Поўны збор твораў у чатырнаццаці тамах. Том 6
- Автор: Быков Василь Владимирович
- Год: 2006
- Язык: белорусский
- Год: Саюз беларускіх пісьменнікаў
- ISBN: 5-9691-0123-0
- Жанр: Военная проза
Электронная книга - «Поўны збор твораў у чатырнаццаці тамах. Том 6». Краткое содержание книги:
У шосты том Поўнага збору твораў увайшлі аповесці «Абеліск» (1971 г.), «Пайсці і не вярнуцца» (1978 г.) і раман «Кар’ер» (1986 г.).
Айцец Кірыл ледзьве перажаў закрыццё царквы, аднойчы зусім заняпаў душой. Ніякай іншай работы ён не меў, ды ніякай яму і не давалі, і тады ён надумаў: папрасіў родзіча з Ленінграда прыслаць яму шавецкі інструмент, ну, там розныя калодкі, абцугі, малаткі, і пачаў рамантаваць абутак. Неяк трэба было жыць, сродкаў жа ў нас не было ніякіх. Канечне, шавец з яго атрымаўся няўмелы, зарабляў калі пяць яек у дзень, калі вядро бульбы ці капеек пяцьдзесят грашыма. З таго і жылі. Але і тое працягвалася нядоўга, рамеснікаў-адзіночак абкладвалі вялікімі падаткамі, нельга было займацца прыватным прадпрымальніцтвам. А ў шавецкую арцель яго не прымалі — шкодзіла сацпаходжанне. Што мы маглі зрабіць.
Бараноўская сціхла, перажываючы штось недасказанае ці недадуманае, можа, і Агееў запытаўся, імкнучыся, каб цішэй і далікатней:
— Ну, а як жа вы жылі?
— Дрэнна жылі, што і казаць. Парой здавалася, лёс замкнуў на нас сваю пастку, з якой не было выйсця. Рознае думалася, болей кепскае. Але людскі гонар і вера ўтрымлівалі нас ад апошняга кроку, а галоўнае — трымаў у жыцці Алег. Калі аднойчы ноччу не стала бацькі, а хутка зламаў сабе галаву і наш мучыцель Коська Брыты, у мястэчка прыехаў Антон Сцяпанавіч.
— Гэты самы Волкаў?
— Гэты самы. Несумненна, ён паходзіў з добрых людзей, як бы ні называўся і чым бы ні займаўся на свеце. Алег скончыў школу, але, самі ведаеце, куды было яму падацца з такімі яго бацькамі? І вось я аднойчы пайшла ў райком, расказала Антону Сцяпанавічу пра ўсё, па шчырасці, як во цяпер вам. Ён выслухаў, не варухнуўшыся за сваім сталом, не перапытаўшы ні разу, і сказаў: «Я вам памагу». І, ведаеце, ён даў такую паперу, што Бараноўскі Алег, будучы паходжаннем з сям’і свяшчэнніка, парваў з бацькамі, адмовіўся ад рэпрэсіраванага бацькі і сумленна жадае будаваць бяскласавае сацыялістычнае грамадства. Прызнацца, прачытаўшы такую паперу з пячаткай, я заплакала, а ён кажа: «Не плачце, так трэба. Для вас гэта самае прыдатнае выйсце». І праўда, аказалася прыдатным тое выйсце — Кірыл прапаў, а Алег паступіў у інстытут, скончыў яго і стаў спецыялістам. З’явілася ўжо надзея, што для яго пачынаецца новае жыццё, не тое, што пражылі мы, — але во ўсё рухнула.
Здаецца, яна ўрэшце паспавядалася і змоўкла, можа, трохі заплакала, і Агееў неспакойна заварушыўся на тапчане.
— Да-а… Аднак… — не мог ён зразумець чагосьці. Драматычны сэнс гэтага лёсу не адразу, паступова, нібы штуршкамі, з перашкодамі даходзіў да ягонай свядомасці. — Рэлігія, яна, канечне, таго… Несумясціма…
— Справа не ў рэлігіі, — перапыніла яго Бараноўская. — Справа ў сумленні, якое далёка не з усім у нашым жыцці сумясціць можна было.
— Ведаеце, калі ішла класавая барацьба…
— Вось вы кажаце: барацьба! Але барацьба, калі двое адзін з адным боруцца. А мы хіба бароліся? Мы ж прынялі яе, новую ўладу. А вось яна нас не прыняла. Змагаліся з намі. І гэта хіба не крыўдна?
Чорт ведае, як было адказаць гэтай былой пападдзі: усё, што адбывалася тады ў краіне, было яму добра знаёма і тэарэтычна някепска абгрунтавана ў друку — канечне, калі глядзець збоку. Але варта было вось хоць краем вока зазірнуць у душы гэтых дваіх служыцеляў культу, як рабілася незразумела і крыўдна, гэта ён адчуў пэўна.
Бараноўская тым часам сказала:
— Ведаеце, мы былі абдзелены ў нашым жыцці дабрынёй, можа быць, таму так даражылі яе малаю рэштай, якая нам дасталася. І якой мы стараліся надзяліць іншых. Што ж яшчэ магло быць даражэй? Золата? Багацце? Іх у нас не было ніколі, а дабрыня была, да яе мяне далучыў муж, вечная яму памяць за гэта. Для сябе ўжо не трэба, мне што… Для іншых. Тым больш для харошых людзей. Каторым яна патрэбна.
Каторым яна патрэбна…
Калі яна выйшла, было, мабыць, ужо за поўнач, і ён усё думаў, што сталася б з ім, калі б не людская дабрыня, не хрысціянская, чалавечая ці якая яшчэ там міласэрнасць гэтай цёткі-пападдзі? Колькі ўжо тыдняў ён жыў пад ворагам, карыстаючыся менавіта гэтай дабрынёй людзей — з харчаваннем, сховішчам, а цяпер яшчэ і з даглядам яго, параненага, не плоцячы за гэта нічым, усё беручы па праву… Па праву абаронцы, ці што? Але які ж з яго абаронца, калі немцы адхапілі ўсю Беларусь і дайшлі да Смаленска? Кепскі з яго атрымаўся абаронца. А во і не сорамна, нават у чымсьці адчуваецца перавага перад гэтай былой пападдзёй, якая корміць яго, даглядае, пільнуе.
Чым ён ёй адплоціць?