Поўны збор твораў у чатырнаццаці тамах. Том 6
- Автор: Быков Василь Владимирович
- Год: 2006
- Язык: белорусский
- Год: Саюз беларускіх пісьменнікаў
- ISBN: 5-9691-0123-0
- Жанр: Военная проза
Электронная книга - «Поўны збор твораў у чатырнаццаці тамах. Том 6». Краткое содержание книги:
У шосты том Поўнага збору твораў увайшлі аповесці «Абеліск» (1971 г.), «Пайсці і не вярнуцца» (1978 г.) і раман «Кар’ер» (1986 г.).
— Во, як тут наліло! — сказаў пярэдні, згледзеўшы пад абрывам лужыны. — Хоць карасёў запускай.
— Для карасёў не падыдзе, — каб не маўчаць, сказаў Агееў. — Высахне, напэўна.
Ён ужо зразумеў, што гэта — да яго, магчыма, ад якой арганізацыі ці пассавета, і стрымана адказаў на прывітанне таго, што быў у капелюшы.
— Не, хутка не высахне, — сказаў худзейшы. — Цяпер да восені. А ўвосень тут будзе возера. Летась, як замерзла, мае тут на каньках каталіся, — паведаміў ён, звяртаючыся, аднак, да свайго спадарожніка, які моўчкі, усё пыхкаючы і хакаючы ад знямогі, разглядваў кар’ер. Стоячы на невялікім узлобку, ён паварочваўся ўсім целам то ў адзін, то ў другі бок, усё вывучаючы грунтоўна і тоячы загадкава-надзьмуты выраз на азызлым твары.
— Вы раскапалі? — нарэшце ва ўпор запытаў ён у Агеева. Полы яго калянага плашча шырока расхінуліся, і Агееў убачыў на левым лацкане пінжака рад каляровых планак узнагарод. Здаецца, для яго нешта стала праяснівацца.
— Я, — сказаў Агееў нягучна.
— Дазвольце запытаць: з якой цэллю вы робіце тут раскопкі?
Цяпер ужо ўсе ўтраіх уставіліся на Агеева: гэты з камандзірскай строгасцю ў сцюдзёных вачах, худы — з некаторай нават цікаўнасцю. Жанчына, бокам павярнуўшыся да яго, пазірала ваўкавата і падазрона, і Агееў сказаў жартоўна:
— Ды во паглядзець, якая зямля. Парадак залягання пластоў і так далей.
Уважліва выслухаўшы яго, госці крыху памаўчалі.
— Гэта з навучнай цэллю ці як? — пацікавіўся хударлявы.
— Чакай, Шабуня, — начальніцкім тонам перапыніў яго тоўсты. — Няхай гражданін аб’ясніць членараздзельна. Калі з навучнай, то павінен прад’явіць дакумент. Ад якой арганізацыі?
— Хаця б ад НДІ Белгаспрома, — падпусціў туману Агееў. — Навукова-даследчы інстытут, — растлумачыў ён. Гэтае тлумачэнне, аднак, зусім не спадабалася тоўстаму, які амаль увачавідкі пакрыўдзіўся.
— Панімаем, што такое НДІ, граматныя. У мяне ў самога ўнук у НДІ пад Масквой працуе. У Дубне. Так што не сумнявайцеся. Прад’явіце дакумент!
— Які дакумент?
— Дакумент на права раскопак, — удакладніў ён, і ўсё ўтраіх зноў уставіліся на Агеева.
Агееў у думках вылаяўся — прыгнала ж іх гэтым раннем на яго галаву — як цяпер ад іх адчапіцца?
— А вы хто будзеце? Каб патрабаваць дакументы, спярша трэба прад’явіць свае, — сказаў ён, пераймаючы строгую важнасць іхняга тону.
— Мы ўпаўнаважаныя. Падпалкоўнік у адстаўцы Еўсцігнееў, таварыш Шабуня з гаркамгаса і во таварыш Казлова, прадстаўнік абшчэственнасці, — важна адрэкамендаваў калег падпалкоўнік у адстаўцы.
— Вельмі прыемна. Дацэнт Агееў, — сказаў Агееў і рашуча працягнуў руку, якую падпалкоўнік з яўнай неахвотай трохі паціснуў потнымі пальцамі. Пасля ён падаў руку Шабуню і крыўдліва насупленай Казловай. — Бачу, ад вас проста не адчэпішся, — сказаў ён, усё яшчэ не ведаючы, як быць. Усе трое з насцярожаным чаканнем у позірках глядзелі на яго, і Агееў, уздыхнуўшы, кіўнуў угору, у бок могілак. — Пайшлі да палаткі.
Лезучы па адхоне да свайго стойбішча, ён ўсё не мог даўмецца, што сказаць ім, як растлумачыць свае раскопкі ў гэтым кар’еры. Вясной, прыехаўшы ў пасёлак, ён ненадоўга зайшоў у выканком пассавета і не так, як хацелася, таропка хвіліну пагутарыў са старшынёй, які кудысьці спяшаўся: ля ганка яго чакала «Волга» з прадстаўнікамі ад вобласці. Але, мабыць, старшыня ўсё ж зразумеў сутнасць ягонай справы і не запярэчыў. Зрэшты, ён яму і не казаў пра раскопкі, ён сказаў толькі, што трэба нешта паглядзець у кар’еры. І вось цяпер гэтыя ўпаўнаважаныя. Відаць, нехта ўжо наскардзіўся ў пассавет або вышэй. Цяпер вось апраўдвайся.
Падышоўшы да палаткі, ён развязаў уваход і, пакуль падпалкоўнік з астатнімі выбіраўся з кар’ера, выцягнуў з-пад адзення рукзак і разгарнуў празрысты пакет з дакументамі. З паўтузіна кніжачак і корак ён выбраў зялёнае пасведчанне ветэрана вайны і дыплом кандыдата тэхнічных навук, падумаў, што гэтыя дакументы, мабыць, павінны зрабіць нейкае ўражанне на прыдзірлівага адстаўніка. Ён сунуў іх у рукі падпалкоўніку, які затым нетаропка адшукаў у шматлікіх кішэнях акуляры ў тонкай аправе, зачапіў дужкі за вушы. Пасля ён абмахнуў спатнелы азызлы твар капелюшом і толькі тады пачаў вывучаць дакументы. Гэтае вывучэнне доўжылася некалькі хвілін, Шабуня таксама спрабаваў нешта там разгледзець, аднак хутка адвярнуўся, буркнуўшы: «Халера, без акуляраў не бачу», і хітравата падмігнуў Агееву. Казлова, стоячы наводдаль, засяроджана пазірала кудысьці яму пад ногі, усім сваім ваўкаватым выглядам выказваючы маўклівае асуджэнне.