Кліч роднага звона
- Автор: Далідовіч Генрых
- Год: 1997
- Язык: белорусский
- Год: Юнацтва
- ISBN: 985-05-0142-1
- Жанр: Современная русская и зарубежная проза
Электронная книга - «Кліч роднага звона». Краткое содержание книги:
— Рашайце самі, Жэнька,— нарэшце ціха прамовіў ён.— Я замінаць не буду.
Яна хацела заспакоіць, каб ён дарма не трывожыўся, яна i Юлька, нагараваўшыся, сагрэліся душою каля яго, зажылі як след, таму да канца дзён сваіх будуць толькі з ім, ды i Верачка, Юрык ужо моцна звязваюць ix у адно цэлае i трывалае. Але не паспела сказаць нават слова: з веранды вымкнулася на ганак Юля i гукнула ёй:
— Мама, я — у клуб.
Гэта значыць, як i многія з вясковай моладзі, спяшаецца на ўмодненую ўжо тут дыскатэку, дзе яны, сабраўшыся, як аднойчы ўбачыла Жэня, уключаюць шматколернае мігатлівае святло, ад якога аж рэжа ўваччу, слухаюць неверагодна грымлівую музыку, крыклівыя, а то i лямантлівыя песні, танцуюць-таўкуцца ў вялікім гурце — гэтае незвычайнае святло, адмысловую музыку наладзіў новы загадчык клуба, малады, але без часу нейкі пакамечаны, лысы i барадаты Півонаў, які яшчэ нядаўна сам вішчэў у горадзе ў адным з самадзейных рок-ансамбляў i якога, кажуць, выгналі адтуль за распусту.
— Пачакай,— запыніла дачку Жэня,— хадзі на хвілінку сюды.
Юля запынілася, нібы павагалася, што далей рабіць, а пасля незадаволена падышла да гаража. Бач, маці зноў супраць, што яна «не туды ходзіць, займаецца абы-чым i што на яе залішне зыркае тое лысае i барадатае пудзіла!» Прыхілілася да вушака i зірнула спадылба: ну, хутчэй гавары сваю павучальную казань! Але я ўсё роўна пайду, бо ўжо не дзіця! Мне семнаццаты год!
У Жэні аж сціснулася сэрца: якая ж падобная на бацьку Юля! Рослая, чарнявая, такі ж настойлівы позірк у вачах, прамы нос i прызыўныя прыгожыя губкі, нецярплівая i рэзкая — усё, да крошкі, узяла ад Васіля. Толькі маці-прырода спагадліва адкінула грубаватыя мужчынскія рысы, а замест ix дала вабную гнуткасць, стройнасць, дык ужо i цяпер, яшчэ ў раннія гады, вунь красуня ў кароценькай чырвонай куртачцы i сініх штанах-джынсах.
— Юля,— прамовіла Жэня, бадай, упершыню не ведаючы, як гаварыць з дачкою.— Васіль... ну, твой бацька... просіць прыйсці...
Юля аж сцепанулася, быццам ад уколу, стрэльнула маладым, але пранізлівым позіркам. Пасля зірнула на ссутуленага айчыма — запытальна i недаўменна.
— Схадзіце,— не падымаючы вачэй i на падчарыцу, сказаў той.
— Вы — што? — ужо апамяталася i абурылася Юля.— Я? Да яго? Ніколі!
— Ён зусім хворы,— не Жэня, а айчым пачаў гаварыць з Юляю.— Ды не чужы табе чалавек.
— А хто ён мне? — рэзка запытала тая.
— Бацька.
— Не! — амаль крыкнула Юля.— Ён мне не бацька! Чуж-чужаніца! I яшчэ горш — здраднік, вораг...— Выпаліла з гневам, a калі ўбачыла, што айчым разгубіўся, a маці, перажываючы былое i сённяшняе, плача, супакоілася i пачала нібы апраўдвацца, нібы разважаць.— Мама, ну чаго мы пойдзем? Ён падмануў цябе, пацешыўся, растаптаў тваё каханне... Ён не адрокся ад мяне, ён больш — знявечыў маю душу... Я магу цяпер забыць, што мяне доўга, аж пакуль не прыйшоў да нас дзядзя Косця, называлі байстручкай, кожны мог пакрыўдзіць, я не магу нават забыць, як гэтая занямонка цябе аднойчы абражала ў магазіне... Але я век буду помніць той дзень, калі я з партфелікам, у формачцы з белым каўнерыкам i белымі манжэцікамі, з прыгожымі банцікамі і, галоўнае, радая, шчаслівая, што i я чалавек, вучаніца, вярталася ў першы дзень вучобы са школы, іду, а ён нясецца на матацыкле насустрач. Убачыў — нацягнуў брыль на мызу i не збочыў, a наўмысна наехаў на лужыну i абліў мяне з ног да галавы граззю... Я малая тады была, многага яшчэ не разумела, хоць добра ўжо ведала: іменна ён — мой бацька. Стаю тады i свету з-за жальбы, слёз не бачу: ну, за што так здзеквацца? За тое, што я ёсць, жыву, не даю яму спакою?
Юля выказала свой даўні боль у запале, а яны, старэйшыя, моўчкі яе выслухалі, а можа, нават абое i не ведалі, што цяпер сказаць ёй. Косця зацяўся, а Жэня заплакала ўжо наўзрыд: толькі вось цяпер яна ўведала, чаго гэтак галасіла Юля, калі прыйшла тады дадому брудная. Слоўка тады не прамовіла, што ў гэты светлы для яе дзень так зняважыў яе бацька. Пасля гэтага захварэла, здаецца, з тыдзень не падымалася з пасцелі.
— Дзядзя Косця,— ужо ціха прамовіла Юля.— Вы, толькі вы — ужо мой бацька. Толькі вас я павінна называць татам. I я пачну называць вас так, калі вы дазволіце...