Бесплатная библиотека
Читайте книгу на сайте или телефоне
READ-E-BOOK » Военная проза » Поўны збор твораў у чатырнаццаці тамах. Том 6
Поўны збор твораў у чатырнаццаці тамах. Том 6 - Читать Любимую Русскую Полную Книгу 👉 Read-E-Book.com

Поўны збор твораў у чатырнаццаці тамах. Том 6

Электронная книга - «Поўны збор твораў у чатырнаццаці тамах. Том 6». Краткое содержание книги:

Гэта першы ў гісторыі Поўны збор твораў Народнага пісьменьніка Беларусі Васіля Быкава (1924–2003). Падчас укладаньня тамоў найперш улічвалася думка самога аўтара, які пасьпеў спланаваць праспэкт выданьня свайго 8-томнага Збору твораў.
У шосты том Поўнага збору твораў увайшлі аповесці «Абеліск» (1971 г.), «Пайсці і не вярнуцца» (1978 г.) і раман «Кар’ер» (1986 г.).
1 ... 141 142 143 144 145 146 147 148 149 ... 230
Перейти на страницу:

Мабыць, туфель — чыстая тут выпадковасць, трапіў у кар’ер, можа, некалькі гадоў таму, наўрад ці ён мог захавацца тут з сорак першага года, з мешаным пацуццём расчаравання і палёгкі падумаў Агееў і, адклаўшы знаходку, узяўся капаць. Ён капаў і адкідаў прэч вільготны шчэбень, пільна акідваючы позіркам кожны камяк зямлі. Але нічога болей там не было — усё той жа шчэбень, пясок без прыкмет чаго-небудзь іншага, нават звычайнага смецця цяпер там не было. Накапаўшы немалую кучу, прытаміўшыся і спатнеўшы, ён убіў у зямлю рыдлёўку і, адышоўшыся на сухое, прысеў адпачыць.

Неяк вяла і нерашуча пачынаўся дзень, з ночы не было дажджу, але ранак наступіў хмарны, у небе над кар’ерам вісела мяккая малочная смуга, праз якую нідзе не прабівалася сонца. Цяжка было згадаць, якім выдасца дзень — ці прасвятлее да абеду, ці зноў пойдзе дождж і зусім затопіць кар’ер. Тады будзе зусім кепска. Можа, упершыню за праведзены тут час у яго прамільгнула здрадлівая думка: колькі ж можна? Ну, зразумела, яму стала неабходна гэта, спярша цікаўнасць, а пасля і неадольная патрэба паднялі яго з дому і пагналі за сотні кіламетраў у гэты закінуты кар’ер, але ж колькі можна выкладвацца? Ён патраціў тут большую частку лета, змарнаваў столькі сваіх немаладых сіл, напаткаў столькі расчараванняў і столькі перахваляваўся дарма, а чаго ён дамогся? Ранейшая загадка, якая гадамі трывожыла яго свядомасць, ні на сантыметр не наблізілася да сваёй разгадкі, нарадзіла новыя сумненні і новыя праблемы. Ён перавярнуў тут гару зямлі, усё чакаючы ўбачыць хоць штосьці, што магло зберагчыся ў зямлі за чатыры дзесяцігоддзі і што з пэўнаю доляй дакладнасці можна было б аднесці да яе: гузік, грабеньчык, спражку ад паяска, косць, нарэшце. Але нічога такога яму не траплялася, апроч во гэтага туфля, які мог належаць ёй з такой жа падставай, як і тысячам іншых жанчын. У глыбіні душы гэта нават радавала, бо прадоўжыла няпэўнасць і тым самым давала надзею. З самага пачатку надзея была для яго жаданым працягам, яна давала магчымасць жыць, працаваць, пакідаючы хоць маленькую шчылінку для выйсця ў будучыню. Але павінна ж яна ўрэшце набыць хоць маленькае, але пераканаўчае абгрунтаванне, гэтая надзея. Менавіта для надзеі трэба было выключыць з сумнення гэты кар’ер, на якім замкнулася для яго самае важнае, не пераадолеўшы якое немагчыма было разлічваць ні на якую пэўнасць.

Не, не зважаючы ні на што, ён мусіў капаць.

Галоўнае ён ужо зрабіў: ён перакапаў вялізны завал, перацёр у пальцах кубаметры зямлі, засталося меней. Мабыць, ён бы скончыў усё праз тыдзень або дзён праз дзесяць, калі б не гэты нечаканы лівень. Лівень яму сапсаваў усё. Што цяпер рабіць?

Аднак стала падобна на тое, што сёння ён прытаміўся заўчасна, пачало калаціцца сэрца: можа, прычынай таго была не праца, а яго хваляванне ад гэтай знаходкі? Падобна, аднак, ён стаў расклейвацца, магчыма, ад доўгага напружання пачалі здаваць нервы, што ўжо нікуды не варта. Можа, не трэба было так выматваць сябе працай, адпачыць сёння, расслабіцца, думаў ён, седзячы на яшчэ сыраватым адвале зямлі. Усё седзячы так, ён неўзабаве пачуў галасы і, падняўшы галаву, паглядзеў на дарогу. Да сярэдзіны заслоненыя зараснікам дзядоўніку на ўваходзе ў кар’ер, нягучна размаўляючы між сабой, стаялі тры чалавекі, позіркамі шукаючы штось у глыбіні кар’ера. Агееў паволі падняўся, імкнучыся зразумець, што ім тут магло спатрэбіцца. Гэта былі двое мужчын і жанчына. Пярэдні ўрэшце згледзеў яго ў кар’еры, кіўнуў астатнім, і яны адно за адным, асцярожна, баючыся паслізнуцца на мокрай зямлі, павалакліся ў глыбіню кар’ера.

Пакуль яны прабіраліся да яго, Агееў паспеў разгледзець кожнага, але так і не зразумеў, што гэта былі за людзі. Пярэдні, хударлявы мужчына ў кепцы і шэрым пакамечаным пінжачку са зморшчаным каўняром, дробнымі крокамі тупаў па сцежцы, здаля пазіраючы на яго маленькімі, з вясёлым прыжмурам вачмі. Трохі адстаўшы ад яго, цяжка пыхкаў немалады таўстун у чорным расхінутым плашчы і ў летнім капронавым капелюшы. Левай рукой ён часам узмахваў у паветры на слізкай мясціне, а правай прыціскаў пад пахай тонкую кардонную папку з матузамі-завязкамі. Апошняй ішла таксама немаладая цётка ў стракатай сукенцы, якая туга абцягвала яе аб’ёмістыя грудзі і круглыя плечы. Яна амаль нерухома несла на іх сіваватую галаву з сабранымі на патыліцы рэдкімі валасамі і ні на каго не пазірала.

1 ... 141 142 143 144 145 146 147 148 149 ... 230
Перейти на страницу:
0
Сюжет
  • 1
  • 2
  • 3
  • 4
  • 5
  • 6
  • 7
  • 8
  • 9
  • 10
0
Атмосфера
  • 1
  • 2
  • 3
  • 4
  • 5
  • 6
  • 7
  • 8
  • 9
  • 10
0
Главный герой
  • 1
  • 2
  • 3
  • 4
  • 5
  • 6
  • 7
  • 8
  • 9
  • 10
0
Общее впечатление
  • 1
  • 2
  • 3
  • 4
  • 5
  • 6
  • 7
  • 8
  • 9
  • 10
Итоговая оценка: 0.0 из 10 (голосов: 0 / История оценок)