Бесплатная библиотека
Читайте книгу на сайте или телефоне
Кліч роднага звона - Читать Любимую Русскую Полную Книгу 👉 Read-E-Book.com

Кліч роднага звона

Электронная книга - «Кліч роднага звона». Краткое содержание книги:

Чытач трымае ў руках кнігу вядомага празаіка, лаўрэата Дзяржаўнай прэміі Рэспублікі Беларусь Генрыха Далідовіча: тут i раман «Кліч роднага звона» — пра першыя самастойныя крокі, узвышэнне Навагародка як горада, княства i цэнтра будучай дзяржавы ў далёкім XIII стагоддзі, i новыя апавяданні з цыкла «Жар кахання», i развагі сталага ўжо творцы пра жыццё i літаратуру. Як i ранейшыя, новыя творы пісьменніка вызначаюцца навізной, заглыбленым псіхалагізмам, яркасцю мастацкіх карцін i сакавітай беларускай мовай.
1 ... 141 142 143 144 145 146 147 148 149 ... 187
Перейти на страницу:

— Чаго нам ісці? — усхвалявана запытала Жэня.— Мы...

— Ён хоча з вамі пагаварыць...

— Пра што?

Рая, падняўшы галаву i ўбачыўшы яе вочы, аж разгубілася: канечне, усім чуйным жаночым сэрцам адчула яе ажылую пакуту.

— Усё ж ён — Юлін бацька...

— Ну й што? — ціха прамовіла Жэня.— У яго даўно ўжо сваё, a ў нас — сваё... Сама ж бачыш: я не замінала i не замінаю вам жыць. Ці мне было лёгка, ці мне было цяжка, што нават часамі хацелася налажыць на сябе рукі, а цярпела. Высільвалася дзеля Юлі. Ну, а пазней, калі мае сцежкі сышліся з Косцевымі, убачыла свет i шчасце. Павер, цяпер нават радая, што тады Васіль адрокся ад мяне: я яго любіла, а ён мяне — не. Настояла б мая радня ўзяць мяне замуж — ён бы зусім зненавідзеў...

— Памрэ ён, Жэня...— усхліпнула Рая, непрыгожа зморшчылася, расцягнуўшы сіняватыя вусны, першы раз за іхняе знаёмства называла яе імя спакойна i цёпла.

Чалавечае сэрца — не камень. Як не захлынаецца ад болю, крыўды, але не можа цалкам ачарсцвець, счужыніцца i да крыўдзіцеля, умее калі не зусім дароўваць, то наладжваецца на спагаду. Хацела ці не хацела Жэня, але зараз адчула: гэтае пачутае страшнае слова «памрэ», а заадно i тое, што да яе першая прыйшла суперніца i назвала па імені, расчуліла яе сэрца, змякчыла душу. Васіль, Васіль... Сам сябе зводзіць са свету з-за сваёй распусты ці ўсёдаравальнасці самому сабе, вельмі рана пакідае жонку ўдавою, а дзяцей — сіротамі...

— Дык што мне сказаць яму, Жэня? — запытала Рая, усё па-ранейшаму зняможана тулячыся да вушака.

— Не ведаю,— шчыра прызналася яна.— Пагавару з Косцем, з Юляю...

— Скажу табе як на споведзі,— разгаварылася Рая.— Спачатку, як ён папрасіў паклікаць вас, я аж слязамі залілася. Бачыш, жыве з адной, а пра другую думае! Але перагарэла, адумалася. Дык цяпер скажу ўжо спакойна: ты не прапала, а я шчасця вялікага не набыла... А ён... Гарэў, кідаўся, мусіць, не ведаючы, што ён i для чаго робіць, ад чаго ўцякае i што даганяе... А цяпер самы няшчасны з нас усіх...

Не таілася, паплакала. Жэня маўчала, пазірала перад сабою на стол, на кніжачку з квітанцыямі i ручку, а па яе шчоках самі па сабе плылі спачувальныя слёзы.

— Прыходзьце,— сказала на адыход Рая.— Няхай выгаварыцца, вас паслухае. Можа, усім лягчэй стане. I найперш — Юлі... Ёй жа ў свет, у людзі хутка ісці, дык трэба, каб яна мела ў душы не цяжар, не зло...

2

Жэня забрала з дзіцячага садзіка сваіх меншых дзяцей i накіравалася дадому.

Сёння пяцігадовая Верка пайшла не з ёю, а пабегла разам з суседкай-сяброўкай, а трохгадовы Юрык шлэпаў побач, узяўшыся за руку, i без супынку шчабятаў. Яна слухала, штосьці нават адказвала, але думкі яе былі пра іншае. Яна нават сама добра не адчувала, пра што ёй хочацца думаць: ці то ўспамінаць сваю маладосць, Васіля, які прыйшоў з войска i, высокі, стройны ў вайсковай форме i фуражцы, прыгожы, смелы, адразу паланіў яе, ці то шкадаваць Васіля сённяшняга, хворага i нямоглага. Гэтая няяснасць была ад таго, што не хацела вяртацца ва ўспамінах у той час, калі была маладая, закаханая, верыла кожнаму Васілёваму слову i гэтак неабачліва кінулася ў агонь свайго кахання, як i намагалася шмат не браць да галавы пра Васілёву хваробу. Урэшце хто ён ёй? Чужы чалавек. Нават больш чым чужы — падманшчык i крыўдзіцель. А тое, што цяпер ён у бядзе, дык навіна тут малая: не да аднаго яго такі жорсткі лёс. Ды ёсць каму яго шкадаваць, плакаць па ім. Аднак набыць душэўны спакой Жэня не магла: развярэдзілася не толькі яе старая рана, але i душа...

Узрушаная i разгубленая, быццам як сама не свая, яна рупліва ўхаджвалася па гаспадарцы, пыніла звычайную, нават надакучлівую, але патрэбную жаночую работу ў хаце, як ніколі дагэтуль клапатліва, ласкава сустрэла старэйшую дачку са школы, а мужа — з работы.

Як ні намагалася, але не магла загаварыць з Юляй пра тое, што пачула ад Раі. Пра гэтую размову расказала мужу. Пасля вячэры ў гаражы, кал i ён пры святле падвешанай да столі яркай электрычнай лямпачкі корпаўся ў маторы «Жыгулёў».

Косця — на гадоў дзесяць старэйшы, у чорным рабочым халаце i ў кепачцы, што прыкрывала яго лысіну,— выслухаў яе моўчкі. Праўда, калі ўсхвалявана гаварыла, ён не пазіраў у вочы, нібы спакойна, а на самай справе, мусіць, узрушана цёр-цёр анучкаю замасленыя рукі, моршчыў высокі лоб i моцна сцінаў таўставатыя, на першы погляд трошкі непрывабныя, але што ні ёсць звычайныя мужчынскія вусны — здавалася, ці то не ведаў, што знянацку адказаць, ці то, як i кожны муж, калі не прыраўноўваў, дык адчуў балючае шчымленне, што яго жонка спачувае свайму былому каханку. Ён чалавек з нялёгкім лесам (яго першая жонка i дзеці загінулі ў аўтамабільнай катастрофе), стрыманы ў пачуццях, нават нібы нелюдзімы, але мяккі i спагадлівы, шчыра i моцна трымаецца за іхнюю сям'ю, дык цяпер, можа, чагосьці i збаяўся. Можа, i таго, каб раптам не парушылася тое, чаго ён дабіўся ўжо ў сталыя гады, пасля вялікай трагедыі ў сваім жыцці.

1 ... 141 142 143 144 145 146 147 148 149 ... 187
Перейти на страницу:
0
Сюжет
  • 1
  • 2
  • 3
  • 4
  • 5
  • 6
  • 7
  • 8
  • 9
  • 10
0
Атмосфера
  • 1
  • 2
  • 3
  • 4
  • 5
  • 6
  • 7
  • 8
  • 9
  • 10
0
Главный герой
  • 1
  • 2
  • 3
  • 4
  • 5
  • 6
  • 7
  • 8
  • 9
  • 10
0
Общее впечатление
  • 1
  • 2
  • 3
  • 4
  • 5
  • 6
  • 7
  • 8
  • 9
  • 10
Итоговая оценка: 0.0 из 10 (голосов: 0 / История оценок)